Працу яны зрабiлi сваiм культам, але не шкадуюць, што ім выпаў такі лёс…

Общество

“Вось дык бяда: вочы бачаць работу, а рукі, на жаль, ужо не могуць яе асіліць!” – так звычайна гавораць старыя людзі пра свой цяперашні фізічны стан. А Надзея Аляксандраўна Макар з вёскі Мінці паскардзіцца не толькі на слабыя ў старасці рукі, але і на свае нямоглыя ногі.

Пры дапамозе драўлянай масіўнай табурэткі ўжо шмат гадоў з цяжкасцю перамяшчаецца яна па хаце. На нагах круглы год абавязкова цёплыя валёнкі: парушаны кровазварот, таму выручае толькі такі зімовы абутак. А калі жанчына захоча адпачыць на свежым паветры, то звычайна выбірае для гэтага звыклае месца – ганак. Бо спусціцца ўніз, пахадзіць па падворку, а потым зноў праз нейкі час вярнуцца ў хату для гэтай жанчыны ўжо вельмі праблематычна. Некалі ж прыступкі ганка жылога будынка (разам з мужам узвялі з купленай у калгасе старой пунькі) яна пераадольвала з такой лёгкасцю… Цяжкая фізічная праца, якой  Надзеі Аляксандраўне за працяглае жыццё хапіла ўдосталь, адняла здароўе. Сорак два гады была яна паляводам у тагачасным калгасе імя Леніна. Праца гэта знясільваючая, утомная, цяпер маладым гэтага не зразумець… Бясконцая чарада спраў: праполка буракоў пад пякучым сонцам, сушка сена. Цяжкія нагрузкі чакалі жанчын і на зернетаках, рукі амаль не ведалі адпачынку, ды і ногі таксама. Зрэдку здаралася пад’ехаць на кані, а пераважна на працу на розныя гаспадарчыя аб’екты дабіраліся пешкі. Гарачай парой лічылася жніво. Мужчыны працавалі ў полі, а кабеты займаліся сушкай зерня. Уручную тоны ўраджаю пералапачвалі за хлебны сезон! Ды і глыбокай восенню, зімой хапала працы ў паляводчай брыгадзе. І тым не менш і цяпер, нягледзячы на  сур’ёзныя праблемы са здароўем, Надзея Аляксандраўна са скрухай не ўспамінае той далёкі час. Тады ўсе працавалі самааддана, не шкадуючы сябе, і, відаць, невыпадкова ў той “стаханаўскі час” з’явілася ў лексіцы і дакладнае вызначэнне людской руплівасці – “працаваць па-ўдарнаму”. У гэтых двух словах заключаны патрыятызм і пафас таго пакалення, якое вывела нашы вёскі з пасляваеннай разрухі да стабільнасці. Не дзеля ўзнагарод, ганаровых грамат стараліся яны. На першым месцы ў іх былі агульная справа, калектывізм. А калі ім і ўручаліся заслужаныя ўзнагароды, то вельмі цаніліся гэтыя адзнакі працоўнай доблесці. Іх старанна бераглі для нашчадкаў  у сямейным архіве.

4

У вёсцы Бандаршчына Валожынскага сельсавета мы сустрэліся з Клаўдзіяй Уладзіміраўнай Ліннік.  Яна ветліва запрасіла нас у хату. У парадным пакоі прама пад іконамі мы ўбачылі  прыгожую керамічную вазу, на ёй быў зроблены надпіс, які сведчыў, што наша гераіня з 1987 года была членам прэстыжнага раённага клуба даярак-чатырохтысячніц. Фатаграфавацца для газеты  наша суразмоўца адмовілася. А вось сваё далёкае працоўнае мінулае ўзгадала з вялікім хваляваннем. Шмат гадоў яе жыцця было звязана з жывёлагадоўляй. Напачатку групу з трыццаці кароў даілі ўручную, потым на ферме ўстанавілі малакаправод. Кармы да  хлявоў дастаўляліся на конях, а потым, спрактыкавана падчапіўшы на вілы пабольш, аж жылы выступалі на руках, жанчыны разносілі гэты фураж па кармушках. І так дзесяцігоддзе за дзесяцігоддзем. Мазолістая праца была ўслаўлена: Клаўдзія Уладзіміраўна Ліннік узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, шматлікімі медалямі.

Нядаўна мне расказалі, што адзін старшыня СВК прывёз “на экскурсію” на мадэрнізаваную ферму сваю старэнькую маці, якая даўным-даўно працавала даяркай. Зайшла яна “ў такі палац” з дарагім высокатэхналагічным абсталяваннем і знерухомела ад убачанага. Так уразіла яе сучасная ферма! Міжволі ўспомніўшы свае колішнія цяжкія ўмовы працы, жанчына не стрымалася, заплакала. Але гэта былі і слёзы радасці: так кардынальна змяніліся цяпер умовы працы жывёлаводаў.

У час адной з камандзіровак мы пазнаёміліся з ветэранкай сельгасвытворчасці Антанінай Раманаўнай Каранеўскай з прыгараднай вёскі Цімкавічы. Аказалася, што ў 50-я гады мінулага стагоддзя яе ўмелым рукам быў падуладны трактар  “Універсал”. 10 гадоў упраўляла яна гэтай тэхнікай. 12 жанчын-трактарыстак у тыя далёкія гады шчыравалі ў калгасе. Варта прыгадаць і такі факт. У Ашмянскім вучылішчы кемлівая Антаніна Раманаўна з лёгкасцю асвоіла і будову камбайна. Калі наступала ўборка хлеба, трактарыстка садзілася за штурвал камбайна. Выпрацоўка ў час жніва была невялікая, але на той час рэкордная: звыш двух гектараў каласавых за светлавы дзень убірала наша гераіня. У яе паслужным спісе акрамя названай вышэй прафесіі значыцца і васьмігадовы стаж жывёлаводкі, нейкі час была і кладаўшчыком ГЗМ. Антаніну Раманаўну Каранеўскую не песціць лёс і ў глыбокай старасці. На восьмым дзясятку гадоў ёй выпала новае выпрабаванне. Пасля цяжкай хваробы муж прыкаваны да ложка. Жонка клапатліва даглядае яго і нават выглядам сваім не паказвае, якія псіхалагічныя і фізічныя нагрузкі прыходзіцца перажываць. Яе моцны характар загартаваны яшчэ з маладосці.

Заўсёды, калі слухаю расказы сваіх вясковых субяседніц, штораз  шчыра захапляюся іх выключнай працавітасцю. Іх старанне падвоенае, бо на плячах кожнай была яшчэ і сям’я. І нярэдка – шматдзетная! Дзякуй вам, жанчыны, што вы сваім лёсам паказалі іншым пакаленням, якой меркай трэба мераць жыццёвыя цяжкасці. Калі б нам цяпер паўтарыць вашу долю, нямногія выстаялі б так годна, як вы. Наўрад ці мы сёння падаілі б уручную трыццаць кароў на ферме мінімум два разы за суткі. Ад сялянскай працы прагматычныя людзі цяпер сталі свядома пазбаўляцца. Невыпадкова гаспадарчыя пабудовы многіх маладых сем’яў на вёсцы пераважна пустыя. Без лішніх клопатаў жыць лягчэй.

“Трудны быў наш час!” –  нярэдка гавораць старыя людзі, праводзячы паралель з сучаснасцю. “Трудны” – значыць не толькі “цяжкі”. “Трудны” ў гэтым жыццёвым кантэксце ад слова “труд” – яе вялікасць Праца!

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий