За права называцца лепшай

Официально

змагаліся пяць каманд сандружын 

Раённыя спаборніцтвы санітарных дружын праводзяцца штогод. Сёлета ў іх прынялі ўдзел толькі пяць каманд: ААТ “Агра-Дубінское”, СП “Івкон” ААТ, Валожынскі філіял ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, ААТ “Валожынскі льнокамбінат” і ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”.

Галоўным суддзёй спаборніцтваў быў загадчык раённай паліклінікі Павел Ганчар. А ў судзейскую брыгаду ўваходзілі прадстаўнікі райбальніцы і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Каардынатарам і арганізатарам спаборніцтваў стаў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Дзейсную дапамогу аказала раённае Таварыства Чырвонага Крыжа.

Спаборніцтвы праходзілі ў пяць этапаў, падчас якіх удзельнікі павінны былі прадэманстраваць тэарэтычныя веды і практычныя навыкі ў аказанні першай медыцынскай дапамогі, пагрузцы паражоных на транспарт, рабоце ў ачагах камбінаванага і хімічнага паражэння, інфекцыйнага захворвання. Строгія патрабаванні былі таксама да аснашчэння каманд. З першых этапаў лідарства захапіла згуртаваная і добра падрыхтаваная каманда Валожынскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” на чале з камандзірам Софіяй Мацюшка. Да фіналу спаборніцтваў гэта каманда прыйшла ўсяго з 6 штрафнымі ачкамі. Каманда-пераможца выдзялялася не толькі добрай падрыхтоўкай, але і новай прыгожай формай. Відавочна, на прадпрыемстве сур’ёзна падышлі да спаборніцтваў.

У рамках спаборніцтваў па традыцыі праводзіліся конкурсы насценных газет і мастацкай самадзейнасці. Лепшай была прызнана сценгазета льнокамбіната, а самым лепшым нумарам мастацкай самадзейнасці – песня ў выкананні каманды масласырзавода, што прынесла ім дадатковыя балы ў залікоўку.

Другое месца заняла сандружына СП “Івкон” ААТ (камандзір Н. Нядвецкая), трэцяе – ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”. Яе камандзір Дзмітрый Жукоўскі быў адзначаны спецыяльным дыпломам. Акрамя дыпломаў каманды, якія ўвайшлі ў тройку лепшых, узнагароджаны грашовымі прэміямі і пераходнымі кубкамі ад Таварыства Чырвонага Крыжа.

У той спякотны ліпеньскі дзень вельмі дарэчы былі мінеральная вада “Банаква” (разышліся больш за 70 бутэлек) і чай з шыпшыны, падрыхтаваныя ў рамках аперацыі “Спякота”, што праводзіў у рэспубліцы Чырвоны Крыж.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий