РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru

 У жніўні звычайна прыступаюць да работы маладыя спецыялісты, што прыбылі па размеркаванні на свае першыя рабочыя месцы. Сёння мы раскажам пра тых, хто папоўніў медыцынскую сям’ю нашага раёна.

У калектыве медработнікаў віталі 6 урачоў, 4 фельчараў і 7 медыцынскіх сясцёр. Сярод урачоў – 4 выпускнікі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, два з якіх – урачы агульнай практыкі – накіраваны ў Ракаўскую ўчастковую бальніцу і Пяршайскую ўрачэбную амбулаторыю, урач-хірург і псіхіятр-нарколаг будуць працаваць у Валожынскай райбальніцы і паліклініцы. Па адным выпускніку прыбылі з Беларускага дзяржаўнага (урач-педыятр) і Віцебскага дзяржаўнага (урач-анколаг) медуніверсітэтаў. З чатырох фельчараў два ўзначалілі Бабровіцкі і Пугачоўскі фельчарска-акушэрскія пункты, адзін малады спецыяліст паехаў у Івянецкую бальніцу і адзін прыступіў да работы ў аддзяленні “хуткай дапамогі” райбальніцы. Усе медыцынскія сёстры размеркаваны па аддзяленнях райбальніцы.

 

Па ініцыятыве Мядзельскага райкама БРСМ 3 жніўня прайшла таварыская сустрэча “Забег адважных” паміж камандамі гаспадароў, Вілейскага і Валожынскага раёнаў. Ад нашага РК БРСМ прысутнічалі чатыры старшакласнікі гімназіі, кіраўнік гуртка цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Людміла Лысенка, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Наталля Вайтовіч. Узначальвала каманду першы сакратар РК БРСМ Наталля Нямкевіч.

Пачалося спартыўна-забаўляльнае мерапрыемства з ускладання вянкоў да помніка загінуўшым воінам і партызанам, што размешчаны ў Мядзелі на беразе возера Мястра. Бо менавіта сённяшняму свайму дню маладое пакаленне абавязана тым, хто вызваліў свет ад карычневай чумы ў 1945 годзе. Далей праграма працягвалася ў мясцовым ФАКу. Былі конкурсы: творчая візітоўка, адгадванне песен ваеннай тэматыкі па некалькіх гуках мелодыі, іншыя, спартыўная эстафета. Першае месца занялі віляйчане, наша каманда была другой. А напрыканцы юнакі ўсіх раёнаў падзяліліся на дзве каманды і сыгралі ў футбол.

 

З 28 па 31 ліпеня ў Віцебскай вобласці, Верхнядзвінскім раёне, ля Кургана Дружбы на мяжы трох дзяржаў у 25-ы раз працаваў міжнародны лагер “Бе-La-Русь”. Ён звычайна збірае моладзь Беларусі, Латвіі і Расіі. Сёлета прымаючым бокам была наша краіна, якую прадстаўлялі больш за 200 чалавек, дэлегацыі ад кожнай вобласці і горада Мінска, цэнтральнага апарату БРСМ, а ўсяго сабралася больш за 500 чалавек.

Трэці раз у камандзе Мінскай вобласці былі актыўныя члены маладзёжнай арганізацыі з нашага раёна Алена Жданюк і Надзея Вяршыцкая. Першы раз дзяўчаты трапілі ў лагер пяць гадоў таму. Каманда Міншчыны прымала ўдзел у чатырох відах праграмы: у конкурсе бівакоў заняла першае месца, лепшымі былі ў спаборніцтвах па армрэстлінгу і другі вынік паказалі ў дартсе. Кожны дзень пакінуў незабыўныя сустрэчы, дыскусіі. Кожны меў магчымасць прадэманстраваць свае таленты і павучыцца ў іншых, выказаць думкі пра найбольш актуальныя праблемы моладзі.

 

У ліпені культработнікі раёна ладзілі святы вёсак Шэлеўшчына, Ойцінава, Лаўскі Брод, Манькаўшчына. На жнівень таксама запланаваны святы вёсак Жураўцы і Чартавічы, якія арганізуюць работнікі Сакаўшчынскага СДК, Макрычаўшчына (Дорскага), Семернікі (Пяршайскага), Бузуны, Дубашы і Зарэчча (Ракаўскага цэнтра фальклору).

У апошні дзень ліпеня ажыўлена і святочна выглядала вёска Гярвелі Ракаўскага сельсавета. Некалі ў ёй так штодня віравала жыццё, цяпер жа яна ажывае толькі некалькі месяцаў у годзе, бо мясцовых жыхароў засталося каля 20 чалавек, астатнія дамы належаць дачнікам. І ўсё ж культработнікі Пугачоўскага дома культуры знайшлі што сказаць пра карэнных жыхароў, аддалі даніну павагі і новым. Адкрыў свята старшыня Ракаўскага сельвыканкама А. А. Мякінка. Падарунак перадалі самай старэйшай жыхарцы – 90-гадовай Алене Аляксандраўне Майсіновіч, якая нарадзіла 4 дзяцей і мае 10 унукаў. А вось немаўлят вёска не бачыла ўжо даўно. Ушанавалі былога трактарыста Івана Міхайлавіча Дударчыка, які за працоўныя дасягненні мае ўрадавую ўзнагароду; сямейную пару Валянціну Дзмітрыеўну і Вікенція Фёдаравіча Ганчарыкаў, якія крочаць разам па жыцці ўжо 58 гадоў: іх самы вялікі нажыты скарб – 3 дачкі, 6 унукаў і 8 праўнукаў. Усе прысутныя павіншавалі з 75-годдзем Ніну Барысаўну Майсіновіч, з днём нараджэння Яніну Аляксандраўну Супрановіч, шчырыя словы прагучалі ў адрас шматдзетнай сям’і Шавярга, сацыяльнага работніка Ірыны Мечыславаўны Зяневіч. Былі названы лепшыя падворкі: Люцыі Іванаўны Раманчык і дачнікаў Валяр’яна Міхайлавіча і Кацярыны Францаўны Бычанок. З ручнікамі, посцілкамі, вышыўкамі Валянціны Дзмітрыеўны Ганчарык можна было пазнаёміцца на выставе “Мае захапленні”. Вяскоўцы, іх сваякі і шматлікія госці атрымалі асалоду ад выступлення славутага ракаўскага “Гасцінца”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *