Добрай традыцыяй падчас святкавання Дня горада з’яўляецца ўшанаванне самага юнага і самага сталага жыхароў Валожына

Общество

Добрай традыцыяй падчас святкавання Дня горада з’яўляецца ўшанаванне самага юнага і самага сталага жыхароў Валожына. Гэту ганаровую місію выканала начальнік аддзела ЗАГС Тамара Уладзіміраўна ЯНЫШ. Самага паважанага ўзросту – амаль 97 гадоў – дасягнуў жыхар райцэнтра Майсей Давідавіч Віткін. Шаноўны ветэран па стане здароўя сам не змог прыбыць на свята, падарунак яму перадасць дачка Вольга Майсееўна КОСІК – таксама спадчынны педагог, якая ўзрасціла не адно пакаленне ўдзячных вучняў.

Самы ж маленькі валожынец нарадзіўся 1 ліпеня бягучага года ў сям’і Андрэя Міхайлавіча і Вольгі Аляксандраўны ЛІШТВАНАЎ. Павел – другое іх дзіця. Старэйшая дачушка Палінка, якой ідзе пяты годзік, прымала віншаванні на сцэне разам з татам і хутка адрасуе іх любімым маме і браціку.

Сёлетняя ўрачыстасць стала добрай падставай, каб павіншаваць на сцэне і маладую сямейную пару. Тыдзень, як пачалося сумеснае жыццё маладажонаў Дзмітрыя і Наталлі Гарбачэўскіх. І каб яно было доўгім і салодкім, зала з задавальненнем праскандзіравала традыцыйнае: “Горка!”

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий