Ён, Яна і бэзавы куст

Культура

Што незвычайнага можна ўгледзець на фотаздымку, на якім ён, яна і бэзавы куст? Нічога, калі не ведаць, што разам тройца цэлых пяцьдзясят гадоў.

Менавіта пад гэтым кустом упершыню пазіравала перад камерай маладая сям’я Ірыны Іванаўны і Георгія Фёдаравіча Котанаў з вёскі Вялікае Поле.

Даўно выраслі і вылецелі з бацькоўскага гнязда іх дзеці. Хоць і не кардынальна, але змяніўся вонкавы выгляд дома, штосьці памянялася ўнутры. Многія падзеі, якія тым ці іншым чынам паўплывалі на іх лёс, сталі гісторыяй… А бэз, пасаджаны яшчэ бацькам Георгія Фёдаравіча, як і раней, вітае штораніцы гаспадароў утульнага хутарка.

Малады Котан кавалерам быў відным. Вясёлы, рухавы, ды ўжо з пасадай. І, як кажуць, разумнай гадоўлі – сям’я Котанаў карысталася ў наваколлі аўтарытэтам. У яго бацькоў, якія мелі двух дарослых сыноў, нарадзілася дачка. Выпрабаванні пасляваеннага жыцця падарвалі і без таго слабае здароўе маці. У хуткім часе муж застаўся ўдаўцом, а сыны-юнакі і маленькая дачушка сіротамі. Утраіх яны, як маглі, гадавалі малую, але кожны разумеў – у хаце павінна з’явіцца жанчына. Георгій, старэйшы з сыноў, які на той час паспеў адслужыць у войску, папрацаваць касірам, разумеў – трэба жаніцца. Выбранніцай стала дзяўчына з Урублёўшчыны.

Лёс Ірыны таксама быў няпростым. Бацька загінуў на фронце – у 1945 годзе прыйшла пахаванка з Кёнігсберга. Маці давялося адной падымаць трох дачок. Яе хросны бацька працаваў у той жа гаспадарцы, што і Георгій, вельмі сімпатызаваў актыўнаму хлопцу, які пасля заканчэння тэхнікума стаў брыгадзірам. Сваяк расказаў хроснай дачцэ няпростую гісторыю сям’і Котанаў. Пазней маладыя людзі пазнаёміліся. Прыгожая дзяўчына прыйшлася даспадобы жаніху. Сёння сястра Таццяна Фёдараўна з усмешкай расказвае аб тым, як баялася сустрэчы з чужой жанчынай, што ў хуткім часе павінна была ўвайсці гаспадыняй у іх хату. Дзяўчынка, якой да болю хацелася мацярынскай ласкі, маліла Бога, каб Жорава нявеста палюбіла яе. Спакойная, працавітая Рэня (так завуць Ірыну Іванаўну родныя) спадабалася ўсім членам новай сям’і. У першы дзень свайго замужжа яна “прыняла печ” і, замест мядовага месяца, акунулася ў нялёгкае, напоўненае бясконцай працай, жыццё вясковай жанчыны. Але клопаты ёй былі ў радасць, бо побач быў ён – малады муж, любімы, добры і разумны…

Усё жыццё Котаны вілі, ляпілі сваё сямейнае гняздо. Нягледзячы ні на што, змаглі наладзіць адмысловыя адносіны паміж усімі роднымі.

Даўно стварылі ўласныя сем’і дочкі, павырасталі ўнукі, ёсць праўнукі. Таццяну брат з жонкай выгадавалі нібы родную дачку, дапамаглі атрымаць адукацыю, замуж выдалі. Мужа яе зяцем лічаць, дзяцей – унукамі, унукаў – праўнукамі. Шмат гадоў прысвяцілі гэтыя людзі працы ў родным калгасе. Ірына Іванаўна даіла кароў, а Георгій Фёдаравіч кіраваў комплекснай брыгадай. Не абышлося і без цяжкасцей…

Сваякі ўпэўнены, што рознасць характараў гэтых людзей стала пазітыўным момантам у станаўленні іх сям’і. Яны ідэальна ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго. А пагутарыўшы з парай, заўважаеш мноства падабенстваў: абое любяць пажартаваць, аб сур’езных рэчах разважаюць стрымана і грунтоўна, з вялікай тактоўнасцю ставяцца адзін да аднаго. Яднае гэту пару і безумоўная сціпласць. Яны не бавяць час за абмеркаваннем чутак і плётак. Чужыя лёсы іх цікавяць толькі з пазіцыі “дапамагчы, падтрымаць, паспачуваць”.

Пакідаючы гасцінны дом, я звярнула ўвагу на пануючую навокал прыгажосць  і прыгадала меркаванне, пачэрпнутае з калісьці прачытанага: на добрай зямлі нараджаюцца і жывуць добрыя людзі. Усё, што пачула падчас гаворкі з гаспадарамі, паўстала ва ўяўленні нібы насамрэч: выхадным ці святочным днём да роднай хаты адзін за адным пад’язджаюць аўтамабілі… Наваколле паступова напаўняецца гукамі і рухамі, чутны дзіцячы смех, разважанні мужчын аб толькі ім зразумелых справах, галасы жанчын, якія завіхаюцца, накрываючы стол для вялікай сям’і…  Калі і існуе ў гэтым свеце гармонія, то яна вось тут, на невялічкай сядзібе, што каля Вялікага Поля, дзе штогод зацвітае старэнькі бэзавы куст.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий