Разбудзіць ініцыятыву

Общество

Як паведаміла начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Сяргееўна Гедроіць, па стане на 1 ліпеня ў раёне былі пастаўлены на ўлік 104 беспрацоўныя. Гэта на 49  працэнтаў больш, чым летась.

У пошуках работы людзі, як правіла, аддзел занятасці не абмінаюць. Яны спадзяюцца на дзяржаўную падтрымку: штомесячную грашовую выплату ў памеры ад 1 да 2 базавых велічынь, прафесіянальную перападрыхтоўку, удзел у аплачваемых грамадскіх работах, ільготу на падатак па дармаедству, прапанову вакансій. Але многія і не падазраюць, што ёсць спецыяльная Праграма для арганізацыі прыватнага бізнесу сярод беспрацоўных. Між тым, за 18 гадоў яе існавання 62 жыхары раёна атрымалі субсідыі, распачалі ўласную справу. Сёлета, напрыклад, адна жанчына не толькі стала індывідуальным прадпрымальнікам у сферы аказання паслуг па рамонце адзення, але і ўзяла ў арэнду пустуючае памяшканне. Зараз яна і занятак па душы мае, і нядрэнны заробак.

Гандаль, будаўніцтва, вырошчванне і збыт сельгаспрадукцыі, жывёлагадоўля – вось далёка не поўны пералік перспектыўных напрамкаў малога бізнесу. Шлях арганізацыі прыватнай справы пачынаецца для беспрацоўнага з пастаноўкі на ўлік. Потым чалавека накіроўваюць на двухтыднёвыя курсы для азнаямлення і навучання тэорыі бізнесу. Важны момант – прадастаўленне субсідыі, велічыня якой залежыць ад таго, дзе атрымальнік пражывае: калі ў горадзе, то сума складзе 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму; калі ў сельскай мясцовасці, то 15. У ліпені БПМ раўняўся прыкладна 170 дэнамінаваным рублям. Грошы выдзяляюцца немалыя, і патраціць іх трэба мэтанакіравана: набыць інструменты, сыравіну ці іншыя неабходныя для бізнесу рэчы. У выпадку, калі сродкі расходаваны не ў адпаведнасці з бізнес-планам, прадугледжаны механізм іх спагнання. Але такі ход падзей у раёне не назіраўся.

На Валожыншчыне зарэгістраваны 511 індывідуальных прадпрымальнікаў, гэта больш, чым летась. Двое грамадзян з ліку беспрацоўных могуць сёлета скарыстаць магчымасць для адкрыцця прыватнага бізнесу, атрымаць грошы і стаць прадпрымальнікамі да канца года.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий