Мы пацікавіліся ў маленькіх жыхароў райцэнтра: што б яны зрабілі ў сваім горадзе, калі б мелі магчымасць пераўвасобіцца ў архітэктараў-чараўнікоў?

Молодежный курьер

Кіра ШЫЛА, 8 гадоў:

– Падарунак павінен радаваць жыхароў усіх узростаў. Значыць, гэта будзе аквапарк. Можна яшчэ пабудаваць парк атракцыёнаў з амерыканскімі горкамі і колам агляду. У горадзе абавязкова трэба адкрыць “Макдоналдс”. Гэта мара ўсіх дзяцей. Паверце, ён стане самым папулярным месцам!

Жэня ШАЎЛЮК, 10 гадоў:

– Я адкрыў бы “Валожынскі парк Чэлюскінцаў” альбо “Дыснэйлэнд”. Тады дзецям і дарослым будзе дзе адпачываць разам. У парках абавязкова павінны прадавацца салодкая вата, папкорн, ліманад з бурбалкамі і дзясяткі гатункаў разважнога марожанага. Можна адкрыць і цір для дзяцей. Таксама трэба наладзіць пракат скейтбордаў і ролікаў, зрабіць спецыяльную пляцоўку, дзе можна адточваць сваё майстэрства, выконваць разнастайныя трукі на скейце.

 

Каця і Насця МЯЦЕЛІЦА, 8 і 10 гадоў:

– Нам не хапае дзіцячых пляцовак. Пажадана, каб яны былі не толькі з арэлямі і пясочніцамі, але і з іншым цікавым абсталяваннем. Напрыклад, з вялікімі-вялікімі горкамі, якія закручваюцца спіраллю, каруселямі, паласой перашкод. Мы б яшчэ пабудавалі канатную дарогу. Садзішся ў вагончык фунікулёра і за пяць хвілін ты з аднаго канца горада прыязджаеш у іншы! Заадно паглядзіш на дамы з вышыні птушынага палёту. Можна яшчэ купіць некалькі паветраных шароў і летам катаць на іх турыстаў.

 

Маша ЖАМОЗДЗІК, 9 гадоў:

– У нашым двары ёсць арэлі, караблік, горка, пясочніца. Аднак цэлы дзень там гуляцца надакучыць. Таму для дзяцей трэба пабудаваць “ДынаПарк”, як у Мінску. Гэта так здорава: убачыць фігуры дыназаўраў у рэальную велічыню! Побач з рэптыліямі можна горкі размясціць і іншыя атракцыёны. Устанавіць дзіцячыя ігравыя аўтаматы. Аднак можна абысціся і звычайным заапаркам з ільвамі і тыграмі.

 

Данііл МЫСЛІВЕЦ, 13 гадоў:

– Нашаму Валожыну патрэбна добрая веласіпедная дарожка, а то няма дзе пакатацца. Па аўтадарогах дазваляецца ездзіць толькі з 14 гадоў. Пабудаваў бы таксама спартыўны комплекс. У ім абавязкова павінен быць аквапарк, тэнісны корт, лядовая пляцоўка, боўлінг, більярд.

 

Валерыя СВАНІДЗЭ, 10 гадоў:

– Падарыла б гораду больш зеляніны, развесіла на балкончыках вазоны з кветкамі, перад уваходамі ў пад’езды і крамы паставіла б кадкі з дэкаратыўнымі дрэўцамі. Я нарадзілася ў Батумі, але ўжо шмат гадоў наша сям’я жыве ў Валожыне. Батумі вельмі ўтульны горад. У яго я б і запазычыла для райцэнтра некаторыя элементы. Напрыклад, размясціла на вуліцах маленькія фантаны. Замест платоў пасадзіла кусты, якія можна прыгожа стрыгчы, і яны ператворацца ў жывую агароджу. Добра, каб марожанае прадавалася не ў крамах, а ў спецыяльных цялежках пад парасонамі на вуліцах.

Гутарыла Алена ПАШКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий