Мiр для iх – паняцце святое…

Культура

 Паняцце “мір” успрымаецца прадстаўнікамі франтавога пакалення зусім інакш, чым разумеем яго мы. Перад Днём незалежнасці мы папрасілі ветэранаў падзяліцца ўспамінамі і развагамі з малодшымі пакаленнямі.

Леанід Аляксандравіч ІВАНЬКОЎ, Івянец:

– Члены партызанскай брыгады імя Калініна атрымалі заданне суправадзіць за лінію фронту маладых мабілізаваных салдат і 600 яўрэяў, якім пашчасціла ўратавацца ад смерці. Калі ў прыцемках прабіраліся каля нямецкіх дазорных вышак з кулямётчыкамі, нехта выпадкова зачапіў нагой расцягнуты над самай зямлёй сігнальны дрот. Фашысты адкрылі агонь. Партызан выратавала баявая вывучка, страцілі сваіх нямнога.

Узброеным Сілам я аддаў 25 гадоў, 6 месяцаў і 22 дні. Спачатку прайшоў курсы падрыўнікоў, стаў займацца дыверсіямі. У 1943 годзе перайшоў на службу ў войскі НКУС, быў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў аперацыі “Баграціён”. Не закончылася для мяне вайна і пасля Вялікай Перамогі: у складзе войскаў КДБ з 1945-га змагаўся з узброеным падполлем у Літве. Там і трымаў найбольш цяжкія, небяспечныя баі. Так доўжылася 10 гадоў, пакуль не трапіў пад скарачэнне. Працягнуў службу ў войсках Сярэднеазіяцкай пагранічнай акругі – спачатку памочнікам, а потым і начальнікам заставы.

Я нярэдка аддаюся ўспамінам. Не забыць, якой цаной даставалася свабода…

 

Вацлаў Адамавіч МЯНЦЮК, вёска Янушкавічы:

– На вайне я стаў інвалідам. Нікому не пажадаю перажыць падобнага… Служыў у 38-м палку. Калі пераможным крокам ішлі праз тэрыторыю Польшчы на Нямеччыну, у адным з баёў быў паранены ў галаву. Ачуняў ужо ў шпітальнай палаце. Адно вока ўрачам удалося выратаваць, другое і па сёння нічога не бачыць. Цяжкае раненне паслужыла прычынай пераводу ў нестраявую службу, а неўзабаве я адправіўся дадому. Пазней прыйшла ўзнагарода – медаль “За адвагу”…

Вярнуўшыся з вайны, мы ўзяліся аднаўляць народную гаспадарку. Працавалі не пакладаючы рук. Цяпер больш за ўсё нас, ветэранаў, хвалюе тое, што нашу моладзь пачалі абалваньваць: маўляў, не так мы ваявалі. Ваявалі мы правільна, стралялі трапна. У атакі хадзілі разам, у адной зямлянцы жылі, з аднаго катла елі і не дзяліліся па нацыянальнай прыкмеце. Сіла наша была ў згуртаванасці і шчырым сяброўстве. Дзякуючы гэтым якасцям, выстаялі і перамаглі!

 

Аляксей Іванавіч САНТАЛАЎ, Валожын:

– Самае галоўнае ў свеце – здароўе, сям’я і мір. Вайна ж усё гэта адымае. У армію мяне забралі ў 1943 годзе, адправілі на Далёкі Усход. Я стаў мінамётчыкам і служыў да 1945 года. Перад пачаткам Маньчжурскай аперацыі нас пераправілі на граніцу. Цэлы тыдзень плылі на Курыльскія астравы. Ледзь высадзіліся – і адразу ў бой… Шкада было губляць сяброў-паплечнікаў: прыняўшы “хрышчэнне агнём”, мы сталі нібыта адной вялікай сям’ёй… Пасля нас перакінулі на Камчатку, там праслужыў яшчэ 5 гадоў. Праўда, вайна дала мне і прафесію, калі можна так сказаць. Атрыманы вадзіцельскі вопыт прыгадзіўся ў мірны час, гэта прафесія дапамагла мне стаць на ногі, пабудаваць сям’ю, выгадаваць дзяцей, папесціць унукаў і праўнукаў…

…Выдатна памятаю, як пасля Перамогі наступіла незвычайная цішыня. Мы, ужо звыклыя да бамбёжак, выбухаў і стрэлаў, так доўга чакалі яе! Людзі не маюць права забываць урокі гісторыі. Я маладым заўсёды жадаю любіць і шанаваць Радзіму.

 

Андрэй Іванавіч СНЯЖКО, вёска Кашчэлічы:

– Выпала служыць у польскіх пяхотных войсках. За ўвесь час, пакуль доўжылася франтавая служба, ні разу не быў паранены. Тэрмін службы скончыўся не ў памятны пераможны дзень, давялося яшчэ папрацаваць на патрэбы арміі. Быў прыстаўлены ў дапамогу вайсковаму повару.

З кожным годам з намі ветэранаў становіцца ўсё менш. А разам адыходзіць і жывая памяць пра ваеннае пекла. Здаецца, яшчэ нядаўна сустракаліся з сябрамі-ветэранамі, смеючыся, падлічвалі новыя маршчыны, “падораныя” часам. Сёння сам ужо не магу падняцца з ложка, не кажучы пра тое, каб паехаць на свята… Закрыю, бывае, вочы, і тут жа ажываюць твары тых, хто навек застаўся на палях вайны. Кожнага памятаю! Мы і не думалі аб нейкіх матэрыяльных выгодах. Тады, напэўна, было ўсё ж больш патрыятызму і самаадданасці. Мы проста любілі Радзіму – самае высокае і святое, што ёсць у чалавека. Маладому пакаленню жадаю таго ж. Толькі без вайны…

Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий