Пра што марылi – збылося!

Молодежный курьер

 Алег Аляксандравіч і Наталля Зянонаўна БОБРЫКІ з Валожына зарэгістравалі шлюб у чэрвені 2000 года і сталі першай сямейнай парай Валожына, якую ўшанавалі на Свяце горада.

Па словах мужа і жонкі, усё, пра што марылі, збылося: у іх моцная, дружная сям’я, у якой падрастаюць два прадаўжальнікі роду.

Алег Аляксандравіч – мясцовы, таму адчувае сябе як рыба ў вадзе. За паўтара дзясятка гадоў, пачынаючы першым сакратаром райкама БРСМ, ён трывала ўвайшоў у кіраўніцкі корпус раёна: узначальваў аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама, райспажыўтаварыства, а зараз з’яўляецца дырэктарам ААТ “Валожынскі льнокамбінат”. Бацькі Наталлі Зянонаўны – прыезджыя: бацька з Гродзенскай вобласці, а маці з самага крайняга куточка Віцебшчыны, пасёлка Асвея. На Валожыншчыне яны асталяваліся ў 1971 годзе, прыжыліся, заслужылі павагу і надзейна пускаюць свае карані. Наталля Зянонаўна працуе вядучым бухгалтарам у прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Валожынскім раёне, а яе брат узначальвае аддзяленне Белаграпрамбанка ў Валожыне.

Наталля Зянонаўна – адзіная ў іх сям’і жанчына, але сваім становішчам задаволена: кажа, што з мужчынамі намнога прасцей. Нягледзячы на тое, што старэйшаму Уладзіславу 15 гадоў, а малодшы Вячаслаў пойдзе толькі ў трэці клас, паміж дарослымі і дзецьмі існуе раўнапраўе – усё вырашаецца на сямейным савеце. Бацькі лічаць, што да меркавання сыноў таксама трэба прыслухоўвацца, таму сябе называюць не кансерватыўнымі, а ў меру дэмакратычнымі. Яны задаволены тым, што жывуць у невялікім горадзе, дзе ёсць час спыніцца, азірнуцца і задумацца. Тут усе і ўсё навідавоку, цябе добра ведаюць не толькі суседзі, але і многія ў горадзе. А словы прывітання гучаць амаль на кожным кроку. З часам, адляцеўшы з роднага гнязда, дзеці змогуць адчуць, наколькі многа гэта часцінка Радзімы значыць у жыцці.

Сям’я Бобрыкаў жадае роднаму гораду працвітання, каб штогод павялічвалася колькасць яго жыхароў, больш маладых пар спраўлялі вяселлі, мелі магчымасць пабудаваць сваё жыллё і адчуць сябе сям’ёй.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота з сямейнага архіва Бобрыкаў



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *