РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru 

У бягучым годзе выстаўлены на продаж 46 неэксплуатуемых будынкаў, якія належаць райспажыўтаварыству. Гэта магазіны, сталовыя, склады, пераважна ў сельскай мясцовасці.

Новыя гаспадары не спяшаюцца набываць пустуючыя памяшканні. За першае паўгоддзе прададзены толькі будынкі магазіна № 136 у вёсцы Баравікі Івянецкага сельсавета і магазіна № 58 у вёсцы Узбалаць Валожынскага сельсавета. Апошні будынак пераводзіцца ў жылы фонд.

 

З 5 ліпеня ў салоне “Міласэрнасць” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пачала выдавацца гуманітарная дапамога, якая паступіла ад Хрысціянскага Саюза маладых людзей нямецкага горада Оберхаўзэна. Дастаўлены 5 тон гуманітарнай дапамогі. У першую чаргу яна прадастаўляецца шматдзетным, няпоўным, апякунскім сем’ям, інвалідам і ўвогуле людзям, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях.

У наяўнасці – 25 інвалідных калясак, 12 хадункоў на колах, якія будуць выдавацца на бязвыплатнай аснове. Дапамогу атрымалі ўжо больш за 10 мнагадзетных сем’яў.

 

Днямі ў дзіцячай бібліятэцы райцэнтра прайшло адкрыццё выставы “Міцкевіч як хлеб”. Сцены бібліятэкі ўпрыгожылі 14 стэндаў на польскай мове, перададзеныя ў дарунак грамадскай арганізацыі “Польска Мацеж Школьна” факультэтам філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Яны адлюстроўваюць жыццёвы і творчы шлях Адама Міцкевіча, змяшчаюць урыўкі з яго твораў і ілюстрацыі да іх. Выстава будзе працаваць да канца школьных канікулаў.

У той дзень у бібліятэцы сабраліся школьнікі горада, якія вывучаюць польскую мову факультатыўна ў СШ № 1 райцэнтра і ў гуртку “Юны паланіст” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, бібліятэчныя работнікі і дарослыя, якія цікавяцца творчасцю вядомага паэта. Дарэчы, мову суседняй краіны вывучаюць больш за 250 хлопчыкаў і дзяўчынак у 8-мі школах раёна.

Адкрыла выставу старшыня раённай арганізацыі “Польска Мацеж Школьна” А. А. Макарэвіч. Ля партрэта класіка польскай паэзіі чыталі паэтычныя творы на мове арыгінала дыпламанты раённага, абласнога і рэспубліканскага конкурсаў дэкламатараў Насця Сафонава, Дар’я Барахоўская, Насця Шайтар, Дар’я Малянковіч, Ліза Рэут.

 

290 мільёнаў рублёў з мясцовага бюджэту выдаткаваны сёлета на рамонт аб’ектаў культуры, 120 мільёнаў – для рамонту дзіцячых школ мастацтваў раёна. Работы вядуцца гаспадарчым спосабам, асноўная іх частка прыпадае на летнія месяцы.

Цалкам прыведзены ў парадак вонкава і ўнутры Дубінскі сельскі клуб: будынак пафарбаваны, у рабочых пакоях і кабінетах пераклеены шпалеры. Сваёй чаргі цяпер чакае дом-музей мясцовага побыту ў гэтай вёсцы. Там неўзабаве прыступяць да добраўпарадкавання тэрыторыі. Завершаны малярныя работы ў Бабровіцкім культурна-спартыўным цэнтры. Там запланаваны таксама рамонт каналізацыі і водаправодных сетак. На другім паверсе будынка, дзе месціцца народнае аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца”, будуць заменены вокны і дзверы, пакладзены лінолеум. У РБУ заказана новая агароджа для тэрыторыі. Рамонтных работ чакае раённы краязнаўчы музей. Запланавана афарбоўка фасада Падбярэзскага СДК. Закуплены 6 кантэйнераў для збору цвёрдых бытавых адходаў, заказаны надворныя туалеты.

 

Кінатэатр “Юнацтва” райцэнтра крочыць у нагу з часам. Тут створаны ўсе ўмовы для сусветных прэм’ер. 14 ліпеня па ўсім свеце пачынаецца дэманстрацыя мастацкага фільма “Ледніковы перыяд. Сутыкненне непазбежна”. Кінатэатр чакае прыхільнікаў гэтай стужкі.

30 чэрвеня ў нашым горадзе таксама стартавала сусветная прэм’ера стужкі “Тарзан. Легенда”, якую адначасова глядзелі аматары кіно ва ўсім свеце.

 

Фінальныя спаборніцтвы на прызы спартыўнага прэзідэнцкага клуба “Скураны мяч” прайшлі ў Дзяржынску. 5 каманд былі падзелены на дзве падгрупы.

Нашы юныя футбалісты (2006 года нараджэння і маладзейшыя) змагаліся з камандай гаспадароў поля і прайгралі па пенальці з лікам 2:3. У барацьбе за трэцяе месца з лікам 4:1 яны перайгралі сваіх равеснікаў з Салігорска. Лепшым іграком нашай каманды прызнаны вучань 4 “А” класа гімназіі № 1 Даніла Жудрык.



Добавить комментарий