Зноў зляцелiся Бацяны

Культура

На хутары, што ля вёскі Доўкневічы (былая Дубова), на беразе Гальшанкі прайшоў чарговы (шосты) злёт роду Бацяноў. 

Як заўсёды, ініцыятарам правядзення гэтага мерапрыемства выступіў гаспадар агра-сядзібы “Бацян” Уладзімір Вікенцьевіч Бацян. У старым доме, які дастаўся яму ў спадчыну ад бацькі (былы панскі дом), ён штогод летняй парой праводзіць пераклічку сярод родных, сваякоў, проста носьбітаў аднаго з самых распаўсюджаных на Валожыншчыне прозвішчаў і іх аднадумцаў – людзей, якія цікавяцца вывучэннем свайго радаводу.

За год Бацяноў прыбывае – хтосьці ажаніўся, хтосьці нарадзіўся, а хтосьці проста пачуў пра незвычайны міні-фестываль і далучыўся да гэтай ідэі, каб разам вывучаць свой радавод, гісторыю роднага краю альбо паглыбіцца ў цікавы свет народнай творчасці і забаў.

На гэты раз каля паўтары сотні жадаючых сабраліся пад маладымі дубамі (дрэўцы пасаджаны на месцы знакамітых стогадовых дрэў, якія былі вынішчаны падчас вайны). Госці з розных куткоў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Германіі па даўно заведзенай традыцыі частавалі адзін аднаго фірменнымі стравамі, спаборнічалі падчас конкурсу талентаў, прымалі ўдзел у майстар-класах, гульнях, спартыўных спаборніцтвах. Адметным момантам сёлетняга збору Бацяноў стаў удзел вядомага спевака Андрэя Хлястова, які выпадкова даведаўся пра такі злёт і, як кажуць, праявіў зацікаўленасць. Артыст не толькі падарыў гаспадарам сядзібы і іх гасцям некалькі сваіх песен, але і ўзначаліў журы, якое, хоць і чыста сімвалічна, але ўсё ж ацэньвае творчасць прадстаўнікоў клану. На гэты раз сімпатыя ўдзельнікаў і прафесіяналаў была на баку Міхаіла Бацяна з Сакаўшчыны, які выконваў пад гітару ўласныя песні.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий