РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 

Тэл. 55679, Velcom 3933728  nshtejner@mail.ru

 За шэсць месяцаў з пачатку года сямейны капітал у памеры 10 тысяч долараў ЗША прызначаны ў нашым раёне 57 маці, якія нарадзілі трэцяе і наступнае дзіця.

У ліпені на пасяджэнні райвыканкама прынята рашэнне аб прызначэнні сямейнага капіталу яшчэ тром маці: Надзеі Уладзіміраўне Каленка з вёскі Капусціна Валожынскага сельсавета на пятае дзіця, івянчанкам Анастасіі Аляксееўне Лагуновай і Вользе Ігараўне Княжэвіч, якія нарадзілі па трэцім дзіцяці.

У рамках ініцыятывы “Прыродны сімвал Валожыншчыны – птушка-зімародак” на мінулым тыдні ў райцэнтры грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” правяла чарговы семінар. Яго тэма тычылася ўжывання арганічных угнаенняў і пестыцыдаў на прысядзібных участках, біялагічнай разнастайнасці на іх (ад насякомых, грызуноў, птушак, звяркоў да жаб і рапух) і была асабліва прывабнай для ўладальнікаў аграсядзіб.

    На семінары прысутнічалі гаспадары аграсядзіб “Бацян”, “За масточкам”, “Налібоцкія васількі”, “Марцінова Гусь”, “Поляк”, уладальнікі прысядзібных участкаў у горадзе і сельскай мясцовасці, навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея. Вельмі цікава даносіў да прысутных матэрыял лектар Максім Нямчынаў, падмацоўваў яго відэарадам, найноўшымі фактамі пра ўгнаенні, геамадыфікаваныя прадукты, пра патрэбу на прысядзібных участках самых розных прадстаўнікоў жывёльнага свету, якія прыносяць карысць культурным насаджэнням. Дэманстраваліся розныя кармушкі і схованкі для такіх насельнікаў, якія можна вырабіць сваімі рукамі. Лекцыя ішла ў інтэрактыўнай форме, прысутныя дзяліліся ўласнымі назіраннямі. Затым уладальніца фермерскай гаспадаркі “Мядовая каралева” намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Беларускі пчаляр” Анастасія Хаўрук расказала пра свет пчол, пра карысць гэтых стваральнікаў мядовай прадукцыі, іх утрыманне.

За шэсць месяцаў у раёне зарэгістраваны 94 шлюбы, летась гэта лічба складала 98. Сярод маладажонаў 1 жаніх і 4 нявесты ўступілі ў шлюб да 18-і гадоў.

    Бралі шлюб 2 жаніхі і 4 нявесты пенсіённага ўзросту, у 2015 годзе такіх “маладажонаў” было 6 мужчын і 11 жанчын. А ўвогуле, сярэдні ўзрост нявест 29 гадоў, жаніхоў – 30. Летась сярэдні ўзрост складаў адпаведна 30 і 34 гады. У раёне за шэсць месяцаў зарэгістраваны шлюбы з грамадзянамі Малдовы (жаніх), Казахстана і Украіны (жанчыны).

З пачатку года шэсць жыхароў раёна, інвалідаў і адзінокіх грамадзян пажылога ўзросту, адпраўлены ў дамы-інтэрнаты. Тры чалавекі жывуць цяпер у доме-інтэрнаце агульнага тыпу для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў “Нікалаеўшчынскі” на Стаўбцоўшчыне. А 3 чалавекі адпраўлены ў псіханеўралагічныя дамы-інтэрнаты: 2 – у Пухавічы і 1 – у Ракаўскі.

    Дарэчы, звычайна ў псіханеўралагічныя дамы-інтэрнаты існуе хоць невялікая, але чарга. На дадзены момант усе жадаючыя туды трапіць атрымалі накіраванні. У ліпені ў Грозаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат у вёсцы Конюхі Капыльскага раёна атрымаў накіраванне інвалід II групы.

Сталі вядомы вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу фотаальбомаў “Ганарымся Беларуссю, любім Беларусь, падарожнічаем па Беларусі”.

    У намінацыі “Тварэнні прыроды” другое месца заняла вучаніца СШ № 2 райцэнтра 14-гадовая Вераніка Віршыч (кіраўнік праекта настаўніца Таццяна Іванаўна Лужынская). Свой фотаальбом В. Віршыч назвала “З любоўю да роднай зямлі”, і ў яе работах можна ўбачыць хараство родных мясцін ва ўсе часы года.

22-24 ліпеня на беразе Плешчаніцкага вадасховішча ў Лагойскім раёне прайшоў першы турыстычны злёт Мінскай абласной арганізацыі БРСМ “Васільковы вянок”. На яго з’ехаліся 19 каманд. Нашу грамадскую арганізацыю прадстаўляла каманда “Валожынцы” ў складзе дзесяці чалавек на чале з першым сакратаром РК БРСМ Наталляй Нямкевіч.

    У праграме злёту былі візітоўка, конкурсы на лепшую пару, турыстычнага быту і квэст “Падарожжа па роднай краіне”, спартыўная гульня “Абарона горада”, спаборніцтвы па валейболе, футболе, перацягванні каната. Дадому “бээрэсэмаўцы” прывезлі пяць дыпломаў, такога рэкорду не дасягнуў ніхто. Першае месца валожынцы занялі ў спартыўнай гульні “Абарона горада”, дзе ўдзельнічалі адны дзяўчаты, у перацягванні каната. Цікава падышлі арганізатары да конкурсу на лепшую пару, у выніку яны атрымаліся змешаныя. Лепшай была прызнана тая, дзе ўдзельнічаў прадстаўнік нашага раёна. Яшчэ два дыпломы былі ўручаны за трэція месцы: у спаборніцтвах па валейболе і абароне лагернай стаянкі. У выніку “Валожынцы” занялі агульнае пятае месца.

 



Добавить комментарий