Фізкультура і спорт

Спорт

У рамках абласной спартакіяды па месцы жыхарства сярод дзяцей і падлеткаў у Маладзечне прайшлі занальныя спаборніцтвы па стрытболе. Каманда юнакоў нашага раёна 2001-2002 гадоў нараджэння заняла першае месца і выйшла ў фінал. Завяршальны этап спаборніцтваў пройдзе 25-26 чэрвеня ў Дзяржынску.

 

 У адкрытым турніры па рускіх шашках сярод мужчын, прысвечаным памяці настаўніка Суднікаўскай СШ Мікалая Саўкіна, прынялі ўдзел 14 аматараў гэтай старажытнай гульні. Першае і трэцяе месцы занялі госці са Стоўбцаў Казімір Лаўрыновіч і Іван Астапенка. На другую прыступку віртуальнага п’едэстала гонару ўзняўся сын настаўніка Андрэй Саўкін, які цяпер пражывае ў Мінску.

 

На стадыёне Сельгастэхнікі прайшлі спаборніцтвы па пляжным валейболе, у якіх удзельнічалі па восем школьных каманд юнакоў і дзяўчат 2003-2005 гадоў нараджэння. Чэмпіёнамі сталі прадстаўнікі сярэдняй школы № 2 райцэнтра: Кацярына Чэрнік і Вікторыя Макоўская, Сяргей Садоўскі і Максім Гевель.

 

 У гарадскім пасёлку Івянец адбыўся турнір па міні-футболе сярод мужчынскіх каманд, у якім прынялі ўдзел 6 каманд. Адразу тры каманды выставілі гаспадары турніру: ветэранаў, студэнтаў і школьнікаў. Таксама прыехалі футбалісты з Ракава, Сакаўшчыны і Рочавічаў Стаўбцоўскага раёна. Калі верыць сцвярджэнню, што дома і сцены дапамагаюць, то івянчанам дапамагла сама родная зямля, бо футбольны турнір праходзіў на адкрытай пляцоўцы ля касцёла. Мацнейшай была каманда ветэранаў. Другое месца заваявала каманда студэнтаў, трэцяе – школьнікаў. Пераможцы ўзнагароджаны грашовымі прызамі, прызёры – граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

 

Асацыяцыя Беларускай федэрацыі футбола правяла ў Ашмянах рэспубліканскі турнір сярод школьнікаў. На поле выйшлі 10 каманд: па дзве каманды прадстаўлялі Ашмяны, “Спартак-Каляга” Смалявічы, “Белкарт” Гродна, таксама свае каманды выставілі Смаргонь, Вілейка, пасёлак Бараўляны (Мінскі раён) і Валожын. Нашы юныя футбалісты сталі лепшымі ў сваёй падгрупе. У каманды “Спартак-Каляга”-1 выйгралі з лікам 4:1, Смаргоні – 3:0, “Белкарт”-2 – 2:1. У фінале яны сустрэліся са сваімі равеснікамі з камандай “Белкарт”-2. Выйгралі матч па пенальці з лікам 2:0.

 

 8-9 чэрвеня ў Маладзечне адбыліся занальныя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па футболе на прызы клуба “Скураны мяч”. Абыграўшы сваіх равеснікаў з Мядзеля, Маладзечна і Вілейкі, нашы футбалісты 2006 года нараджэння выйшлі ў фінал спаборніцтваў. Капітан каманды, якая прадстаўляе цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна, – гімназіст Ягор Казлоў.

 

Аднак на шляху нашых юных футбалістаў не толькі перамогі. Здараюцца і непрыемныя пройгрышы. Але і прайграваць можна з гонарам. Такія імгненні таксама загартоўваюць “сапраўдных мужчын”. У Маладзечне на Рэспубліканскім турніры па футболе каманда хлопчыкаў 2006 года нараджэння заняла толькі 4-е месца. На гэты раз сапернікі ў іх былі няпростыя, у большасці – выхаванцы спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх школ алімпійскага рэзерву з Маладзечна, Магілёва, “БЕЛАЗа” (Жодзіна) і прыватнай школы па футболе “Фіера” (Мінск). У іх ёсць добрая спартыўная база для трэніровак, а не толькі голы энтузіязм. Валожынцы набралі роўную колькасць ачкоў з маладзечанцамі, аднак уступілі суседзям па розніцы забітых і прапушчаных мячоў. У выніку засталіся па-за п’едэсталам гонару. Пра моцны састаў нашай каманды і добрую гульню сведчыць тое, што лепшым іграком турніру названы Ягор Казлоў, а варатаром – Іван Жукоўскі.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий