Палявыя вучэннi i адпачынак

Молодежный курьер

ХIII абласны палявы лагер “Юны выратавальнік” і злёт Мінскага абласнога аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных прайшлі на беразе Плешчаніцкага вадасховішча.

Наш раён прадстаўляла каманда з дзесяці чалавек, у якую ўваходзілі 5 дзяўчат і 4 юнакі з СШ № 2 райцэнтра і былы вучань СШ № 1, а цяпер навучэнец класа МНС Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча Арцём Літвін. Чатыры дні праляцелі нібы адно імгненне, яны былі насычаны конкурсамі, спаборніцтвамі, дыскатэкай пад зоркавым небам, новымі знаёмствамі. Ды і начоўкі ў палатках таксама надавалі экзотыкі.

Паралельна працавалі тры конкурсныя пляцоўкі. Журы ацэньвала ўзровень страявой падрыхтоўкі каманд, правярала веды па аказанні першай даўрачэбнай дапамогі пацярпеўшым у надзвычайных сітуацыях. Найбольш складанымі былі палявыя вучэнні, дзе патрабаваліся не толькі добрыя веды, але і спартыўная падрыхтоўка. Здзіўлялі фантазіяй і выдумкай арганізацыя камандамі свайго быту ў лясных умовах.

Вось што прыгадала капітан нашай каманды Таццяна Ліштван: ”У злёце я ўдзельнічала трэці раз і, на жаль, у апошні. У наступным годзе не змагу паехаць з-за ўзросту. Праверыла свае веды, сустрэлася са старымі знаёмымі і набыла новых сяброў. Як «старажыл», хачу адзначыць, што кожны раз арганізатары прыдумваюць нешта новае, захапляючае. Напрыклад, сёлета ўскладнілі палявыя вучэнні. Асабліва прыгожым быў феерверк на развітанне, і быў ён крыху сумным, да слёз. Спадзяюся, што ў наступным годзе будзе магчымасць прыехаць сюды хаця б у складзе групы падтрымкі…”.

Навучэнец кадэцкага вучылішча Арцём Літвін быў у лагеры ў першы раз: “Калі мяне запрасілі ў каманду нашага раёна, пагадзіўся адразу. Чуў шмат водгукаў пра лагер. Найбольш лёгкім для мяне быў агляд строю і песні. Год трэніровак у вучылішчы не прайшоў дарма”.

І хаця прызавое месца наша каманда не заняла, больш важным быў дух адзінства, згуртаванасці, які аб’яднаў школьнікаў. Ды і станоўчыя эмоцыі застануцца ўспамінам пра летнія канікулы.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий