Усе дарогi вялi ў Салiгорск

Молодежный курьер

Шмат фарбаў, музыкі і моладзі – мабыць, гэтымі словамі можна коратка апісаць тое, што адбывалася ў Салігорску на абласным свяце “Беларусь маладая”, якое праводзіла ГА «БРСМ».

Адкрываў свята арт-парад, які складаўся з прадстаўнікоў усіх раёнаў Міншчыны. Кожная дэлегацыя жадала ўразіць гледачоў, таму да свайго выступлення ўсе падыходзілі творча і крэатыўна. Моладзь з Пухавіч пераапранулася ў сукенкі эпохі сярэднявечча і акампаніравала пад старажытныя музычныя інструменты. Дзяўчаты і хлопцы з Крупак выступалі ў ваеннай форме і дэманстравалі байцоўскае майстрэства і спартыўны спрыт. У якасці “фішкі” Валожынская дэлегацыя абрала нацыянальнае адзенне, а таксама парадавала публіку яскравым і запальным танцам.

Пасля арт-парада прайшоў шэраг разнастайных мерапрыемстваў. У Палацы культуры пачаўся адкрыты дыялог “Кветкі Вялікай Перамогі”, дзе адбылася размова паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў. Ветэраны вайны адказалі на пытанні, якія хвалююць сучасную моладзь, далі неабходныя парады слухачам. Нашы дэлегаты таксама не мінулі бокам магчымасці атрымаць адказы на свае пытанні.

Калі спакой удзельнікаў дыялогу абаранялі тоўстыя сцены Палаца культуры, то на цэнтральнай плошчы горада было цяжка пачуць адзін аднаго. Ад колькасці яркіх пляцовак вочы разбягаліся.

Цэнтральным аб’ектам плошчы была вялікая сцэна, на якой адбываліся галоўныя падзеі свята. Спачатку гэта быў конкурс маладых выканаўцаў песень “Моладзь і Саюзная дзяржава”. У праграму конкурсу ўваходзіла выкананне 2 песень, адна з якіх павінна была гучаць на беларускай мове. Наш раён прадстаўлялі маладыя спявачкі Аксана Квач і Алеся Падгруша. Выступленне нашых зямлячак дакладна ўразіла журы.

Пакуль члены прафесійнага журы і зацікаўленыя гледачы слухалі канкурсантаў, плошча горада ні на хвіліну не змаўкала. З усіх бакоў гучалі музыка, гутаркі і смех. Каб павялічыць цікавасць да свайго роднага краю, кожная дэлегацыя мела асобную пляцоўку, дзе рознымі спосабамі забаўляла публіку і прыцягвала ўвагу.

Шмат зацікаўленых людзей вакол валожынскай пляцоўкі сабраў малады каваль з Ракава Канстанцін Пятроўскі, пераможца абласнога конкурсу “Новыя імёны Беларусі”. Акрамя класічных кавалды і молата на нашай пляцоўцы размясцілася выстава твораў Канстанціна: рамкі для люстэрак, дэкаратыўныя ружы і шмат іншай прыгажосці. Майстар не толькі пазнаёміў публіку са сваімі творамі, але і паказаў працэс стварэння асобных прадметаў.

Іншыя раёны таксама падрыхтавалі цікавую праграму. Музычны гурт з Дзяржынска ўзнімаў настрой беларускімі і замежнымі хітамі, маленькія, як магло здацца, хлопчыкі са Смалявіцкага раёна знаёмілі ўсіх жадаючых з прыёмамі каратэ — сваю пляцоўку прадстаўнікі Смалявіч зрабілі цалкам спартыўнай. На плошчы таксама быў размешчаны рынг для рэслінгу! Увогуле, кожны мог знайсці што-небудзь для сябе: дзеці пры дапамозе каляровай крэйды малявалі “падарожжа сваёй мары”, аматары хэнд-мэйду маглі ўбачыць выставы твораў, зробленыя сваімі рукамі. А для маленькіх гледачоў было арганізавана тэатралізаванае шоу. Прагулка па “горадзе майстроў” сапраўды займала час, але ж таксама можна было назіраць і за тым, што адбывалася на сцэне.

Пасля выступлення вялікай колькасці спевакоў надышла пара харэаграфічнага конкурсу “Агонь танца – 2016”. Моладзь Міншчыны прадэманстравала свае таленты ў розных харэаграфічных жанрах. Танцоры, якія атрымалі першае месца, будуць прымаць удзел у рэспубліканскім конкурсе, а некаторыя нават змогуць выступіць на сцэне “Славянскага базара ў Віцебску”!

Калі конкурсная праграма скончылася, блізіўся час самай яскравай і каляровай часткі свята – холі-фэста! Вядомы ва ўсім свеце фестываль фарбаў у Салігорску праводзіўся ў першы раз. Уся сутнасць холі-фэсту заключаецца ў тым, што людзі купляюць рознакаляровы парашок і абсыпаюць адзін аднаго. Гэта вельмі весела і цікава.

На прыканцы свята на сцэну выйшлі лепшыя каманды КВЗ Мінчшыны, якія сваімі жартамі напаўнялі новымі сіламі гледачоў, таму што наперадзе ўсіх чакала самая энергічная частка вечара – дыскатэка. Паралельна з танцамі на цэнтральнай плошчы прайшла бітва дзіджэяў: маладыя людзі прапанавалі свае міксы на ўсім вядомыя хіты.

Увогуле, вечарам на гэтай дыскатэцы змяшалася амаль усё: людзі танцавалі, спявалі, слухалі музыку. Можа, з боку гэта і магло здавацца нечым дзіўным, але я лічу, што вось у гэтым музычным, энергічным і рознакаляровым натоўпе мы і можам убачыць тую самую сапраўдную моладзь. Свята прайшло яскрава, весела і крэатыўна, і, што самае галоўнае, паказала, чым жыве сучасная моладзь.

Ірына Петыш,

студэнтка Інстытута

журналістыкі БДУ



Добавить комментарий