Не страцiць давер

Общество

Супрацоўнікі міліцыі нядаўна падвялі вынікі паўгоддзя. У дакладзе начальніка Валожынскага РАУС, палкоўніка міліцыі І. У. Шакуна былі названы як станоўчыя моманты, так і тыя, што патрабуюць удасканалення.

Адзін з важнейшых паказчыкаў работы праваахоўных органаў – узровень даверу грамадзян. У параўнанні з мінулым годам жыхары раёна сталі больш давяраць сваёй міліцыі. Паспяхова, з адказнасцю і веданнем даручанай справы працуе начальнік ізалятара часовага ўтрымання, маёр міліцыі Д. К. Іваноўскі. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ён узнагароджаны медалём “За бездакорную службу”. Нагрудным знакам “За выдатную службу” адзначаны прафесіяналізм і дысцыплінаванасць старшага інспектара аператыўна-дзяжурнай часці, маёра міліцыі Ю. В. Жукоўскага. За дасягненне высокіх асабістых паказчыкаў у службовай дзейнасці грамату Упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама атрымаў прапаршчык міліцыі А. В. Мазанік, падзяку – лейтэнант В. Р. Цішэвіч.

Па-ранейшаму праблемай нашага грамадства застаюцца асобы, якія злоўжываюць алкаголем, а таксама тыя, хто займаецца падпольным вырабам і незаконным продажам гарэлкі. Хвалюе праваахоўнікаў і абстаноўка на дарогах: сёлета на адно ДТЗ адбылося больш, чым за аналагічны перыяд мінулага году. На асобы кантроль неабходна паставіць работу па раскрыцці крадзяжоў. Сёлета актывізаваўся такі від злачынства, як крадзеж правадоў з вышак мабільнай тэлефоннай сувязі. Сумная статыстыка назіраецца і ў Гародзьках: сёлета тут учынена 7 крадзяжоў, раскрыты толькі адзін.

Акцэнт на перспектыву вызначаны: гэта прафілактыка розных антыграмадскіх дзеянняў, асабліва ў асяроддзі тых, хто ўжо меў сутычкі з законам, а таксама сярод падлеткаў і моладзі.

Наш кар.



Добавить комментарий