Прагматыка, рамантыка і вера ў будучыню

Общество

Ён не імкнецца да публічнасці. Нягледзячы на тое, што шмат гадоў кіруе паспяховым прыватным прадпрыемствам, у любых абставінах трымаецца сціпла, шмат гаварыць не любіць – аддае перавагу справам, а самым значным уласным дасягненнем лічыць сям’ю.

Сёння жыццёвымі прынцыпамі з вамі, паважаныя чытачы раёнкі, падзеліцца жыхар Валожына, дырэктар УП “Мантажбудкамплект-Профіль” Сяргей Васільевіч ДРОЗД.

– Сяргей Васільевіч, вытворчасць, якую Вы ўзначальваеце, спецыялізуецца на вырабе акон, металічных канструкцый для будоўлі. У пэўным сэнсе ад Вас залежаць лёсы людзей, іх дабрабыт. Ці адчуваеце цяжар адказнасці за сваіх падначаленых? Што для Вас лягчэй: арганізаваць сябе ці іншых?

– Адказнасць адчуваю. Але яна даўно перастала быць цяжарам. Нездарма гавораць, што чалавек прывыкае да ўсяго. Вось прывык і я, хаця больш люблю адказваць за сябе. Тым не менш, з гадамі навучыўся размяркоўваць абавязкі паміж тымі, каго называю сваёй камандай, давяраць ім. Наша вытворчасць пачыналася з чатырох чалавек. Зараз працуе больш за 50. Я як кіраўнік абавязаны не толькі забяспечыць працаўнікоў работай, але  і стварыць дастойныя бытавыя ўмовы. Лічу, што ў нас гэта пытанне вырашана адмыслова.

– Вы клапоціцеся аб умовах працы на сваім прадпрыемстве, а самі якім чынам аднаўляеце сілы?

– Думаю, што я з тых, хто па-сапраўднаму адпачываць не ўмее. Хоць не такі ўжо і працаголік, аднак пасіўнае ляжанне на пляжы ці канапе – не для мяне. Расслабляюся на прыродзе, займаючыся звычайнымі гаспадарчымі справамі. Я – сельскі чалавек. Клопат аб жывёле, добраўпарадкаванне зямлі – для мяне сапраўдная асалода.

–  Як лічыце, чаму так атрымліваецца, што зараз моладзь усё больш марыць аб хуткай і лёгкай кар’еры, вялікіх грашах, шыкоўным адпачынку, дарагіх рэчах. І каб усё гэта без лішніх намаганняў. У чым тут справа?

– Мне ніколі і нічога не даставалася дарма. Да працы прывучаны з маленства. Падчас студэнцтва разгружаў вагоны. Для мяне вельмі важна жыць са свайго рубля, ні ад каго не залежыць. Заганнай працы я не ведаю. Пасля інстытута тры гады адпрацаваў у калгасе. Хоць па адукацыі інжынер-электрык, але пры неабходнасці садзіўся на камбайн. Калі дазволіце, пахвалюся – падчас уборкі нават займаў першыя месцы. На прадпрыемстве, якім кірую, прайшоў усе ступені – ад рабочага да дырэктара. Ведаю тонкасці кожнай аперацыі. Гэтым ганаруся асабліва. Таму менталітэт гультаёў ад мяне далёкі. А моладзь, магчыма, і сапраўды неабходна ратаваць. Напрыклад, ад перадач кшталту “Дом-2”. Асноўным лякарствам назначыў бы… працу. Але ж у педагогіцы я дылетант. Спадзяюся, прафесіяналы і самі бацькі не ўступяць нашых дзяцей інтэрнэту і бяздумным рэаліці-шоу.

– Сяргей Васільевіч, Ваш узрост –  45 гадоў – цікавы тым, што з пункту гледжання дзяцей і моладзі  Вы – чалавек сталы, а  для пажылых – юнак. З праблемай “бацькоў і дзяцей” сутыкаецеся?

– Усё жыццё стараюся яе пазбягаць. Упэўнены: калі сам чалавек самастойны, ён і з бацькамі, і з уласнымі дзецьмі пупавіну перарэжа своечасова. Кожны з нас павінен пражываць сваё жыццё і мець права на ўласныя рашэнні. Гэта ніяк не супярэчыць любові і павазе. Па маім разуменні, галоўныя складальнікі “надвор’я ў доме”: па-першае, кожны ў сям’і павінен мець права на час у адзіноце; па-другое, магчымасць бавіць вольны час разам. А вось як гэта ўсё збалансаваць, залежыць ад мудрасці кожнага члена сям’і. Мы завялі цудоўную традыцыю – сумесныя падарожжы па цікавых мясцінах. Любім лыжныя паходы. Калі ж хтосьці хоча пасядзець за зачыненымі дзвярыма – калі ласка. Я, напрыклад, люблю пабыць сам-насам з тэхнікай. На самай справе – нічога надзвычайнага.

– Вы выклікаеце ўражанне чалавека стрыманага, удумлівага, а ці ёсць у Вашым жыцці месца для рызыкі, авантурызму?

– Безумоўна, я не змог бы выжыць у сферы бізнесу, каб катэгарычна адмаўляў рызыку. Поспех любога дзелавога чалавека залежыць ад такіх фактараў, як курсавая розніца валют, адносіны з партнёрамі, размеркаванне сродкаў і г. д. Пралічыць кожную дробязь проста немагчыма. Даводзіцца прымаць рашэнні, ацэньваючы абставіны выключна суб’ектыўна, абапіраючыся на ўласную інтуіцыю, вопыт, парады спецыялістаў. А вось авантурызм у тым сэнсе, у якім я разумею гэта слова, ад мяне далёкі. Мужчына павінен умець стрымліваць імгненна ўзнікаючыя парывы і, даруйце за банальнасць, думаць галавой.

– Цікава, у такога занятага чалавека ці знаходзіцца час на хобі?

– Я – звычайны чалавек, і, як большасць людзей, маю захапленні. Люблю добрае кіно. Перавагу аддаю фільмам, у якіх шмат музыкі. Калі-нікалі магу паглядзець баявік ці цікавы савецкі фільм пра вайну. На жаль, даўно няма ў жывых Леаніда Філатава і Уладзіміра Высоцкага, але фільмы з іх удзелам – любімыя і зараз. Слухаю музыку. Раней даволі часта браў у рукі гітару. У маладосці нават быў удзельнікам ансамбля, іграў на бас- і сола-гітарах. Тыя, хто ў часы маёй маладосці наведваў клуб у Даманоўшчыне, павінны помніць нашы выступленні.

– Вы рана стварылі сям’ю. Сёння, з пазіцыі ўзросту, як ацэньваеце сваю жаніцьбу ў 19 гадоў?

– Ніколі аб гэтым не пашкадаваў. Спадзяюся, што і жонка таксама. Для людзей-адналюбаў ранні шлюб – гэта нармальна. Лічу, разам па жыцці ісці спадручней. Дзяцей гадаваць маладым таксама лягчэй. Мы ніколі не марылі мець толькі адно дзіця, заўсёды ведалі – хочам мінімум дваіх. Я быў шчаслівы, калі нарадзіліся сыны, але калі на трэці раз Бог паслаў нам дачушку, то ў ёй проста растварыўся. Гэта без перабольшвання. Калісьці прачытаў наступны выраз: “Сям’я – гэта тое месца, куды прыходзяць адпачываць пераможныя сілы асобы”. Тады не зусім зразумеў яго сэнс. А зараз, пераступаючы парог сваёй кватэры пасля цяжкага, напружанага дня на працы, дзе даводзіцца мабілізаваць усе жыццёвыя рэсурсы, каб паспяхова завяршыць нейкую справу, акунаюся ў атмасферу цяпла, утульнасці, разумення. І адчуваю: тут, дзе жывуць родныя мне людзі, сілы, каб перамагаць, мне не патрэбны.

– Напэўна чулі вядомы выраз “Усё, што нас не забівае, робіць мацнейшым”. Падзяляеце гэту думку?

– Часткова. Калі чалавек здольны 101-ы раз падняцца на ногі пасля таго, як упаў 100-ы, – гэта дастойна павагі. Лезці ж на ражон, пускацца ва ўсе авантуры і чакаць выніку: зломішся ці не – такія паводзіны адназначна асуджаю. І з меркаваннем, што ў жыцці трэба паспрабаваць усё, не згодзен катэгарычна. Што значыць усё? Наркотыкі, забойства, крадзеж? Я не разумею людзей, якія для нейкай патрэбы скачуць з моста галавой уніз ці з даху на дах. Што яны каму даказваюць? Лічу, што рызыка уласным жыццём дапушчальна толькі дзеля выратавання людзей.

– У шчаслівы выпадак ці цуда верыце?

– Ведаеце, я ўсё ж прагматык. Аднак упэўнены, што калі ідзеш па сваім шляху, то Бог табе дапамагае, хоць і дасылае выпрабаванні.

– Лічыце сябе паспяховым чалавекам?

– Шчыра кажучы, не лічу. І не ад унутранай незадаволенасці. Не падумайце, што хвалюся, але мяркую: мой патэнцыял, як, дарэчы, большасці з нас, пакуль рэалізаваны не поўнасцю.

– Калі задумваецеся аб будучыні, якой яе ўяўляеце? Ёсць мары, планы?

– Мару заўсёды быць патрэбным тым, каго люблю, і каб кожны з нас жыў у міры і дабрабыце. Ды і ў прафесійнай дзейнасці хацелася б дасягнуць значна большага. Што тычыцца планаў… Маю намер пабудаваць дом для сваёй немалой сям’і, дзе б кожны адчуваў сябе шчаслівым.

– Што можаце пажадаць чытачам “Працоўнай славы”?

– Дзейнічаць у любых абставінах. Ні ў якім разе не сядзець без занятку. Тады не будзе часу на перажыванні і дэпрэсію. А яшчэ жадаю верыць у сябе, бо, калі вы ў сабе няўпэўнены, з чаго б у вас паверылі іншыя?

Гутарку вяла

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий