Налiбоцкi гадаванец паедзе за мяжу

Общество

 У ландшафтным заказніку “Налібоцкі” адкрыўся першы ў краіне глушцовы гадавальнік. 

 Тут у інкубатарах будуць разводзіць глушцоў рэдкага заходнееўрапейскага падвіду. Частка вывадка пойдзе на аднаўленне мясцовай папуляцыі – штогод плануецца адпускаць у дзікую прыроду да 70 птушак, частка – на продаж як на беларускі, так і на еўрапейскі рынкі.

 

 Пагалоўе гэтай птушкі ў краіне імкліва скарачаецца, і віной таму чалавек. Па ўсёй рэспубліцы ледзь набярэцца 400 асобін гэтага падвіду. Дзякуючы гадавальніку, яго колькасць у Налібоцкай пушчы, якая цяпер ацэньваецца ў 150-180 асобін, плануюць да 2021 года нарасціць да 400 птушак і, як толькі асцярогі наконт захаванасці папуляцыі знікнуць, пачаць прадаваць за мяжу.

 

Пакуль супрацоўнікі гадавальніка робяць першыя крокі ў выратаванні знікаючага віду. З дапамогай пастак злавілі ў Налібоцкай пушчы 6 глушцоў. Дваіх з іх прыйшлося адпусціць, пазначыўшы датчыкамі: птушкі не прыжыліся, таму што, як і людзі, маюць розны характар.

Дырэктар заказніка Васіль Уладзіміравіч Гуркоў расказаў, каб злавіць аднаго глушца, спатрэбілася 100 пастак! Калі птушка трапляла ўнутр, у заказнік паступаў сігнал. Супрацоўнікі адразу ж выязджалі на месца. Але не заўсёды паспявалі. Так, адну самку падпільнавала куніца. Людзям не хапіла 20 хвілін, каб яе выратаваць.

Адлоўленыя 2 самкі і 2 самцы пакуль напалоханы зменай становішча. Ім трэба прывыкнуць да новых умоў і людзей.

З дапамогай Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсам адпрацоўваюць тэхналогію кармлення і догляду за птушкамі. Вялікую частку рацыёну глушцоў складае сасновая ігліца, якая забяспечвае ім добры імунітэт за кошт высокага ўтрымання вітаміну С. У дзікай прыродзе птушкі ядуць і кветкі, якія таксама багатыя вітамінамі. Усе “стравы” супрацоўнікі заказніка нарыхтоўваюць для сваіх “выхаванцаў” у лесе.

Чакаецца, што ў 2017 годзе дзве пары адлоўленых птушак знясуць яйкі. Інкубацыя яек будзе адбывацца ў сучасным кантактным інкубатары. У адзін апарат змяшчаюцца 60 яек, а ўсяго такіх у заказніку два. Абсталяванне, прывезенае з Англіі, імітуе цяпло глушыцы-маці. Для вывядзення птушанят спатрэбіцца 25-27 дзён. У дзікай прыродзе выжылі б толькі 40% птушанят. А ў гадавальніку, як спадзяюцца, гэта лічба будзе трымацца на адзнацы 80%.

Затым падрослых і адужэлых птушанят разам з самкай перанясуць на некаторы час у летнюю адаптацыйную вальеру ў лесе, адкуль потым адпусцяць на волю. Інтрадуцыраваць птушак у дзікую прыроду будуць па польскай методыцы, якая першапачаткова была распрацавана для рысі.

Патэнцыйнымі пакупнікамі штучна выгадаваных птушак могуць быць Польшча, Літва, Германія, Аўстрыя. Паўгадовая жывая асобіна каштуе даражэй, чым яе здабыча, – ад 1200 да 2500 еўра.

Глушцовы гадавальнік – адна з пілотных ініцыятыў праекта “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. На гэтыя мэты выдзелена 110000 еўра. Непасрэдна заказнік “Налібоцкі” ўклаў у гадавальнік 500 мільёнаў беларускіх рублёў, яшчэ каля 150 мільёнаў рублёў даў Мінлясгас.



Добавить комментарий