“Хачу адчуваць музыку архiтэктуры…”

Официально

Вадзім ГАНЧАРЫК – вучань вясковай сярэдняй школы – сваёй паспяховай вучобай і рознабаковасцю захапленняў дасць фору гарадскім аднагодкам.

15-гадовы юнак з вёскі Доры не толькі круглы выдатнік, але яшчэ і пачынаючы жывапісец, разьбяр па дрэве, валанцёр таварыства Чырвонага Крыжа, экскурсавод у школьным музейным пакоі і на мемарыяльным комплексе. Вадзім з захапленнем вывучае гісторыю, спрабуе свае сілы ў журналістыцы. І, нягледзячы на тое, што наперадзе яшчэ два гады да заканчэння школы, ужо сур’ёзна задумваецца пра будучыню: рыхтуецца да паступлення на архітэктурны факультэт БНТУ.

Пакуль 9-класнік займаецца дробязнымі чарцяжамі: малюе эскізы дэталяў для бацькавай машыны. Хлопец часта прападае ў гаражы, дзе разам з бацькам рамантуе аўтамабіль. Падлетак робіць поспехі ў механіцы і слясарнай справе: самастойна можа справіцца з кузаўным рамонтам.

Зрэшты, Вадзім ужо спрабаваў свае сілы ў ролі архітэктара-рэканструктара. Пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Ганны Аляксандраўны Усавай школьнік правёў вялікую даследчую работу пад назвай “Гісторыя царквы ў імя Пакрова Прасвятой Багародзіцы”, з якой удзельнічаў у раённым этапе конкурсу прац даследчага характару.

…22 ліпеня 1943 года Доры напаткала жудасная трагедыя: фашысты спалілі жыхароў у мясцовай царкве… Новую, цагляную, царкву ў вёсцы пабудавалі толькі ў 1997 годзе. Вадзім Ганчарык, папрацаваўшы з архіўным фотаматэрыялам, зрабіў графічную рэканструкцыю спаленага драўлянага храма. Гэты малюнак-чарцёж зараз займае месца на стэндах музейнага пакоя Дорскага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, дзе Вадзім – адзін з экскурсаводаў.

Аповеды пра франтавыя гады ветэрана Уладзіміра Канстанцінавіча Шэўчыка, якога рэгулярна наведваюць школьнікі, натхнілі Вадзіма да пісьмовай творчасці: для ўрокаў гісторыі ён падрыхтаваў дакументальны матэрыял “Геаграфія радавога Шэўчыка”, друкаваўся і ў “Працоўнай славе”. У рэдакцыю газеты В. Ганчарык даслаў грунтоўны матэрыял пра маладога капітана Аляксандрава, які загінуў падчас вызвалення Валожынскага раёна і пахаваны ў брацкай магіле на дорскіх могілках. Школьнік гутарыў з мясцовымі старажыламі, аднавіў факты ваеннай біяграфіі савецкага воіна. Яго артыкул напоўнены не толькі скрупулёзнай дакументалістыкай, але і мастацкімі вобразамі з сумнымі лірычнымі нотамі…

Сярод хлопцаў-падлеткаў рэдка сустракаюцца ўседлівыя і старанныя ў навуцы. Патусавацца з аднагодкамі на двары, пашукаць прыгод – вось стыхія маладой мяцежнай натуры. Як Вадзім умудраецца сумяшчаць паспяховую вучобу ў школе і вулічныя забавы? Занудлівым батанікам яго не назавеш, насупраць – душа кампаніі. Патраціць на падрыхтоўку ўрокаў каля 2 гадзін – і гайда гуляць з сябрамі ў футбол, у настольны тэніс, а зімой – у хакей на мясцовым возеры. Нават спецыяльна набылі клюшкі, шайбы і канькі,  даглядалі-выраўноўвалі лёд, стварылі каманды і кожны тыдзень ладзілі хакейныя турніры.

У дадатак да ўсяго Вадзім – валанцёр школьнага атрада “Прымула” Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Сярод дзейнасці падлеткаў-валанцёраў – інфасесіі “Умей сказаць НЕ!”, якія школьнікі праводзяць у аздараўленчых дзіцячых лагерах. Нездарма на раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Лідар”, прадстаўляючы праект “Моладзь супраць наркотыкаў”, В. Ганчарык заняў 1-е месца.

Аднак на першым месцы сярод усіх захапленняў усё ж архітэктура. Падлетка прыцягвае праектаванне вялікіх будынкаў са складанай планіроўкай. Вадзім старанна вывучае чарчэнне – па гэтым школьным прадмеце мае 10 балаў. Матэматыка – таксама ў фаварытах. Ужо год наведвае ўрокі выяўленчага мастацтва ў Дорскай школе мастацтваў. Дарэчы, Вадзім ужо мае пасведчанне аб заканчэнні гэтай школы. Пяць гадоў ён паспяхова вучыўся ў выкладчыка Сяргея Васільевіча Мурашова па класе разьбы па дрэве. Дома захоўваецца шмат арыгінальных лыжак уласнай вытворчасці, якімі маці з задавальненнем карыстаецца на кухні.

Зараз юнак асвойвае азы жывапісу і графікі, якія спатрэбяцца пры паступленні на архітэктурны. Займаецца 4 разы на тыдзень па 2 гадзіны. Мастак-настаўнік Сяргей Васільевіч Мурашоў нават прэзентаваў для заняткаў стараннаму вучню ўласны рарытэтны мальберт, адмыслова змайстраваны яго дзедам у 1930 годзе. Вадзім шчыра захоплены творчасцю. Хіба можна халтурыць, седзячы за такім дыхтоўным драўляным трыножнікам?

Парасткі працавітасці даюць глыбокія карані. Таму, хто ведае, можа, праз дзясятак гадоў у нашай краіне загавораць пра таленавітага архітэктара Ганчарыка, здольнага спраектаваць будынак больш маштабны і арыгінальны за Нацыянальную бібліятэку, што стане яркім сімвалам Беларусі, турыстычным магнітам, як, напрыклад, Эйфелева вежа ў Парыжы ці лонданскі Біг-Бэн.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий