На мінулым тыдні

Общество

Весяліліся, а пасля пабіліся

На мінулым тыдні супрацоўнікам міліцыі даводзілася двойчы выязджаць “па трывожных сігналах” у пункты грамадскага харчавання. “Падагрэтыя” спіртнымі напіткамі два наведвальнікі кафэ “Мікс-клаб” спачатку паскандалілі, а пасля ўчынілі бойку. Такі ж выпадак, толькі з удзелам чатырох “байцоў”, адбыўся і ў кафэ “ХХI стагоддзе”. На правапарушальнікаў складзены пратаколы па артыкуле “дробнае хуліганства”.

Гісторыя трагічная прычына — класічная

10 снежня ў Пугачах адбыўся пажар, у агні якога загінуў 62-гадовы мужчына. Як было ўстаноўлена, прычына трагедыі – курэнне ў ложку ў стане алкагольнага ап’янення. Як сведчаць вяскоўцы, бушуючае полымя ахапіла жылы дом літаральна за некалькі хвілін…

У прытона хватка як у пітона

На тэрыторыі Гародзькаўскага сельсавета былі зарэгістраваны адразу два выпадкі прапажы грамадзян. Спачатку ў дзяжурную часць патэлефанавала бабуля з просьбай адшукаць унука, які прыехаў да яе ў госці, але доўга не затрымаўся і раптоўна знік. Потым стала вядома пра знікненне яшчэ аднаго хлопца, маці якога пачала хвалявацца пасля таго, як сын пяты дзень не даваў аб сабе знаць. Абодва хутка былі знойдзены ў адным з прытонаў Маладзечна. Маладыя хлопцы весела і бяздумна бавілі час, перажыванні блізкіх людзей іх не хвалявалі.

Начны снайпер

На Валожынскім рынку яшчэ летам жыхар вёскі Мінці набыў за 450000 рублёў газавы пісталет. Выпрабаванне зброі прайшло ў Бяляках 10 снежня пасля застолля. Як сцямнела, мужчына выйшаў на вясковую вуліцу і пачаў страляць не цэлячыся. Выпадковай мішэнню сталі тры акны аднаго з дамоў. Ці варта гаварыць, як была напалохана стрэламі гаспадыня і яе малалетняе дзіця? Супраць “начнога снайпера” ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле “хуліганства”, яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

“Стан выдатны, для эксплуатацыі прыдатны”, —

менавіта такое заключэнне далі эксперты “нічыйнаму” матацыклу імпартнай вытворчасці, які быў знойдзены ў лясным масіве каля вёскі Пяршаі. Зараз супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанаўліваюць, на каго зарэгістраваны даны транспартны сродак. Звестак аб прапажы ці ўгоне матацыкла ў праваахоўныя органы не паступала. Цікава, што на момант знаходжання матацыкл быў старанна схаваны яловымі лапкамі. Так што ў разрад згубленых рэчаў знаходка яўна не падпадае.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтавала Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий