Чым запомніўся год мінулы? Якія планы звязаны з 2011-ым?

Общество

Лізавета Станіславаўна ПЯТРОЎСКАЯ, мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву “Гасцінец” Ракаўскага Цэнтра адпачынку і вольнага часу:

– Для нашага калектыву год быў цікавым на новыя ўражанні, на канцэртную дзейнасць і прыемным на дасягненні і здабыткі. Мы пабывалі ў многіх кутках Беларусі, за мяжой, далі дзесяткі канцэртаў, аказалі платных паслуг амаль на пяць мільёнаў. Творчая дзейнасць нашага калектыву атрымала высокую ацэнку  – званне “Заслужаны калектыў мастацкай самадзейнасці”. На будучы год плануем выступленне ў Польшчы і спадзяёмся, што парадуем сваіх паклоннікаў новымі нумарамі. Тое, што фальклорная спадчына па-ранейшаму вабіць людзей, пацвердзіла і вось такая нядаўняя падзея: да нас завіталі рэпарцёры з тэлеканала “Мир”. Яны цікавіліся беларускімі абрадамі, іх сучаснай транскрыпцыяй. Будзем сачыць за навагодняй праграмай і ацэнім сябе ўжо ў якасці “тэлезорак”.

Таццяна Васільеўна ЖУКОЎСКАЯ, шматдзетная маці з Валожына:

– Калі збяромся ўсёй сям’ёй, каб правесці 2010 год, то найперш выкажам яму і, безумоўна, дзяржаве, падзяку за тое, што сталі сёлета ўладальнікамі новай чатырохпакаёвай кватэры. Доўгі час мы з мужам і чацвёра дзяцей жылі ў цеснаце, на 50 квадратных метрах агульнай плошчы. Але атрымалі льготны крэдыт на сорак гадоў на будаўніцтва, пяціпрацэнтную субсідыю, разлічваем яшчэ і на частковае пагашэнне доўгу як шматдзетная сям’я. Каб не такая ўвага з боку дзяржавы, то і не ведаю, ці здолелі б самастойна перабрацца з цеснага памяшкання ў сучасныя, камфортныя ўмовы. У старэйшай дачкі, якая сёлета стала студэнткай фінансавага каледжа, з’явілася хобі – глядзець каталогі з мэбляй, хадзіць па мэблевых магазінах і выбіраць абстаноўку для нашай новай кватэры.

Станіслаў Іванавіч БУРАЧЭЎСКІ, старшыня Івянецкага гарпасялковага аддзялення ГА “Саюз палякаў на Беларусі”:

– Абласное свята польскай культуры, якое сёлета ладзілася ў Івянцы, стала незабыўнай падзеяй не толькі для івянчан, але і для замежных гасцей. Нядаўна члены гуртка “Несвяжане” з Варшавы прыслалі нам буклет, там напісана, што ў Івянцы адбылося ўзорнае мерапрыемства. Усе зацікаўленыя ў навядзенні сяброўскіх мастоў паміж народамі маглі на нашым свяце набрацца вопыту і пераканацца, што людзей збліжаюць культура, адукацыя. У 2011 годзе нашы стасункі з замежнымі сябрамі атрымаюць далейшае прадаўжэнне, для наведвальнікаў Дома Польскага плануем арганізаваць гурток па інтарэсах. Ужо вядуцца пошукі мастацкага кіраўніка. Магчыма, хутка ў Івянцы з’явіцца новы калектыў мастацкай самадзейнасці. Пакуль дакладна не вырашана, які ён будзе: фальклорны ці эстрадны…

Марына Аляксандраўна ІОДА, старшыня раённага Савета дэпутатаў:

– Сёлета ўпершыню выбрана дэпутатам раённага Савета па Чапаеўскай акрузе № 33, за што вельмі ўдзячна тым людзям, якія аказалі давер. А ўжо пазней 33 дэпутаты выбралі мяне старшынёй. Разумею, што проста так пасады не даюцца, адчуваю вялікую адказнасць. Мне не прывыкаць  працаваць з людзьмі і для людзей.

У некаторых напрамках работы ёсць канкрэтныя зрухі. Амаль паўсюдна перадалі збор і закуп лішкаў малака з сялянскіх падворкаў індывідуальным прадпрымальнікам, гэта станоўча адбілася на паказчыках. Шмат увагі надавалі добраўпарадкаванню населеных пунктаў. У наступным годзе будзем працягваць работу на зямлі, асаблівую ўвагу нададзім добраўпарадкаванню святых месцаў – могілак, пад’ездаў да іх. Значная ўвага будзе надавацца развіццю асабістых падсобных гаспадарак.

Артур Валянцінавіч КАРПОВІЧ, урач-хірург Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы:

– Гэты год для мяне адметны і ў нейкай ступені вырашальны. Я прыехаў у Валожын на сваё першае працоўнае месца. Адразу спадабаўся горад і яго жыхары, ды і ў медустанове сустрэлі добразычліва. У хірургічным аддзяленні, дзе зараз працую, нават за невялікі прамежак часу паспеў набрацца вопыту, Заўсёды гатовы падтрымаць і падзяліцца ведамі загадчык аддзялення М. У. Пыжык, хірургі В. М. Грыка і У. І. Курачкін.

Безумоўна, значнай падзеяй адыходзячага года лічу ўвядзенне ў эксплуатацыю новага лячэбна-прафілактычнага корпуса ў райцэнтры. Тут устаноўлена сучаснае абсталяванне. Гэта ў першую чаргу палепшыць умовы працы медыкаў, лепшымі стануць і ўмовы знаходжання хворых, якасць дыягностыкі і лячэння. У аперацыйным блоку, напрыклад, у наступным годзе хірургі нашага аддзялення будуць праводзіць аперацыі, у тым ліку і з дапамогай прыбора лапараскопа, якога дагэтуль не было ў райбальніцы. Зроблены крок і да замацавання кадраў у раёне: зараз вядзецца рамонт у інтэрнаце для медперсаналу, які размешчаны непадалёк бальніцы.

Леанід Уладзіміравіч ХВЯДЧЭНЯ, настаўнік фізічнай культуры гімназіі № 1 райцэнтра:

– 2010-ы быў багаты на дасягненні ў спартыўным жыцці гімназіі. Адно з буйнейшых – перамога юнацкай і дзявочай каманд 1995 года нараджэння ў абласных, а потым – і ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па стрытболу.

Не менш гонару і радасці прынесла першае месца ў абласных спаборніцтвах па настольнаму тэнісу, якое заваявалі нашы гімназісткі. Адна з самых моцных тэнісістак гімназіі – Кацярына Літвін, лепшыя баскетбалісты – Уладзіслаў Рэут і Аня Купцэвіч – задаволены прызнаннем. Так што бягучы год не прайшоў для іх дарма, як, зрэшты, і для маіх трэнераў-калег – Дзмітрыя Ажарэльева і Івана Філістовіча, бо ў гэтых перамогах ёсць і іх вялікая заслуга.

Спадзяёмся, і ў 2011 годзе нас будуць чакаць поспех і новыя добрыя вынікі.



Добавить комментарий