У закрытым склепе

Общество

Будаўніцтва склепа аказалася нервовай справай. Мала таго, што наёмныя рабочыя трапіліся няўмелыя, дык яны яшчэ наравіліся красці цэмент, цэглу, каб мяняць на гарэлку. Даводзілася сачыць за хітрунамі, падчас працэсу ўказваць сяды-тады на яўнае парушэнне тэхналогіі ці разыходжанне з праектам. Будаўнікі разоў колькі парываліся кінуць работу, але нейкім чынам заказ усё ж такі выканалі, атрымалі грошы і на развітанне кінулі: “Калі спатрэбіцца яшчэ што-небудзь зрабіць, то да нас больш не звяртайся, пашукай іншых дурняў!”.

Адамкнуўшы англійскі замок, мужчына насцеж адчыніў цяжкія дзверы і, трымаючы наперавес кошык, пачаў асцярожна спускацца па сходках у халодную глыб. І тут раптоўна завыў вецер, дзверы, паддаўшыся моцнаму парыву, грымнулі і зачыніліся.

– Як жа гэта я забыў іх падперці! Хоць бы замок не спрацаваў ад удару, а то не выберуся… – падумаў чалавек і шпарка кінуўся ўгору па лесвіцы.

Ды нездарма кажуць, што пасля закону аб зямным прыцяжэнні самы распаўсюджаны – “закон подласці”. Дзверы не адчыняліся. Намаганні выбіць іх закончыліся безвынікова. Мужчына сеў на прыступках, абхапіў галаву рукамі і… заплакаў.

Апошні раз ён плакаў у дзяцінстве, калі суседскія хлапчукі білі яго па твары, па голых руках і нагах крапівой. На здзек ён згадзіўся дабравольна – хацеў даказаць, што моцны, што цярплівы. Выпрабаванне перанёс і спадзяваўся, што назаўтра прачнецца героем, але дзеці ў двары толькі пасмяяліся над ім і па-ранейшаму не бралі ў сваю кампанію.

“Не перажывай, сынок, – супакойвала яго маці. – Ты ж у мяне такі разумненькі, такі паслухмяны, а яны хуліганы. І хіба што талковае з іх вырасце?”

Ён заўсёды вызначаўся паслухмянасцю і ўменнем жыць па правілах. Варта было настаўніцы на першым уроку паказаць, як трэба сядзець за партай, ён тут жа прыняў адпаведную позу і не змяняў ёй ніколі. Аднакласнікі спрабавалі шчыпацца, даваць кухталёў, потым перасталі звяртаць на яго ўвагу. Так ужо ў сямігадовым узросце ён пераканаўся: побач жывуць недасканалыя людзі і, самае жахлівае, што яны не хочуць выпраўляцца, а той, хто вядзе сябе бездакорна, робіцца аб’ектам злых насмешак. Дзяўчаты, канечне, больш дысцыплінаваныя, але і яны не дасягалі планкі той ідэальнасці, якую ён для сябе вызначыў. Напрыклад, толькі ён адзін з усяго класа пасля выканання дамашняга пісьмовага задання абавязкова выходзіў менавіта на дзесяціхвілінную прагулку. Гадзінніка не меў, таму браў з сабой вялізны мамін будзільнік. У двары звычайна круціліся хлапчукі, якіх ён старанна абыходзіў бокам, бо вельмі баяўся, што гарэзы, наўмысна або не, папсуюць каштоўную рэч.

Анахарэтам заставаўся і ў пару юнацтва. Равеснікі бадзяліся да раніцы, а ён у дзесяць гадзін заўсёды быў у ложку, бо вычытаў у часопісе “Здароўе”, што самы карысны сон да поўначы. Часам, праўда, марыў, як выратуе ад хуліганаў сціплую прыгажуню, і яна пакахае яго, дасць згоду выйсці замуж, а пасля з ахвотай і захапленнем будзе вучыцца ў яго жыць правільна.

“Ну, заплачуць усе дзеўкі, як будзеш жаніцца! – любіла паўтараць маці. – Не п’еш, не курыш. Умееш гатаваць. Золата некаму дастанецца, а не муж!”

Толькі фартуна чамусьці спрыяла не яму, а тым, хто зусім не быў падрыхтаваны да сямейнага жыцця. Пасля трыццаці ён, праўда, ажаніўся, але няўдала. Жонка пастаянна блытала днушкі: на той, што прызначалася для сырога мяса, шынкавала капусту, а на рыбнай рэзала хлеб, глядзела серыялы і лузгала семачкі. Яе сын ад першага мужа адмаўляўся рабіць ранішнюю гімнастыку, піў “Фанту” замест малака і ўсюды пакідаў крошкі ад чыпсаў. Спробы запусціць сямейны ўклад у правільным накірунку пацярпелі поўнае фіяска, развяліся па ўзаемнай згодзе, цяпер нават не вітаюцца, калі выпадкова сустракаюцца ў горадзе.

Так што няма на ўсім свеце блізкага чалавека, які б заўважыў яго адсутнасць, забіў па гэтай прычыне трывогу, саслужыўцы ж хопяцца яго хіба што праз месяц, калі водпуск скончыцца…

Ды і з прафесіяй таксама выйшла не так, як хацелася. Ён марыў стаць ваенным: вось дзе трэба ўмець падпарадкоўвацца загадам! Ды падвяло здароўе. Скончыў Навапольскі сельгастэхнікум, і ўжо пятнаццаць гадоў, як адказвае за самы нудны ўчастак, які толькі існуе ў бухгалтэрыі – “малацэнку”.

Вырас, пасталеў, але так і застаўся “хлопчыкам для біцця”. У яго тэрмас з карысным журавінавым морсам калегі падліваюць піва, на 23 лютага дораць попельніцы, хоць ведаюць, што ён вядзе здаровы лад жыцця, на мабільны дасылаюць непрыстойныя карцінкі. І трэба цярпець, як тады ў дзяцінстве, калі хлапчукі лупілі яго крапівой.

– Чаму вакол мяне  дрэнныя людзі? За што пакутую, і навошта такі дзікі канец – у склепе? – разважаў ён, як раптам адчуў нейкі рух.

Мужчына зірнуў у кут і ўбачыў вялізнага пацука. Агідны грызун пазіраў бясстрашна, нават нахабна. Гаспадар склепа працягнуў руку ўбок, нашчупаў лапату і рэзка кінуў яе ў непрыемную істоту. Пацук, здаецца, толькі зрабіў выгляд, што напалохаўся. Высокімі, павольнымі скачкамі перабраўся бліжэй да чалавека, злосна бліснуў вачыма, пасля ўчапіўся за нейкія выступы на сцяне і знік пад сярэдняй паліцай, недалёка дзвярнога праёму.

“Так, значыць дзіркі ўсё ж такі ў кладцы ёсць!” – падумаў зняволены і дрыжачымі рукамі пачаў шукаць патаемны лаз. Праз некаторы час пальцы трапілі ў сыпучае, досыць мяккае месца. Пры дапамозе лапаты выбіў цагліну з хліпкай кладкі, пасля яшчэ адну і яшчэ…

Прыйшоўшы дадому, мужчына памыўся, напіўся гарачага чаю з лімонам, адкрыў арганайзер і напісаў: “Панядзелак. Падаць іскавую заяву ў суд на будаўнікоў і купіць пастку на пацука…”

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий