Сюрпрызы ля раённай ёлкі

Официально

…У мінулы чацвер на плошчы Свабоды райцэнтра прагучалі святочныя пазыўныя, і да галоўнай ёлкі раёна выйшлі Дзед Мароз і Снягурка – вядучыя прадстаўлення-шоў, якому далі адпаведную тэматыцы мерапрыемства назву: “Калі прыходзіць Новы год”. Заблішчэлі вясёлыя вочы на кранутых марозам румяных тварыках дзятвы, усміхнуліся дарослыя гараджане ў чаканні прыемных хвілін і добрых уражанняў…

Шэсце Дзедаў Марозаў і Снягурак – а менавіта гэта дзея чакала жыхароў горада – на нашай зямлі даўно стала традыцыйным. Падзяліцца з прысутнымі выдатным настроем і падарункамі выйшлі казачныя персанажы з раённых вузлоў паштовай і электрасувязі, ДВЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас”, цэнтральнай раённай бальніцы, ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, ААТ “ПМК-188”, рамонтна-будаўнічага ўчастка “Універсалрамбуд” і РКБА. У мяшку за плячамі кожная навагодняя пара насіла, мабыць не толькі падарункі, але і ідэі шматлікіх конкурсаў, бо іх, як і салодкіх прызоў, хапіла на кожнага юнага валожынца.

Дзеці расказвалі вершы і спявалі, танцавалі, вадзілі карагоды, малявалі, спаборнічалі, хто даўжэй зможа пратрымаць ватную сняжынку ў паветры без дапамогі рук… Адным словам, і самі атрымлівалі задавальненне, і дарослых цешылі. На плошчы ў гэты дзень працавалі палаткі святочнага кірмашу, наладжанага райспажыўтаварыствам. Тут можна было і неабходнае да святочнага стала набыць, і навагоднія атрыбуты купіць, і паласавацца гарачымі стравамі: казытаў нос водар бліноў з усемагчымым начыннем, шашлыкоў, якія гатаваліся тут жа, на месцы.

Паколькі выступленні-віншаванні Дзедаў Марозаў і Снягурак былі конкурснымі, надышла пара падводзіць вынікі, называць імёны лепшых. Гэту місію выканала кампетэнтнае журы – начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы і моладзі райвыканкама В. І. Краўневіч і Г. М. Канановіч, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Н. П. Шчарбачэвіч і мастацкі кіраўнік РЦК С. А. Урбановіч.

Першае месца заняла пара, якая выступала за  ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” –  Дзмітрый Карачун і Святлана Макоўская. “Серабро” заваявала навагодняя каманда Дзмітрыя Савіцкага і Марыны Булаш з РУЭС, завяршылі спіс лепшых казачных персанажаў прадстаўнікі цэнтральнай раённай бальніцы Андрэй Пракаповіч і Кацярына Трус. Узнагародай для пераможцаў сталі прызы ад райспажыўтаварыства.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий