Набіраюцца вопыту летам

Молодежный курьер

Лета – гарачая пара не толькі для адпачынку, але і добрая нагода палепшыць сваё фінансавае становішча. Магчымасцей зарабіць грошай у падлеткаў шмат, але найбольшую папулярнасць маюць будаўнічыя атрады.

Ужо чацвёрты год запар Валожынскі раённы камітэт БРСМ  арганізуе такую працоўную дзейнасць для нашай моладзі. Мерапрыемствы  па пошуку і зборы моладзі, што жадае працаваць у летні перыяд, пачынаецца ажно ў студзені. З кожным годам колькасць заявак расце, таму не ўсе з іх задавальняюцца.  Плён працы  груп  жадаючых, якія набіраліся зімой, бачны ўжо зараз: у першым паўгоддзі 2016 года ў складзе 8 будаўнічых атрадаў  папрацавалі 133 чалавекі!

Трэба адзначыць, што атрады і праца былі разнастайныя: 3 экалагічныя атрады былі заснаваныя на базе Валожынскага лясгаса, працавалі і 4 сельскагаспадарчыя. А вось сэрвісны атрад існаваў на базе Валожынскага райспажыўтаварыства.

На гэты момант моладзь Валожыншчыны таксама не складае рук: працуюць сэрвісны, экалагічны і сельскагаспадарчы атрады. У жніўні моладзь папрацуе ў Судніках.

Найбольшую папулярнасць мае экалагічны атрад. Так, працоўны дзень падлеткаў пачынаецца ў 8 гадзін і доўжыцца да 12. Часам надвор’е можа і змяніць гэты графік, але ўвогуле ўсе працуюць каля 4-х гадзін у суткі. Зараз дзейнасць атрада разгортваецца на гарадскіх могілках. Спрытныя падлеткі наводзяць чысціню і парадак на прылеглай тэрыторыі, прыбіраюць занадта высокую траву. Працуюць хлопцы і дзяўчаты з панядзелка па пятніцу, у выніку ж усё зойме цэлы месяц.

Сваю працу члены атрадаў цяжкай не лічаць, наадварот, адносяцца да яе зацікаўлена. Ды і ўсё ж такі групы, сфарміраваныя па 13-15 чалавек, атрымаліся дружнымі. Нягледзячы на большую папулярнасць будаўнічых атрадаў у хлопцаў, працуюць на карысць горада і дзяўчаты. Экалагічны атрад, напрыклад, налічвае дзвюх дзяўчынак. Так, у дружнай камандзе  і праца праходзіць весялей. Тым больш, атрадаўцы маюць падтрымку і дапамогу з боку сваіх кіраўнікоў. За працай экалагічнага атрада сочаць Марына Аляноўская і Данута Аляксандрава.

Канешне, можа часам падлеткам і хочацца адпачыць, але ўсё ж такі разуменне таго, што лета праходзіць карысна і насычана, дапамагае атрадаўцам яшчэ з большым энтузіязмам працаваць на карысць роднага краю. Для кожнага члена атрада гэта будуць, несумненна, добры вопыт і яркія ўспаміны пра лета-2016.

Ірына Петыш,

студэнтка Інстытута журналістыкі

Белдзяржуніверсітэта



Добавить комментарий