РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

 Фінскі харвестэр “Сампа” і трактар “МТЗ-1221” з маніпулятарам Валожынскага лясгаса з 1 сакавіка па 3 чэрвеня былі “прапісаны” ў Старадарожскім лясгасе.

Аператары Анатоль Найдзён і Ігар Іода, якія працавалі вахтавым метадам на харвестэры, а таксама аператары-трактарысты Уладзімір Рамановіч і Міхаіл Мышлён, што шчыравалі на вывазцы леса, дапамагалі ў ліквідацыі паследкаў лютаўскага ўрагану. На ўборцы ветравальна-снегаломных насаджэнняў яны нарыхтавалі 5 тысяч 476 метраў кубічных драўніны. У маі ім на дапамогу была адпраўлена брыгада рабочых з Каменскага лясніцтва, якая нарыхтавала 656 кубічных метраў драўніны. Такім чынам, даведзенае планавае заданне ў 6 тысяч кубаметраў валожынцы перакрылі. І ў дадатак адпрацавалі яшчэ 5 дзён, аказваючы дапамогу непасрэдна сваім калегам са Старых Дарог. 22 чэрвеня аператары “Сампа”, а 25 чэрвеня аператары “МТЗ-1221” прыбылі на дапамогу ў Любанскі лясгас.

 

 Агульнавядомая фраза класіка, што тэатр пачынаецца з вешалкі. У такім выпадку нашы кватэры ў большасці пачынаюцца з пад’езда. Быў час, калі жыльцы спаборнічалі між сабой, робячы рамонты ў пад’ездах і ўпрыгожваючы іх, надаючы дамашнюю ўтульнасць. У райцэнтры нават ладзіліся конкурсы на лепшы пад’езд.

Але энтузіязм рана ці позна заканчваецца. Ды і эканамічны крызіс аказаў не лепшую паслугу. Карацей кажучы, пад’езды сталі прыходзіць у заняпад. А з 2015 года рамонт пад’ездаў у многакватэрных жылых дамах работнікі РУП “Валожынскі жылкамунгас” аказваюць на платнай аснове. Бясплатна рамантуюць толькі тыя пад’езды, якія пацярпелі ад працякання дахаў. Зразумела, такое рашэнне нікога не ўзрадавала. І хаця праводзяцца сходы, на якіх уладальнікам кватэр прапануюць зрабіць касметычны рамонт, мала хто на гэта пагаджаецца. Між тым, адзінкавыя прыклады ўжо ёсць.

У гэтыя дні работнікі камунгаса працуюць у трэцім пад’ездзе дома № 12 па вуліцы Гагарына. За грошы жыльцоў пабеляць столь, пафарбуюць водаэмульсіёнкай сцены, пафарбуюць дзверы. За бягучы год зрабілі рамонт за кошт жыльцоў у трох пад’ездах дома № 27 па вуліцы Чапаева. У другім пад’ездзе дома № 9 па вуліцы Партызанскай пасля працёку даху пабялілі сцены. Бясплатна прывядуць у парадак уваходны тамбур. А вось пафарбаваць сцены жыльцы рашылі самастойна. Уласнымі сіламі адрамантавалі свой пад’езд № 6 жыхары дома № 22 па вуліцы Міру.

 

 Шмат гадоў у Беларусі вядзецца сапраўдная барацьба з такой раслінай, як баршчавік Сасноўскага. Асноўныя ачагі яго рассялення ў нашым раёне – вёскі Галімцы, Суднікі і Макасічы Івянецкага сельсавета і Пялікшты Ракаўскага, а таксама сам аграгарадок Ракаў.

На барацьбу са шкоднай раслінай з раённага бюджэту выдзелена ў гэтым годзе 100 мільёнаў рублёў, якія асвоены ў поўным аб’ёме ў маі-чэрвені. Ужо не першы год дапамагае знішчаць расліну-шкоднік хімічнымі метадамі індывідуальны прадпрымальнік С. С. Латыпаў. На тэрыторыях, апрацаваных хімічнымі прэпаратамі, баршчавік Сасноўскага не расце тры гады. У тых месцах, дзе не дастаюць прэпараты, даводзіцца касіць расліну. Сёлета апрацоўвалі хімпрэпаратамі тыя ўчасткі, на якія не хапіла грошай у 2015 годзе.

 

 За летнія месяцы ў летніках з дзённым знаходжаннем, якія арганізаваны на базе школ, пройдуць аздараўленне 840 хлопчыкаў і дзяўчынак. А ўсяго за дні летніх канікулаў запланавана аздаравіць у лагерах з дзённым і кругласутачным знаходжаннем 1435 школьнікаў. Большасць з 16-і школьных лагераў ужо завяршылі сваю работу.

З 20 чэрвеня працуе лагер у Сівіцкай базавай школе, з 4 ліпеня адкрыецца ў Дорскай, а з 18 ліпеня – у Суднікаўскай. У апошняй школе адначасова будзе дзейнічаць і лагер працы і адпачынку. На базе Чэхаўшчынскай школы-інтэрната ў лагеры “Дружба” адпачываюць 10 дзяцей-інвалідаў і 15 здаровых дзяцей. Такі вопыт практыкуецца ўпершыню. Скарацілася колькасць груп, якія выязджаюць на аздараўленне за мяжу. З 26 чэрвеня па 18 ліпеня ў нямецкім горадзе Бішофсхайм адпачываюць 10 вучняў Багданаўскай СШ.

 

 З 23 па 26 чэрвеня ў Акцябрскім раёне на Гомельшчыне праходзіў IХ Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. У ім прымаў удзел дзіцячы калектыў “Вяночак” з Ракава.

1 ліпеня на беразе Заходняй Бярэзіны ў зоне адпачынку Жоўты Бераг пройдуць раённыя спаборніцтвы санітарных дружын.



Добавить комментарий