Блуканне грыбнiка

Закон и порядок

На мінулым тыдні цэлы дзень вяліся пошукі грыбніка, які збіраў грыбы ў Налібоцкай пушчы.

Да аперацыі былі падключаны 30 чалавек, сярод іх – супрацоўнікі РАУС, УУС Мінаблвыканкама, члены дабравольнага пошукавага атрада “Ангел”, прадстаўнікі таварыства Чырвонага Крыжа, работнікі лясгаса. Мужчыну адшукалі толькі вечарам, у дваццаці кіламетрах ад таго месца, дзе ён прыпаркаваў свой аўтамабіль.

Як толькі лес пачынае спакушаць аматараў “ціхага” палявання, на тэлефон дзяжурнай часці паступаюць званкі з паведамленнямі аб тым, што нехта з грыбнікоў заблудзіўся. На жаль, пошукі не заўсёды заканчваюцца поспехам. Для пажылога чалавека хваляванне, пераахаладжэнне, доўгае прабыванне без ежы і вады – стрэс, які можа прывесці да сардэчнага прыступу ці абвастрэння хранічнай хваробы, не варта выключаць таксама факт агрэсіі з боку дзікіх звяроў. Прамая пагроза жыццю існуе і для іншых катэгорый грамадзян, асабліва для дзяцей.

Перад тым, як адпраўляцца ў лес, абавязкова праверце, каб ваш мабільны тэлефон быў поўнасцю зараджаны. У выпадку страты арыентацыі тэрмінова тэлефануйце па нумарах 101 ці 102 і паведамляйце, што і дзе з вамі здарылася. Потым строга прытрымлівайцеся рэкамендацый выратавальнікаў. Тэлефонныя званкі звядзіце да мінімуму для таго, каб дарэмна не траціць зарад батарэйкі, а тэлефон пераключыце ў эканомны рэжым.

Старайцеся ў адзіночку не наведваць незнаёмы лясны масіў, выбірайце для сябе які-небудзь прыкметны арыенцір: бліжэйшую аўтадарогу ці хаця б гул машын, тэлефонную вышку, населены пункт.

Гэтыя простыя правілы нельга ігнараваць нават тым, хто лічыць сябе знаўцам лесу і мае выключную зрокавую памяць. Дарэчы, мужчына, які заблудзіўся, таксама быў упэўнены, што падобная бяда з ім здарыцца не можа. Ён усё жыццё служыў у сілавых структурах, захаваў добрую фізічную форму і верыў, што няма той складанай сітуацыі, з якой бы ён не выйшаў. Вось толькі блуканне па пушчы гэту яго самаўпэўненасць трохі “падкасіла”.

Па грыбы мужчына накіраваўся зранку, а пад поўдзень перастаў выходзіць на сувязь, што і растрывожыла яго жонку. Жанчына не марудзячы паведаміла пра сваё хваляванне ў міліцыю. Добра, што ў пошукавага атрада ў запасе быў светлавы дзень. Як потым прызнаўся сам грыбнік, шансаў самастойна выйсці на ўзлесак у яго амаль не заставалася, а батарэйка ў тэлефоне, як на бяду, “села”.

У гэтай гісторыі шчаслівы канец. Але спадзяёмся, што іншыя грыбнікі пазбегнуць такіх выпрабаванняў, праявіўшы больш абачлівасці і асцярожнасці.

Ігар ШАКУН, начальнік РАУС



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *