Хлебароб па прызваннi, мастак па душы…

Официально

Максім Лужынскі ў СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”, перасеўшы з-за руля трактара на камбайн, першым справіў жніво на рапсавых палетках гаспадаркі. Толькі за адзін дзень ён намалаціў 52 тоны гэтай культуры.

“Я ўжо 10 сезонаў працую на зернеўборачнай тэхніцы, аднак усё роўна кожны новы раз з хваляваннем уразаюся ў клін. Праўда, гэта толькі на паўдня, затым усё вяртаецца ў звыклае русла”, – расказвае хлебароб.

Максім з сям’ёй восем гадоў жывуць у Бабровічах. Ён традыцыйна ў ліку лепшых механізатараў і камбайнераў гаспадаркі. Пачынаў набірацца вопыту на “Лідзе 1300”, потым у яго руках пабывала практычна ўся лінейка “КЗС”. І сёння малады чалавек працуе на “КЗС 1218”, яго “ўнутрыгаспадарчы” вынік – 139,67 тоны ўбранага рапсу. Пасля гэтага экіпаж у складзе героя гэтага матэрыялу і Дзмітрыя Балашкі аказваў дапамогу КСУП “Пяршаі-2014”.  Максім кіраваў вялікай колькасцю тэхнікі, і, па сведчанні работніка, сённяшнія жніўныя агрэгаты нельга параўнаць з колішнімі механізмамі: у іх і прадукцыйнасць нашмат вышэйшая, і ўзровень камфорту зусім іншы. У астатнія працоўныя перыяды Максім задзейнічаны ў асноўным на адвозцы грузаў.

У майго рэспандэнта тэхнічнае майстэрства ўдала спалучаецца з тонкімі навыкамі мастацтва. М. Лужынскі любіць і ўмее маляваць, і цягу да гэтай справы не згубіў праз гады. Яму падуладны і аловак, і ручка, і фарбы. Калі прыходзіць жаданне пацешыць душу і “выплюхнуць” назапашаны негатыў, Максім бярэ ў рукі аркуш паперы і ідзе ў творчую майстэрню, якую абсталяваў дома. Найбольш падабаецца працаваць над пейзажамі, вымалёўваць дэталі відарысаў. Хаця і не паляўнічы, а выявы звяроў, птушак таксама атрымліваюцца, як “з натуры”. Сярод захапленняў таксама разьба па дрэве, нават аўтарскія нажы вырабляў, адзінкавыя экзэмпляры – не для продажу, а для самаўдасканалення, так бы мовіць. Маецца і неабходны для творчасці інструмент: многае зрабіў сам, нешта давялося дакупіць.

Вольнага часу ў работніка сельскай гаспадаркі нямнога, асабліва ў гарачы сезон. Але, калі надараецца такая хвіліна, Максім зусім не супраць закінуць вуду ў ваду. Трафейнага экзэмпляра пакуль не вычапіў, але карасі з далонь не раз бывалі цэнтральным блюдам сямейнага стала.

Нездарма кажуць, “хто любіць трудзіцца, таму без працы не сядзіцца”. Праўдзівая прыказка і для Максіма: і на рабоце, і дома ён заўсёды знойдзе сабе занятак і выканае яго бездакорна.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий