Агляд падзей у раённай газеце за лiпень 1971 года

ЖНIВО НАБIРАЕ ТЭМПЫ

У калгасе імя Суворава першым пачаў жніво камбайнер Георгій Кадырка.

За ім уключылі ў работу свае машыны Віталь Шчарбачэвіч, Іван Іода, Мікалай Пашкоўскі і іншыя. На палеткі другой паляводчай брыгады ў першы дзень жніва выйшлі шэсць камбайнаў. Яны распачалі ўборку азімай пшаніцы “міронаўская-808”.

Без затрымкі падганяе пад загрузку зерня свой самазвал Пётр Кезік. Уборку збажыны мяркуюць правесці за 10-12 дзён. Дзякуючы добрай арганізацыі працы ў гаспадарцы ўжо ўбрана 110 гектараў азімых.

 

ЛЕПШЫЯ Ў РАЁНЕ

Падведзены вынікі сацыялістычнага спаборніцтва калгасаў, саўгасаў, прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый раёна за першае паўгоддзе 1971 года.

Лепшых паказчыкаў у спаборніцтве за павелічэнне вытворчасці і продажу льнопрадукцыі дабіўся калгас імя Чапаева (старшыня праўлення т. Ягоўдзік М. В., сакратар партарганізацыі т. Клімовіч М. Я., старшыня прафкама т. Драгун С. Г.). Тут з кожнага гектара атрымана па 9,4 цэнтнера льновалакна і па 5,5 цэнтнера льнасемя. Грашовы даход з гектара склаў 1859 рублёў.

 Лепшых вынікаў у сацыялістычным спаборніцтве за павелічэнне вытворчасці і продажу дзяржаве малака дабіўся калгас імя К. Маркса (старшыня праўлення т. Захарэвіч К. В., сакратар партарганізацыі т. Сыцько А. П., старшыня прафкама т. Жаборт А. Я.). У разліку на 100 гектараў сельгасугоддзяў у калгасе атрымана па 303,2 цэнтнера малака. Валавая вытворчасць прадукцыі вырасла на 5,3 працэнта ў параўнанні з мінулым годам.

 Лепшых вынікаў у спаборніцтве за павелічэнне вытворчасці і продажу мяса дабіўся калгас імя Чапаева. У разліку на 100 гектараў сельгасугоддзяў атрымана па 71,2 цэнтнера мяса.

 

ТРАКТАРЫСТКА СТАНIСЛАВА

Васямнаццаць гадоў водзіць Станіслава Адамаўна Мікулевіч трактар па палях калгаса “Чырвоны сцяг”.

Нялёгкая ў жанчыны работа, але яна не шкадуе ні сіл, ні часу, старанна выконвае свае абавязкі. С. А. Мікулевіч разумее, што ад таго, як механізатары будуць адносіцца да тэхнікі, у многім залежыць уздым сельскай гаспадаркі, рост дабрабыту працаўнікоў сяла. Вопытны механізатар, яна з ахвотай дзеліцца сваім майстэрствам з моладдзю. Перадавыя трактарысты калгаса Аляксандр Дзянісік, Міхаіл Сабалеўскі, Эдуард Макей і іншыя ўдзячны за гэта Станіславе Адамаўне.

Выканаўшы летась свае сацыялістычныя абавязацельствы, С. А. Мікулевіч змагаецца ў гэтым годзе за яшчэ большыя паказчыкі.

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Новую працоўную перамогу атрымала перадавая птушніца саўгаса “Ракаўскі” Тамара Гаўрылаўна Хвін. За паўгоддзе яна адправіла ў гандлёвую сетку звыш паўмільёна штук яек.

 

Работнікі авечкагадоўчых ферм раёна паспяхова справіліся з заданнем першага паўгоддзя. Яны прадалі дзяржаве 543 цэнтнеры воўны – на 104 цэнтнеры больш, чым намячалася па плане.

 

Раённыя спаборніцтвы механізатараў-аратых адбыліся ў вёсцы Маршалкі. У іх прынялі ўдзел 28 чалавек з 25 гаспадарак. Пераможцамі аказаліся: У. П. Цішэвіч, І. Л. Паўлюкевіч – першае месца, І. А. Алешка, А. І. Качан – другое, І. В. Рэут, В. А. Семяняга – трэцяе месца. Ім уручаны граматы райкама ЛКСМБ, упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, каштоўныя падарункі, грашовыя прэміі.

 

Пачалася ягадная пара. У лесе чуваць галасы нарыхтоўшчыкаў чарніц. Першыя тры тоны іх прыняла Івянецкая збытавая база раённай нарыхтоўчай канторы. Сёлета спажывецкая кааперацыя плануе нарыхтаваць сто тон дзікарослых пладоў і ягад.

 

Даярка калгаса імя Чапаева Серафіма Кізік даглядае 16 кароў. Ад кожнай з іх у першым паўгоддзі яна надаіла па 1588 кілаграмаў малака. Калектыў фермы, на якой працуе перадавая даярка, паспяхова выконвае свае абавязацельствы.

 

Больш чым на сорак дзве тысячы рублёў кніг прададзена ў раёне з пачатку года. Лепш за іншых папрацавалі багданаўскія і пяршайскія кааператары. Яны перавыканалі даведзенае заданне. Першынство – за работнікамі Пяршайскага сельскага спажывецкага таварыства. У чэрвені яны рэалізавалі літаратуры на тысячу рублёў пры плане семсот дваццаць.

 

Гнеў і абурэнне працоўных раёна выклікалі новыя бясчынствы сіяністаў у ЗША супраць савецкіх людзей. Свой рашучы пратэст выказалі рабочыя і служачыя фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі, міжкалгасбуда, галаўнога масласырзавода, друкарні, прамкамбіната і іншых прадпрыемстваў і арганізацый.

 

Валожынскія школьнікі ўключыліся ў спаборніцтвы на прыз клуба “Скураны мяч” сярод вулічных футбольных каманд горада. На гарадскім стадыёне разгарнулася барацьба за першынство. У фінале футбалісты “Буравесніка” з вуліцы Партызанскай перамаглі каманду “Арлёнак” з лікам 3:0. Спецыяльнае журы вызначыла лепшых спартсменаў. Гэта Юра Іваноў, Валодзя Гірэйка, Толя Зялкоўскі. Лепшым бамбардзірам турніру названы Слава Станкевіч, на рахунку якога восем забітых галоў у шасці гульнях.

 

ПАПАЎНЕННЕ ПАРТЫЙНЫХ РАДОЎ

Пасля заканчэння Слуцкага прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча Ніну Казлову накіравалі на Валожынскі масласырзавод.

 Дзяўчына з душой узялася за справу, аддае ёй усе свае веды. Прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву. За старанную працу камуністы завода прынялі зменнага майстра Ніну Іванаўну Казлову кандыдатам у члены КПСС. Бюро райкама партыі зацвердзіла рашэнне пярвічнай партыйнай арганізацыі.

Кандыдатамі ў члены партыі прыняты тэхнік-нарміроўшчык аўтабазы № 14 Ганна Іосіфаўна Голуб, шафёр калгаса “Чырвоная гвардыя” Канстанцін Уладзіміравіч Сліж, трактарыст калгаса “Радзіма” Іван Мікалаевіч Рынкевіч, нарміроўшчык калгаса “17 верасня” Антон Францавіч Пашкоўскі, даярка калгаса “Камсамолец” Валянціна Уладзіміраўна Паўлоўская, даярка калгаса “Чырвоны партызан” Марыя Рыгораўна Васілеўская, шафёр гэтай жа гаспадаркі Канстанцін Вікенцьевіч Барадака.

 

НА IВЯНЕЦКIМ КАНСЕРВАВЫМ…

Галоўны інжынер Івянецкага кансервавага завода П. Стрэльчанка паведамляе ў раённую газету: “Нядаўна закончыўся рамонт кансервавага цэха.

Тут часткова абноўлена тэхналагічная лінія па прыгатаванні гароднінных кансерваў, у прыватнасці, устаноўлена парамасляная печ для смажання кабачкоў.

Завод заключыў дагавор на пастаўку іх з калгасам “Чырвоная звязда” Стаўбцоўскага раёна. Сёлета намечана перапрацаваць і адправіць спажыўцам 50 тон кабачкоў, смажаных у масле.

Ужо другі год на заводзе практыкуецца выпуск безалкагольных напіткаў на натуральных фруктовых соках. Калі раней для прыгатавання гэтага віду прадукцыі ўжываліся эсенцыі і настойкі, то цяпер сокі з яблыкаў, журавін, вішні і іншых фруктаў і ягад. Такія сокі валодаюць лепшымі смакавымі якасцямі, вельмі прыемныя і пажыўныя.

Летась прадпрыемства нарыхтавала трыццаць тон розных сокаў, і цяпер яны ідуць на прыгатаванне напіткаў. З пачатку года ў гандлёвую сетку іх паступіла 150 тысяч літраў – амаль у пяць разоў больш, чым было выпушчана за такі ж перыяд у мінулым годзе”.

 

Універсітэты здароўя

У населеных пунктах, калгасах, саўгасах раёна знаходзяць усё большае прызнанне ўніверсітэты здароўя.

Такі ўніверсітэт дзейнічае ў калгасе “Чырвоны партызан”, дзе раз у месяц урачы чытаюць лекцыі для насельніцтва, даюць парады па аказанні першай медыцынскай дапамогі. Актывістамі санітарна-асветніцкай работы з’яўляюцца ўрачы А. П. Інфаровіч, А. М. Будкевіч, І. С. Радзюк, А. В. Залуцкая, А. Ю. Скурановіч, Л. Е. Філяніна і многія іншыя. Яны выступаюць у вёсках, перад працаўнікамі паляводчых брыгад, жывёлагадоўчых ферм, механізатарамі, у клубах, школах.

 

ЧАЛАВЕК ПРАЦЫ

У пятай паляводчай брыгадзе калгаса “1 Мая” ўсе ведаюць старэйшага калгасніка Франца Мацвеевіча Бітэля, што жыве ў вёсцы Бомбалы. Яго не толькі ведаюць, але глыбока паважаюць і моладзь, і пажылыя людзі.

Францу Мацвеевічу восемдзесят пяць гадоў. Але, нягледзячы на састарэлы ўзрост, гэтага чалавека можна штодзень бачыць на палявых работах у любую пару года. Ён ніколі не адмаўляецца даць параду ці паказаць маладому калгасніку, як выканаць тую або іншую работу.

Старанна і сумленна працуе ў калгасе і ўся шматлікая сям’я гэтага сціплага чалавека, бясконца адданага нялёгкай хлебаробскай працы.

 

У ПАДАРОЖЖА…

Праўленне і прафсаюзная арганізацыя калгаса “Верны шлях” узнагародзілі даярку гаспадаркі Марыю Лявонцьеўну Каўрыгу турыстычнай пуцёўкай.

Жанчына адправіцца ў паездку па гарадах Мінск – Вільнюс – Каўнас – Калінінград – Рыга – Талін – Ленінград. Разам з ёй у турыстычным поездзе – 13 лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі раёна.

 

СПРАКТЫКАВАНЫ ФIТАТЭРАПЕЎТ

Штогод калгасніца калгаса “1 Мая” Яўгенія Адамаўна Пашчанка здае значную колькасць дзікарослых лекавых раслін у нарыхтоўчы ларок Валожынскага гарадскога спажывецкага таварыства.

Кветкі ландыша, бяссмертніку, піжмы, маці-і-мачахі, травы: палын, багульнік, зверабой – далёка няпоўны пералік лекавых раслін, якія ведае і збірае гэта жанчына.

 

ВЕТУРАЧ ПАКАРАНЫ

Жыхарка вёскі Зарэчча Ракаўскага сельсавета Л. І. Баранава пісала ў рэдакцыю райгазеты пра нячулыя адносіны да просьбаў людзей галоўнага ветурача саўгаса “Ракаўскі”.

“Да нас прыйшло гора, – паведамляла жанчына. – Захварэла карова. Патрабавалася неадкладная дапамога. Галоўны ўрач быў якраз у той час на ферме ў нашай вёсцы. Мы звярнуліся да яго з просьбай агледзець карову. Але ён катэгарычна адмовіўся, хаця прайсці трэба было не больш як пяцьдзясят метраў. На наступны дзень жывёла загінула. Падобны выпадак не адзінкавы. Усе жыхары Зарэчча абураны паводзінамі ветурача…”

З пісьмом Л. І. Баранавай мы азнаёмілі партыйны камітэт саўгаса “Ракаўскі”. Адтуль нам паведамілі, што факты, выкладзеныя ў пісьме, мелі месца. Паводзіны ветурача разглядаліся на пасяджэнні камітэта, на яго накладзена партыйнае спагнанне.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars