Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru
На мінулым тыдні, 28 ліпеня, цяперашні міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў упершыню наведаўся на Валожыншчыну. Яго планавы візіт у рамках Адзінага дня інфармавання насельніцтва адбыўся ў гарадскім пасёлку Івянец, дзе ў мясцовым Доме культуры міністр сустрэўся з работнікамі культуры.
Барыс Святлоў пачаў размову з калегамі з расказу пра 5-ы Усебеларускі народны сход і пытанняў культуры, што там уздымаліся. Ён праінфармаваў прысутных пра нядаўна падпісаны Прэзідэнтам Кодэкс аб культуры, адказаў на пытанні. Затым міністр азнаёміўся з экспазіцыяй Івянецкага музея традыцыйнай культуры, наведаў ганчарную майстэрню, дзе ў той момант знаходзіліся ганчар Уладзімір Сасноўскі з адным са сваіх вучняў, майстэрню ткацтва. На сядзібе Дарагунцавых, якая стараннямі мясцовых музейных работнікаў набыла другое жыццё, Барыс Святлоў пабываў у кузні, карчме, нядаўна адкрытым музеі местачковага побыту. Пазнаёміўся з работамі прафесіянальнага рэзчыка па дрэве, вядучага метадыста музея традыцыйнай культуры Мікалая Задрэйкі. І сам пасёлак з багатай гісторыяй, і яго ўстановы культуры, і людзі, якія там працуюць, прыемна ўразілі міністра.
Па стане на 1 ліпеня ў нашым раёне зарэгістраваны 47 індывідуальных прадпрымальнікаў і 14 юрыдычных асоб.
Пераважная большасць індывідуальных прадпрымальнікаў будуць аказваць самыя распаўсюджаныя паслугі: займацца гандлем, грузаперавозкамі і будаўнічымі работамі, выконваць сантэхнічныя работы. Праўда, ёсць і такія, што выказалі жаданне аказваць паслугі ў галіне камп’ютарнага праграмавання. Ужо ў ліпені зарэгістраваны яшчэ 10 індывідуальных прадпрымальнікаў і 3 юрыдычныя асобы.
Даводзіцца канстатаваць і такі факт, што за першае паўгоддзе прынята рашэнне аб ліквідацыі дзейнасці 38 індывідуальных прадпрымальнікаў і 7 юрыдычных асоб. Прыпынілі яны сваю дзейнасць па розных прычынах.
Ідзе апошні месяц летніх канікулаў. І поўным ходам працягваецца аздараўленне школьнікаў. З 1 жніўня адкрыліся летнікі з дзённым знаходжаннем на базе Ракаўскай і Івянецкай сярэдніх школ, якія наведваюць 30 і 29 вучняў адпаведна.
Калі ў гэтых установах адукацыі працуе ўжо другая лагерная змена, то ў Пугачоўскай СШ першая, там адпачываюць 20 хлопчыкаў і дзяўчынак. У школьных летніках адпачынак доўжыцца 18 дзён. На трэцюю змену ў лагер у Ратамку адправіліся 36 вучняў школ раёна.
20 юных футбалістаў, якія наведваюць цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, разам з трэнерамі Аляксандрам Кавязам і Паўлам Хількевічам паедуць у лагер “Эканаміст”, дзе з 18 па 26 жніўня будуць сумяшчаць адпачынак з трэніровачнымі зборамі.
6 жніўня завяшае работу школьны сельгасатрад з 10-і старшакласнікаў, які працаваў на базе ААТ “Суднікаўскі”.
А з 3 жніўня на падсобных работах у Пугачоўскім участку ТАА “Тарасава” задзейнічаны 8 членаў сельгасатрада, сфарміраванага з вучняў Пугачоўскай СШ. Сельгасатрад з ліку ліцэістаў будзе ў бягучым месяцы працаваць на зернетаку ў ААТ “Агра-Дубінское”.
Рэспубліканская спартакіяда сярод кіраўнікоў раённых структур Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў прайшла на базе Веткаўскага раёна, што на Гомельшчыне.
У яе праграме былі спаборніцтвы па паляўніча-стралковым шматбор’і, міні-футболе, стэндавай стральбе, “Мішэнь-2016” (комплекс). Адначасова там праводзіліся спаборніцтвы выжлаў па балотнай дзічыне “Горка-2016”.
Дырэктар Валожынскай раённай структуры Павел Шляпо быў членам каманды Мінскай вобласці па міні-футболе. Каманда футбалістаў выйшла ў паўфінал, дзе ва ўпартай барацьбе па пенальці ўступіла трэцяе прызавое месца камандзе Віцебскай вобласці. Каманда Міншчыны заняла другое месца ў стэндавай стральбе.
У мінулыя выхадныя праходзіла абласное свята возера Мястра ў Мядзелі “Краса майго краю”, якое традыцыйна ладзіцца летам.
Пачалося яно са спаборніцтваў па рыбнай лоўлі. Працягвалася спаборніцтвамі па пляжным валейболе на беразе возера. Мядзельцы і шматлікія адпачываючыя ў курортнай зоне чакаюць свята, праграма якога вельмі разнастайная і насычаная. Завяршальным акордам стаў вячэрні канцэрт Сашы Нема і феерверк. У “Горадзе майстроў” свае вырабы прапаноўвалі прадстаўнікі народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” РЦК Алег Капуста з сынам Аляксандрам, Ларыса і Алег Мытнікі, Настасся Хаўрук.