Багаты на экспанаты

Официально

Чым даўжэй захоў ваецца віно, тым даражэйшым становіцца, – факт добра вядомы ўсім. Пра тое ж, што звычайная побытавая рэч з гадамі таксама можа ўзрастаць у каштоўнасці, ведаюць хіба што гісторыкі, краязнаўцы, антыквары, ды падсвядома адчуваюць людзі, якія даражаць нават той маёмасцю, якой не карыстаюцца….І ўспомніць беражлівага продка добрым словам малады нашчадак: дзякуй табе, дзядуля, што не выкінуў ці не здаў у камісіёнку крымпленавы касцюм і відэамагнітафон “ВМ-12”.

Сто гадоў таму ў кожнай сялянскай хаце нашай мясцовасці адно з ганаровых месцаў у шафе ці ў куфры займаў бурнос – даўгаполая, з шырокімі рукавамі вопратка, якая шылася з саматканага валенага сукна. Белыя дзявочыя і жаночыя бурносы аздабляліся рознымі нашыўкамі, аблямоўваліся чорным аксамітам, шоўкавым чорным ці рудым шнурком, які пяцелькамі лажыўся па падоле, па нізу рукавоў, каля каўнерыка. Ліф, а часам і іншыя дэталі, упрыгожваліся нашыўкамі. Мужчынскі бурнос звычайна адрозніваўся больш аскетычным выглядам, быў цёмнага колеру і часта меў такую практычную дэталь, як башлык. Верхняя світка свойскай работы вызначалася амаль жалезнай нягнуткасцю, адпаведна такой жа вагой, але выдатна ахоўвала ад непагадзі ў выглядзе розных ападкаў і моцных парываў ветру.

Цяпер жа не кожны краязнаўчы музей можа пахваліцца тым, што сярод яго экспанатаў захоўваецца той папулярны сялянскі строй. Упершыню пабачыць бурнос мне давялося ў музеі Яршэвіцкай сярэдняй школы, калісьці яго насіла дзяўчына з вёскі Капусціна з цудоўным імем Еўдакія, прабабуля настаўніка матэматыкі і фізікі гэтай школы У. У. Унучака. Убор прыцягвае ўвагу сваёй эстэтыкай, вытрыманай у нацыянальным стылі, выразным сілуэтам, які акрэслены ўзорамі з тасьмы. Умелі нашы продкі вырабляць дабротнае сукно! За сваё амаль векавое жыццё той бурнос не страціў колеру, не паддаўся дэфармацыі і выглядаў, бы новы, каб не “карункі”, што дзе-нідзе ўтварыла моль.

Хутчэй за ўсё ў тыя часы не было швейных машын, якія б маглі прастрачыць тоўстае сукно, і кравец шыў бурнос уручную. Але нават сучаснае верхняе адзенне не заўсёды можа пахваліцца такім роўным, акуратным шыўком. Крой жа наогул унікальны, як у сапраўднага куцюр’е – без вытачак, з мяккай лініяй пляча і арыгінальнай стыкоўкай рукава і проймы.

Пранікаешся гонарам за беларускую сялянку, калі бачыш сярод экспанатаў кужэльныя сарочкі-вышыванкі. Колькі ж трэба было папрацаваць на звычайную кашулю жаночым рукам! Вясной пасеяць лён, летам яго палоць, у восень ірваць, пасля мяць, трапаць, вычэсваць. У зімку пры лучыне, пад шэпт верацяна прасці з кудзелі бясконцую нітку… Затым ткаць палотны, выбельваць іх на росах і сонцы. Скроіць, сшыць і ўпрыгожыць чырванаколернай вышыўкай. Здаецца, аднаго гэтага занятку хапіла б, каб стаміцца, а нашы прабабулі яшчэ паспявалі жаць жыта, пячы хлеб і пры гэтым былі альбо цяжарныя, альбо кармілі грудное немаўля… Таму кашуль на сям’ю патрабавалася шмат, і не нейкіх там мехападобных балахонаў, а дэталёва складаных фасонаў з каўняром, бейкамі, манжэтамі.

У школьным музеі саматканую сарочку можна пашчупаць, разгледзець да драбніц і пераканацца – не менш варты захаплення вырабы нашых прабабак, чым рытуальныя храмы індзейцаў майя ці каменныя балваны з вострава Пасхі. Прынамсі, тыя замежныя артэфакты цэлыя плямёны стваралі не адно дзесяцігоддзе…

Яршэвіцкія настаўнікі і школьнікі сабралі шмат даўнейшых прылад працы, рознага хатняга начыння, посуду. Настаўніца англійскай мовы Іна Іванаўна Роман, краязнавец па натуры, як адну з каштоўнейшых знаходак вызначае рухомую сноўніцу, якой няма нават у Івянецкім музеі традыцыйнай культуры.

Пабываўшы ў экспазіцыйнай зале, можна зразумець, чаму людзей прыцягваюць падобныя выставы – яны карысныя як у пазнавальным ракурсе, так і ў нейкай містычнай прывабнасці. Здаецца, што ўсе прадметы тут – адушаўлёныя, столькі ў іх назапашана цяпла працавітых рук!

Але бадай што самым уражальным прадметам даўнейшага побыту, што захоўваецца ў школе, з’яўляецца вялізазнае карыта, у такіх калісьці пры дапамозе прыстасавання, званага “кулакі”, валялі сукно ў гарачай вадзе. Гэты рарытэт амаль трохсотгадовага ўзросту адшукаў у Івана Антонавіча Гарастовіча з хутара Вайцяхова за Пятрылавічамі Уладзімір Уладзіміравіч Унучак. Ён і ўгаварыў гаспадара перадаць унікальны прадмет у музей. Шкада толькі, што гэты драўляны “мастадонт” з-за сваіх памераў не памясціўся пад дахам і выкарыстоўваецца зараз як гіганцкі кветнік.

Карыта зроблена з цэльнага ствала, таксама суцэльная і накрыўка. Гэта ж якія сосны раслі ў лясах! Аказваецца, большасць з нас не бачылі гэта меднастволае дрэва ва ўсёй красе і моцы. Яршэвіцкія старажылы, у прыватнасці Яніна Браніславаўна Кізімчук, сцвярджаюць, што калісьці ў іх мясцовасці было шмат магутных соснаў, дубоў, якія і тры чалавекі не заўсёды маглі абхапіць. Немцы падчас акупацыі ахвотна вывозілі іх у Германію. А пасля вайны, калі пачалі аднаўляць Мінск, рэшткі дрэў-волатаў былі ссечаны для будоўлі. Не толькі насельніцтва Беларусі, але і нашы лясы не ўзнавіліся да гэтых дзён…

Зараз, калі распрацоўваюцца турыстычныя маршруты, варта было б і невялічкім краязнаўчым музеям гучна заявіць пра сябе. Думаю, што знойдуцца людзі, якія на ўласныя вочы захочуць пабачыць і бурнос, і сноўніцу, захочуць прыкласці далонь да струпаватай паверхні карыта. І можа аднаму шчасліўчыку яно раскажа, як аднойчы, тысячу вёснаў назад, абудзілася сасновае зярнятка і праклала сабе шлях у вечнасць…

 Фота Сяргея БОБРЫКА.

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий