Сярод узвышшаў i лагчын знайшла гiсторыя зачын

У геамарфалагічных адносінах тэрыторыя Валожынскага раёна ўяўляе сабою складанае спалучэнне Мінскага і Ашмянскага ўзвышшаў, а таксама нізін, звязаных з далінамі Нёмана, Бярэзіны і Іслачы.

Каля 15 працэнтаў тэрыторыі месціцца на вышынях 250-300 метраў над узроўнем мора, амаль трэцяя яе частка – на ўзроўні 200-250 метраў, 36 працэнтаў – на 150-200 метраў і каля 12,5 працэнта на ўзроўні ніжэй за 150 метраў. Самая высокая адзнака (335 метраў) знаходзіцца на ўсходзе раёна – Гара Маяк, каля в. Шапавалы былога Залескага сельсавета, найніжэйшы пункт (140,3 метра) – у даліне р. Бярэзіны на мяжы Валожынскага і Іўеўскага раёнаў.

Тэрыторыя Валожынскага раёна вельмі цікавая з пункта гледжання на гляцыямарфалагічныя асаблівасці, бо тут у антрапагенавым чахле добра вылучаюцца дзве буйныя гляцыямарфалагічныя структуры: Івянецка-Мінскі вуглавы масіў і Ашмяна-Лагойска-Докшыцкі франтальны пас канцова-марэнных утварэнняў.

Івянецка-Мінскі вуглавы масіў, гісторыя ўтварэння якога цесна звязана не толькі са старажытнымі (дадняпроўскімі) зледзяненнямі, але і з асаблівасцямі субантрапагенавага рэльефу, у час буйной сожскай стадыі перадапошняга дняпроўскага зледзянення быў лёдападзельным узвышшам, з-за наяўнасці якога ледавік гэтай стадыі ў сваім паступальным руху з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход (так званы балтыйскі паток) вымушаны быў падзяліцца на дзве асобныя лопасці, якія атрымалі назву вілейскай і мінскай.

Ашмяна-Лагойска-Докшыцкі франтальны комплекс канцова-марэнных градаў уяўляе сабой досыць складаную ледавікова-акумуляцыйную структуру, тыповую для перыферыі ледавіковых языкоў.

Рэльеф тэрыторыі Валожынскага раёна, у адрозненне ад іншых, вельмі зменлівы. Найбольш выразны ён па поўнач ад г. Валожына, дзе на значнай частцы тэрыторыі, абмежаванай вёскамі Брылькі, Дубіна-Баярская, Забрэззе, Філіпіняты, шырока распаўсюджаны камава-марэнна-градавыя формы, утвораныя на працягу перадапошняга (дняпроўскага) зледзянення. Невялічкі масіў такога ж кшталту захаваўся на крайнім паўночным усходзе раёна (в. Гіравічы), дзе абсалютныя адзнакі дасягаюць 330 і болей метраў над узроўнем мора. На поўдень ад гэтага масіву пачынаецца платападобнае ўзвышша з западзінамі, якое шырокай паласой распасціраецца ад паўночна-ўсходніх межаў раёна аж да г. Валожына.

На паўночным захадзе раёна (в. Сакаўшчына, Вішнева, Багданаў) вылучаецца дробна- і сярэднеўзгорыста-градавае ўзвышша з камамі, катлавінамі і лагчынамі. На крайнім захадзе раёна, да правабярэжжа р. Альшанкі прымеркавана плоская марэнна-зандравая раўніна з неглыбокімі лагчынамі і западзінамі.

На паўднёвым усходзе (в. Суднікі, Душкава, Пярэжары) распасціраецца сярэднеўзгорыста-градавае ўзвышша, якое ў заходнім накірунку паступова пераходзіць ва ўзгорыста-хвалістую марэнную раўніну, а потым – у спадзістахвалістую водна-ледавіковую раўніну з выдмамі (дзюнамі), астанцамі марэннай раўніны з катлавінамі і лагчынамі. Яшчэ далей на захад (в. Белакорац, Баркі Нізавыя, Чартавічы, Букатова) пачынаецца плоскахвалістая азёрна-алювіяльная нізіна з фрагментамі водна-ледавіковай раўніны і выдмамі. Прыкладна па дыяганалі тэрыторыю раёна (ад Ракава на Валожын і далей на в. Сакаўшчыну) падзяляе нешырокая (да 10-15 км) паласа дробна- і сярэднеўвалістага ўзвышша з лагчынамі і ярысталагчынным расчляненнем.

Паводле вынікаў, атрыманых у ходзе навукова-даследчых работ, мэтазгодна вылучыць 18 геалагічных і геамарфалагічных аб’ектаў у якасці асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, сярод якіх прадстаўлены 4 ландшафтныя геолага-геамарфалагічныя і геамарфалагічныя заказнікі, 14 геамарфалагічных і геалагічных помнікаў прыроды. З іх 3 ландшафтныя геолага-геамарфалагічныя заказнікі, 3 геамарфалагічныя і 7 геалагічных помнікаў прыроды варта абвясціць ААПТіА рэспубліканскага значэння, астатнія 5 аб’ектаў – помнікамі прыроды мясцовага значэння.

Па матэрыялах

Інстытута геалагічных навук Беларусі

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars