РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru 

У 44 сельскія населеныя пункты раёна падведзены прыродны газ, карыстаюцца ім 2 тысячы 823 абаненты.

На 1 студзеня 2016 года толькі ў Валожынскім сельсавеце прыродны газ падведзены ў 24 населеныя пункты з 85-ці. Апошні кааператыў, які рыхтуецца да здачы, – у вёсцы Узбалаць. На дадзены момант актыўныя работы па газіфікацыі вядуцца і набліжаюцца да завяршэння ў вёсцы Галімцы Івянецкага сельсавета, да жылых дамоў падводзіцца газаправод высокага ціску. Ад гэтага населенага пункта ён будзе працягнуты да вёскі Пральнікі. Пачынаецца будаўніцтва газаправода сярэдняга ціску ў вёсках Сідараўцы і Ратынцы Ракаўскага сельсавета. А самы вялікі кааператыў створаны ў вёсках Камень-Далідавічы Івянецкага сельсавета (адзін праект) – па вёсках яго агульная працягласць складае 10 кіламетраў.

 

З 11 ліпеня дырэктарам цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна прызначана Марыя Валянцінаўна КУШНІР.

М. В. Кушнір да гэтага працавала намеснікам дырэктара дадзенай установы. А ўвогуле ў калектыве з 2006 года. Скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка, Акадэмію паслядыпломнай адукацыі.

 

14 ліпеня, да сусветнай прэм’еры блокбастэра “Ледніковы перыяд. Сутыкненне непазбежна”, адкрыўся бар кафейны ў кінатэатры “Юнацтва” райцэнтра.

У холе кінатэатра за барнай стойкай цяпер будуць прадавацца поп-корн, салодкая вата, газіраваныя напоі і сокі, штучная бакалея. Графік работы бара будзе падпарадкавацца распісанню кінасеансаў.

 

У раённым краязнаўчым музеі да канца месяца працуе выстава “Прырода ў люстэрку мастацтва”, дзе дэманструюцца работы самадзейнага мастака Аляксандра Межыеўскага і маладога мастака, жыхара Валожына, Уладзіміра Сайко. У творцаў розная манера, але натхняюць кожнага менавіта родныя краявіды. 

 

З 1 ліпеня ларок, дзе прадаваліся курыныя яйкі Ракаўскай птушкафабрыкі, знік са звыклага месца на стаянцы насупраць дома № 4 па вуліцы Партызанскай у Валожыне.

Як адзначылі ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, прычапное ўстройства да аўтамабілю са спушчанымі коламі, без ніякай рэкламы не ўпрыгожвала цэнтр горада. Кіраўніцтву птушкафабрыкі было прапанавана іншае месца – па вуліцы Дзяржынскага, на месцы знесенага раней дома № 22. Аднак яно іх не задаволіла. Шукаюцца новыя варыянты.

 

IV турыстычны злёт Мінскага ўпраўлення МНС прайшоў на беразе Плешчаніцкага вадасховішча. Там быў разгорнуты палатачны гарадок. У турзлёце прымалі ўдзел 25 каманд. Каманду нашага РАНС, у якую ўваходзілі па 5 мужчын і 5 жанчын, узначальваў начальнік Дзмітрый Касоўскі.

У праграме былі спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай зброі, дартсе, паркавым валейболе, футболе, настольным тэнісе. Удзельнікі дэманстравалі кулінарныя здольнасці ў прыгатаванні юшкі. Самым складаным этапам сталі палявыя вучэнні. Адной з мэт турзлёту было згуртаванне калектыву. Многія супрацоўнікі прыбылі разам з сем’ямі, іх члены былі ў складзе каманды і ў групе падтрымкі. Нашы выратавальнікі занялі месца ў першай дзясятцы.

 

З першых дзён ліпеня ў Доме быту райцэнтра можна набыць падарункавы сертыфікат на 10, 15 і 20 рублёў. На гэту суму па жаданні кліента можна скарыстацца паслугамі цырульніка, зрабіць манікюр і педыкюр. Апошняя паслуга пачала аказвацца толькі на мінулым тыдні: педыкюр з пакрыццём пазногцяў гель-лакам і поўнай апрацоўкай пятак.

Новую паслугу ў жаночай зале цырульні аказвае кліенткам майстар Алёна Данік. Раней яна асвоіла манікюр. Паслуга карыстаецца папулярнасцю, з’явіліся пастаянныя кліенты.



Добавить комментарий