Райскi куточак у Сакаўшчыне

Официально

 Ажурныя металічныя весніцы, пластычныя садовыя скульптуры, да дробязяў прадуманае дэкаратыўнае аздабленне двара з валуноў і тратуарнай пліткі, штучныя вадаёмы з высакароднымі лілеямі, стромкія зялёныя туі… Міма гэтай прыгожай сядзібы мы не змаглі прайсці абыякавымі, бо такіх, як гэта, знойдзецца ў раёне адзінкі.

Адразу бачна, што каштуе гэта, хоць і рукатворная прыгажосць, нятанна. Спачатку падумалі, што такое добраўпарадкаванне можа дазволіць сабе чалавек, які паспяхова займаецца бізнесам і мае стабільныя даходы. Але нашы прагнозы наконт заможнасці гэтых людзей не спраўдзіліся. Паддаўшыся неадольнай магіі прыгажосці, мы не змаглі не зазірнуць у госці да Людмілы Бурак. Нашы новыя знаёмыя аказаліся па сваім сацыяльным статусе простымі людзьмі. Але жаданне жыць у эстэтычным асяроддзі ў іх вельмі вялікае. Амаль усе грошы тут мэтанакіравана ахвяруюцца ў імя добраўпарадкавання. Абодва гаспадары ўжо на пенсіі. Муж, праўда, яшчэ працуе. Вельмі дарэчы прыходзіцца ім і пасільная фінансавая дапамога, якую перыядычна аказваюць іх дзве замужнія дачкі – Валянціна і Юлія.

Буракі жывуць у Мінску. 10 гадоў таму яны купілі стары дом у Сакаўшчыне і пачалі яго генеральную рэканструкцыю. Ад ранейшага стану будыніны некранутым засталося хіба толькі месца размяшчэння. Усё тут перапланавана пад сучасныя стандарты архітэктуры і камфорту. Агульныя выдаткі на добраўпарадкаванне жылога дома проста зашкальваюць, хаця сям’і гэта далося нялёгка. Будавалі кватэру ў Мінску, вывучылі дачок, справілі ім вяселлі, а потым дапамагалі гадаваць унукаў.

Аляксандр Іванавіч нарадзіўся ў нашым Багданаўскім сельсавеце. Людміла Аляксандраўна родам з Акцябрскага раёна з вёскі Парэчча, што на Гомельшчыне. З гадамі іх, ужо сталых мінчан, неадольна пацягнула бліжэй да зямлі, да звыклага з дзяцінства ладу жыцця. Доўга шукалі падыходзячы варыянт жылога дома пад дачу. І нарэшце спынілі свой выбар на сядзібе ў Сакаўшчыне. Зацішнае месца, непадалёк сасновы бор.

Энтузіястам аднаўлення сядзібы выступіла Людміла. Яна ўсё сваё прафесійнае жыццё прысвяціла сферы будаўніцтва. У апошні час працавала брыгадзірам тынкоўшчыкаў на адным з прадпрыемстваў сталіцы. Але калі заняліся рэканструкцыяй сакаўшчынскага жылога дома, то ўсё роўна прыйшлося наймаць спецыялістаў. Праўда, не ўсе з іх мелі залатыя рукі і добры спрыт. У выніку некаторыя работы педантычная ва ўсім Людміла потым перарабляла, церпячы не толькі маральныя, але і матэрыяльныя расходы. Але затое якасць зробленага цяпер бездакорная. Акуратнасць і добры густ “чытаюцца” не толькі ўнутры жылога дома. Уся прасторная тэрыторыя вакол будынка таксама аж зіхаціць. Любяць, разумеюць і цэняць тут прыгажосць!

Калі мы прапанавалі Людміле Аляксандраўне сфатаграфавацца ва ўтульным дворыку, то жанчына папрасіла хвіліну-другую пачакаць, пакуль яна пераапранецца па-святочнаму. Неўзабаве наша субяседніца выйшла ў прыгожай пышнай шаўковай сукенцы і туфлях-лодачках на высокім абцасе-шпільцы. Унучкі Софія і Дарына таксама прыхарашыліся.

Потым з вялікім задавальненнем мы знаёміліся з прыгожай сядзібай, дзе ўсё радавала вока. Па прапанове гаспадыні спусціліся нават і ў падвал, які размешчаны на цокальным паверсе дыхтоўнага гаража для аўто. Але і падвал нас прыемна ўразіў: тут, здавалася, нават клубні бульбы былі складзены ў пэўным парадку ярусамі-радочкамі. На паліцах, дзе стаяла кансерваваная агародніна, віселі яркія шторкі, адсекі для захоўвання агародніны былі аздоблены моднымі цяпер круглякамі-спіламі розных парод дрэў. Гаспадыня падзялілася сваімі планамі: збіраецца сцяну падвала дэкарыраваць ярка-жоўтымі драўлянымі сотамі, дзе ў кожнай ячэйцы будзе захоўвацца хатняе вінаграднае віно, вырабам якога яна збіраецца заняцца.

Прасторная тэраса дома аздоблена мноствам жывых кветак у белых кашпо – камфортная зона летняга адпачынку для членаў сям’і і частых шматлікіх гасцей. Сёлета задумалі пабудаваць і мансарду. Ад гэтага архітэктурны від жылога дома толькі выйграе. Цешыць вока і акуратны прасторны двор. Зялёнай густой сцяной тут красуюцца пірамідальныя шматлікія туі. Дзякуючы такой пасадцы ўтварылася высокая жывая агароджа. Тут любіць сям’я ў выхадныя дні адпачыць за смажаннем шашлыкоў. Туі размешчаны ў прадуманым эстэтычным парадку па ўсёй сядзібе. Амаль штогод папаўняецца гэты дэндрапарк. На ўчастку нямала куставых раслін. А ўздоўж сцежак з тратуарнай пліткі пасаджаны шматлікія кусцікі лаванды, сцежкі аздабляюць шматгадовыя зялёна-белыя хосты і іншыя экзоты. Бліжэй да дому пышнай квеценню раскінуліся шыкоўныя кусты ружаў. Ёсць тут рэдкі гатунак: пераможца фларыстычнага конкурсу ў Бадэн-Бадэне. Адны толькі гаспадары ведаюць, колькі сродкаў пайшло, каб купіць гэту прыродную прыгажосць на сваю сядзібу. “Лішніх” грошай у гэтай сям’і ніколі не было. Наадварот, гаспадары неаднойчы цярпелі розныя непрыемнасці. Кватэру ў Мінску не раз наведвалі зладзеі, але дэфіцыт фінансаў не стаў стрымліваючым фактарам для задумы Буракоў стварыць на сваёй сакаўшчынскай сядзібе сапраўдную ідылію. Невыпадкова сюды летам так ірвецца душа з перапоўненага людзьмі, душнага Мінска. А яшчэ пачуццё прыгажосці, відаць, у генах гаспадыні. У сям’і Л. А. Бурак многія мелі мастацкія здольнасці. Асабліва вызначыўся талентам мастака брат. Маці славіцца не толькі ў сваім раёне як здольная вышывальшчыца і самабытная мастачка. Гэтыя навыкі ў спадчыну перадаліся і Людміле.

У адказ на нашы бясконцыя кампліменты наконт бездакорнага стану сядзібы Людміла Аляксандраўна штораз сціпла зазначала, што адна яна зрабіць тут нічога не змагла б, калі б не шчырая падтрымка і дапамога з боку працавітага мужа.

Шмат сіл і сродкаў аддала сям’я гэтаму дому. Некалі ён быў чужы, а цяпер стаў вельмі родным і блізкім. Сюды з Мінска і ў выхадныя, і ў час водпуску хочацца ляцець, як на крылах. У гэтым доме невыпадкова любіць бываць і чалавек, які ведае, што такое сапраўдная прыгажосць – гэта іх сваяк, саліст Масканцэрта, наш знакаміты зямляк Валянцін Сухадолец.

Тут адпачываеш душой, яднаешся з прыродай, набіраешся прыемных эмоцый і душэўных сіл. Такі эфект міжволі адчулі і мы, выпадкова завітаўшы на гэту сядзібу.

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий