Лунаў над Iвянцом «глiняны звон»

Официально

У мінулыя выхадныя восьмы раз у Івянцы ладзілася абласное свята-конкурс ганчарнага майстэрства “Гліняны звон”, якое сабрала больш за 90 умельцаў не толькі з усёй Міншчыны, але і з Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, горада Мінска.

Нездарма гарадскі пасёлак быў выбраны некалі месцам правядзення абласнога свята. Спрадвеку Івянец лічыцца сталіцай ганчарства на Міншчыне. І традыцыі гэтыя не губляюцца, а, наадварот, прымнажаюцца. Сярод шасці ганчароў, што прадстаўлялі наш раён, Уладзіміра Сасноўскага, Анатоля Высоцкага, Валерыя Лапы, Вячаслава Адамовіча, Мікалая Кузняцова вызначаліся ўласным почыркам работы маладога майстра Сяргея Качыны. У намінацыі “Дэкаратыўная лепка” ад нашага раёна прымалі ўдзел Леанарда Капуста з вучаніцай Лізаветай Балбачан.

Свята праходзіла на сядзібе Дарагунцавых, дзе цяпер размешчаны цэнтр рамёстваў Івянецкага музея традыцыйнай культуры. Тры гадзіны было адведзена майстрам для вырабу конкурсных работ. Гэта былі вазы, плакеткі, музычныя інструменты, цацкі і іншыя прадметы. Адначасова госці свята маглі пазнаёміцца з выставамі хатніх работ канкурсантаў.

Пакуль ганчары шчыравалі над сваімі вырабамі, да поту працавалі самадзейныя артысты Валожыншчыны. Канцэрт пад адкрытым небам доўжыўся амаль 6 гадзін.

Папацець давялося і журы, якое ўзначальваў старшыня ГА “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці” прафесар Яўген Міхайлавіч Сахута. Былі вызначаны пераможцы ў розных намінацыях. Адзначаліся высокі прафесіяналізм, захаванне традыцый, хуткасць, творчы дэбют і іншыя пазіцыі. Быў ушанаваны лепшы настаўнік, адзначана лепшая выстава хатніх работ. Гран-пры свята-конкурсу быў уручаны Мікалаю Пратасеню з Салігорска. Сваіх уладальнікаў знайшлі 44 каштоўныя падарункі. Некаторыя з удзельнікаў атрымалі па 2-3 падарункі.

Абпаленыя і ўвогуле даведзеныя да дасканаласці, так бы мовіць, “да кандыцыі”, работы ўдзельнікаў свята неўзабаве зоймуць сваё месца ў экспазіцыі Івянецкага музея. Яны будуць прадстаўлены ўвазе наведвальнікаў да наступнага свята.

Наталля ШТЭЙНЕР.

Фота Ігара Лявінскага



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *