РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru 

Моцны шквалісты вецер, маланкі ў першай палове ліпеня ў асобных рэгіёнах рэспублікі нанеслі непапраўную шкоду не толькі сельскагаспадарчым аб’ектам, вытворчым і жылым будынкам, аўтатранспарту, але і лесу. Пра гэта інфармавалі СМІ. Надышоў час ліквідаваць паследкі ўрагану.

Дарэчы, у нашым раёне пасля тых падзей вызначаны толькі 2 гектары суцэльных санітарных высечак у Івянецкім лясніцтве. Гэта мізэр у параўнанні з тым, як пацярпелі лясы ў іншых раёнах. З 18 ліпеня брыгада Валожынскага лясгаса адправілася на дапамогу сваім калегам у Смалявіцкі лясгас для расчысткі лясных масіваў ад буралому. Пастаўлена задача да лістапада нарыхтаваць 80 тысяч кубаметраў драўніны. Для параўнання: даведзенае нашаму лясгасу гадавое заданне па нарыхтоўцы драўніны складае крыху больш за 100 тысяч. Першыя 30 адкамандзіраваных лесанарыхтоўшчыкаў прыступілі да работы. Мяркуецца, што для выкананне задання давядзецца прыцягнуць больш людскіх рэсурсаў.

 

Усё больш заказаў паступае ў раённы камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва на рамонт бензапіл, бензакосаў і завострыванне ланцугоў.

Гэта паслуга аказалася надзвычай актуальнай, укаранілі яе зусім нядаўна. Меш чым за месяц рэальная выручка склала больш за 400 тысяч рублёў. Шмат адзінак бензатэхнікі чакаюць сваёй чаргі на рамонт, які выконваецца на вытворчай базе па вуліцы Пушкіна, 3 райцэнтра. Майстар працуе ўсяго два дні на тыдні – у аўторак і чацвер.

 

З бабром-будаўніком, напэўна, паспелі пазнаёміцца яшчэ не ўсе гараджане. Але тыя, хто яго заўважыў, аднеслі драўляную скульптуру да адной з адметнасцей Валожына. І хутка ён будзе па папулярнасці спрачацца з птушкай-сімвалам раёна. Няма адбою ад жадаючых сфатаграфавацца побач з такім зайздросным будаўніком.

Сімвалічны прыгожы бабёр з кельняй, у касцы і спецвопратцы з’явіўся напярэдадні свята горада пад казырком адміністрацыйнага будынка РБУ па вуліцы Партызанскай. Цяпер кожную раніцу ён сустракае членаў калектыву і наведвальнікаў арганізацыі. Драўляную скульптуру вышынёй больш за два метры вырабіў разьбяр па дрэве з Івянца Мікалай Задрэйка.

 

ХХII чэмпіянат вобласці “Лесаруб-2016” прайшоў на базе Слуцкага лясгаса. У ім прынялі ўдзел 20 каманд.

За каманду нашага лясгаса выступалі тры вальшчыкі лесу – Аляксей Федаровіч, Віктар Лукашык, Іван Ашмянскі, а таксама аператар харвестара Дзмітрый Паўловіч, аператар фарвардара Андрэй Кавалеўскі і вадзіцель лесавоза Сяргей Бацян. Кожны павінен быў прадэманстраваць лепшыя прафесіянальныя якасці ў выкананні практычных заданняў. Сярод 67 вальшчыкаў лепшы вынік паказаў вальшчык лесанарыхтоўчай брыгады А. Федаровіч, які трапіў у дзясятку мацнейшых. Абласному чэмпіянату папярэднічаў раённы конкурс вальшчыкаў лесу.

 

На “Славянскім базары-2016” на канцэрце “Віцебск збірае сяброў” пабывалі члены пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі апарата райвыканкама. Арганізавала выезд раённае аб’яднанне прафсаюзаў.

У канцэрце ўдзельнічалі спевакі, якія нарадзіліся ў Беларусі, — Глеб Матвяйчук, Сярога, Ірына Мядзведзева, Руслан Аляхно і інш. А на наступны дзень у Віцебск адправіліся больш за 40 членаў прафсаюзнай арганізацыі лясгаса з сем’ямі. Іх чакаў першы дзень конкурсу маладых выканаўцаў, а ў заключэнні – выступленне членаў журы. Незабыўным застанецца сам дух юбілейнага свята, наведванне Горада майстроў. Дарэчы, там дэманстравалі і прадавалі свае вырабы івянецкія ганчары.

 

У Дзяржынску адбыліся фінальныя спаборніцтвы па стрытболе сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства “Аранжавы мяч”.

На іх прыехалі 5 каманд. Ігралі тры на тры ігракі на полі на адно кальцо. Нашы юныя спартсмены выйгралі ў каманд Салігорскага, Лагойскага, Нясвіжскага раёнаў і горада Жодзіна і занялі першае месца. Трэнер каманды Л. У. Хвядчэня адзначыў лепшых ігракоў: Мікіту Жука, Уладзіслава Навіцкага і Уладзіміра Труса. Цяпер каманду чакаюць рэспубліканскія спаборніцтвы ў Гродне, дзе валожынскія гімназісты будуць абараняць гонар Міншчыны.



Добавить комментарий