Усебеларускі сход з’яўляецца рэальна дзеючым механізмам народаўладдзя. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на адкрыцці пятага Усебеларускага народнага сходу.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выступіў з дакладам у час Усебеларускага народнага сходу, які праходзіў у Мінску 22-23 чэрвеня.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, галоўная мэта форуму — абмеркаваць актуальныя пытанні жыцця грамадства, разгледзець на агульнарэспубліканскім узроўні праблемы рэгіянальнага маштабу, прыйсці да кансалідаванага меркавання адносна вырашэння стратэгічных задач і планаў развіцця эканомікі на новы пяцігадовы перыяд. «Людзі розных узростаў, пакаленняў і прафесій — вы прадстаўляеце насельніцтва ўсёй нашай краіны, усіх рэгіёнаў нашай Радзімы. Вам аказаны не толькі найвышэйшы давер грамадзян, але і ўскладзена велізарная адказнасць. Разам мы павінны прыняць рашэнне па самых важных пытаннях развіцця беларускай дзяржавы і нашага грамадства», — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму.
Кіраўнік дзяржавы ў сваёй прамове адзначыў вынікі і перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на сучасным этапе, абазначыў праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння. У выступленні была тэма аб знешняй палітыцы Беларусі, выбудоўванні ўзаемавыгадных партнёрскіх адносін з рознымі краінамі і інтэграцыйнымі аб’яднаннямі з акцэнтам на гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.
«Права чалавека і грамадзяніна на ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы з’яўляецца неад’емным патрабаваннем часу. Актыўнасць, з якой жыхары краіны ўключыліся ў падрыхтоўку і правядзенне сходаў у працоўных калектывах, па месцы вучобы, службы, жыхарства, яшчэ раз даказала, што наш сход — рэальна дзеючы механізм народаўладдзя», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Дэвіз «Разам — за моцную і працвітаючую Беларусь» сімвалізуе пераемнасць і згуртаванасць грамадства на карысць Радзімы. Мы цэнім грамадскую думку, пажаданні і плённыя ідэі, якія накіраваны на паступальнае развіццё рэспублікі ў эканамічным, сацыяльным і культурным планах. Беларусы хочуць захаваць мір і спакой у краіне, настроены на стваральную работу ў імя сваёй будучыні і будучыні падрастаючага пакалення.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Усебеларускі народны сход па праву з’яўляецца адной з важнейшых форм прамой дэмакратыі і грамадскім інстытутам сучаснай Беларусі, які апраўдаў сябе. «Адкрытая і сумленная размова з людзьмі стала нормай жыцця для ўлады і ўсіх службовых асоб дзяржавы», — падкрэсліў беларускі лідар.
Праект Асноўных палажэнняў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады даволі аб’ёмны і ахоплівае разнастайныя сферы жыццядзейнасці беларускага народа. Ён накіраваны на салідарныя дзеянні дзяржавы і грамадства ў дасягненні пастаўленых мэт. У ім абгрунтаваны шляхі павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі і якасці жыцця беларускіх грамадзян, удасканалення інстытуцыянальнага асяроддзя. Распрацаваны прававыя і сацыяльна-эканамічныя механізмы рэалізацыі пастаўленых задач і прыярытэтаў, адлюстраваны буйнейшыя інвестыцыйныя праекты, плануемыя да ўкаранення ў бягучай пяцігодцы.
Больш як 250 тыс. новых рабочых месц неабходна стварыць за пяцігоддзе. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на V Усебеларускім народным сходзе.
Важнейшы інструмент не толькі самазанятасці, але і творчай рэалізацыі насельніцтва — развіццё малога і сярэдняга бізнесу, упэўнены кіраўнік дзяржавы. Пераходзячы ў бізнес, людзі змогуць забяспечваць сябе і свае сем’і, а таксама працаўладкаваць двух-трох чалавек. Сферы прыкладання намаганняў тут не абмежаваны, усё залежыць ад жаданняў і магчымасцей людзей ствараць сваю справу. Найбольш прывабнымі з’яўляюцца сфера бытавых паслуг, гандаль, індывідуальная вытворчасць.
«Разняволенне дзелавой ініцыятывы павінна стаць рухаючай сілай для аднаўлення эканамічнага росту і стварэння новых рабочых месц», — сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што работа ўрада павінна выбудоўвацца на такіх простых прынцыпах, як роўнасць усіх форм уласнасці, садзейнічанне развіццю прадпрымальніцтва і дзелавой актыўнасці, устараненне таго, што гэтаму перашкаджае. Паводле яго слоў, перш за ўсё неабходна пашыраць магчымасці для арэнды аб’ектаў дзяржуласнасці, удасканальваць падатковае адміністраванне.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў прапановы і пытанні, якія прагучалі ў выступленнях дэлегатаў.
Ён адзначыў вастрыню пытанняў крэдытавання эканомікі. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў многіх выступленнях гучала тэма патрыятызму. Шмат пытанняў узнімалася ў сферы падрыхтоўкі кадраў. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што неабходна больш удзяляць увагі стварэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў. «У гэтым напрамку зроблена нямала. Будзем і далей так працаваць. Але самае галоўнае — каб у ВНУ і іншых навучальных установах будучых спецыялістаў вучылі не ва аўдыторыях. Іх трэба вучыць непасрэдна на вытворчасці: у полі, ля станка», — сказаў Прэзідэнт.
У час Усебеларускага народнага сходу было таксама ўзнята пытанне абароны Айчыны, выхавання ў духу патрыятызму.
Герой Беларусі член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня СВК «Прагрэс-Верцялішкі» Васіль Равяка ў сваім выступленні ўзняў шэраг пытанняў у сферы развіцця сельскай гаспадаркі. Прэзідэнт даручыў разабрацца і выправіць магчымыя недахопы на заканадаўчым узроўні.
«Аналізаваліся некаторыя пытанні, якія паступаюць па гарачай лініі. Пытанняў дзясяткі. Гэтыя пытанні трэба сакратарыяту або адпаведным органам ва ўрадзе, Адміністрацыі Прэзідэнта, парламенце і міністэрствах прааналізаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.