Просты рэцэпт прафесiяналiзму

Культура

Цётка Ганна больш паўвека адпрацавала ў спажыўкааперацыі. Даўно на пенсіі. Нязвыкла ёй цяпер наведваць сельмаг у ролі пакупніка, дзе сама столькі гадоў дысцыплінавана прастаяла за прылаўкам…

Зусім іншыя ўжо тавары на паліцах, радуе багаты асартымент прадуктаў, нават у вясковых крамах беларускую садавіну даўно пацяснілі экзатычныя заморскія фрукты. Але адносіны да пакупнікоў сталі цяпер, па меркаванні гэтай жанчыны, нейкія больш халаднавата-прагматычныя.

…Пакупнікі ў вёсцы цяпер пераважна старыя людзі, таму ім трэба “сто разоў” паказаць патрэбны тавар, усё падрабязна патлумачыць. Каму з прадаўцоў такое падабаецца?! Таму многія пажылыя людзі асцерагаюцца дакучаць прадаўцу, заўсёды падумаюць, перш чым пра нешта запытацца лішні раз у гандляркі. Цётка дзеліцца са мной сваімі перажываннямі наконт сучаснай культуры абслугоўвання і міжволі прыгадвае сваё далёкае працоўнае мінулае.

“Кожнаму чамусьці здаецца, – іранізую я ў думках, – што менавіта ў яго час было ўсё па-іншаму, і абавязкова значна лепш, чым цяпер…” І разам з тым уважліва слухаю і свядома не перабіваю сваю суразмоўніцу. А тая захоплена працягвае шчырую жыццёвую споведзь. Праз паўгадзіны я ўжо цалкам згаджаюся: у вясковым сельмагу і сапраўды культура абслугоўвання некалі была больш высокая.

Мая субяседніца, ветэранка спажыўкааперацыі, нябачна адчыніўшы дзверы бясконцых успамінаў у далёкае прафесійнае мінулае, міжволі і мяне ўцягвае ў тыя няхітрыя таямніцы гандлярскай справы.

Магазін, дзе некалі працавала цётка Ганна, быў са змешаным асартыментам тавараў: і прамысловая група, і харчовая абавязкова прысутнічала. Яна сама была і за прадаўца, і за загадчыцу, а нярэдка, і за тэхнічку. Бо любіла, каб было чыста. Крама стаяла акурат пры бойкай дарозе. Акрамя тутэйшых, сюды часта зазіралі і іншагароднія вадзіцелі. Адзін быў аж з Краснадара. Па наведвальніках нескладана было вызначыць, што яны не мясцовыя. А яшчэ і чыстая руская мова выдавала нетутэйшага пакупніка.

Цётка Ганна ў дэталях прыгадвае былое:

– Краснадарскі вадзіцель пажадаў купіць каўбасы, відаць, прагаладаўся ў дарозе. Я невыпадкова ветліва запыталася: “Можа Вам яе на кавалачкі парэзаць, каб зручней было?” Тое самае я зрабіла і прадаючы хлеб. Папрасіў ён і бляшанку мясных кансерваў. Я таксама, нягледзячы, што стаяла даволі вялікая чарга, прапанавала таму далёкаму вадзіцелю адкрыць бляшанку, каб зручней было ў дарозе. Параіла яшчэ тое-сёе з прадуктаў. Наведвальнік сельмага застаўся вельмі задаволены такім уважлівым абслугоўваннем. І на развітанне сказаў камплімент, што колькі магазінаў наведваў, а такой шчырай увагі яшчэ не сустракаў.

Наступны яе расказ быў прысвечаны абслугоўванню групы спартсменаў-школьнікаў, якія позна вярталіся дадому з райцэнтра з нейкіх спаборніцтваў. Выгляд іх быў стомлены, міжволі шкада стала дзяцей. Настаўніца з усіх падапечных вучняў хуценька сабрала грошы, каб аператыўна на агульную суму купіць дзецям нейкіх прысмакаў. Цётка Ганна, стоячы за прылаўкам, разважала так: “Дзяцей жа шмат! Ім хочацца паесці, а сума грошай невялікая”. Можна было б пакласці на вагі дарагія цукеркі, пячэнне, што стаяла на паліцах прама за яе спінай. Але яна так не зрабіла. Падыход быў чыста мацярынскі: “Дзяцей пад дваццаць, а значыць, трэба выбраць таннейшыя прадукты, каб іх было шмат, каб школьнікі маглі падсілкавацца”. Каля паўгадзіны “камбінавала” яна тую пакупку. Дзеці былі задаволены. І затым штогод на сваім шляху дадому яны спыняліся менавіта ў “сваім”, як яны казалі, магазіне. А настаўніца пастаянна выказвала падзяку прадаўцу за такую шчырую ўвагу да дзяцей.

Выходзіць і сапраўды, славуты “Знак якасці” тады быў не толькі на розных таварах, культура абслугоўвання ў той савецкі час таксама была досыць высокая. Заляжалыя тавары на прылаўках – рэдкасць. А цяпер некаторыя гандляры грашаць гэтым. Цётка Ганна ведае са свайго прафесійнага вопыту, як гэта няпроста своечасова рэалізаваць тавар. Таму цяпер, бачачы такія факты ў вясковай краме, найчасцей проста прамаўчыць. Калегаў шкада! А вось яе сын заўсёды паступае бескампрамісна. Ён урач. Калі прыязджае ў госці і пры патрэбе ідзе ў магазін за прадуктамі, то абавязкова патэлефануе ў санэпідслужбу, калі выявіць у краме заляжалы тавар. Маці ўшчувае яго за гэту прынцыповасць. Але сын усё роўна стаіць на сваім.

Цётка расказвала, як яна старалася любыя, нават вялікія страты не кампенсоўваць за кошт кашалькоў даверлівых пакупнікоў. Фасуючы ў пакет пячэнне, макарону, ніколі не дапускала, каб, калі што-небудзь упадзе на падлогу, потым хуценька падняць і кінуць назад у скрыню ці ў пакет. Нават калі сведкамі гэтаму не былі пакупнікі. Тое, што звалілася на падлогу, яна забірала дадому на корм скаціне, разлічваючыся ў касу са свайго ўласнага кашалька.

Яна была і засталася да гэтага часу педантычнай і акуратнай. На сваім рабочым месцы заўсёды знаходзілася з акуратнай прычоскай пад накрухмаленым карункавым каўпаком, у старанна выпрасаваным, чыстым спецадзенні. Яна любіла сваю прафесію ўсім сэрцам, таму і людзі шчыра паважалі “сваю магазіншчыцу” – як яе тады многія называлі.

Паслухаўшы расказ цёткі Ганны пра яе гандлярскае міну          лае, я міжволі спраецыравала яе прафесійныя, службовыя падыходы на сённяшні дзень. І згадзілася, што тады і сапраўды, відаць, усё было крыху іншым. “Больш людскім!” – як трапна гавораць некаторыя вяскоўцы. Аўтарытэт не купіш ні за якія грошы, яго трэба заслужыць!

Знакамітая руская паэтка Марына Цвятаева аднойчы трапна зазначыла: “У дыялогу з жыццём важна не яго пытанне, а наш адказ!” Пагутарыўшы з цёткай Ганнай, я стала ацэньваць культуру абслугоўвання ў нашых крамах па больш строгім рахунку. Разам з тым, я нясмела спадзяюся, што, прачытаўшы гэту заметку, некаторыя пачынаючыя прадаўцы, якія ўспрымаюць гандлёвую сферу, як сваё прызванне, на банальнае пытанне: “Як стаць сапраўдным прафесіяналам?”– знойдуць правільны адказ менавіта ў гэтым простым і павучальным жыццёвым аповедзе цёткі Ганны.

Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий