Дзялiцца тым, што маеш

Культура

Уявіць Дануту Вікенцьеўну СЦЕФАНОЎСКУЮ непрыветлівай ці засмучанай проста немагчыма. Яна заўсёды вылучае дабрыню, і здаецца, што жыццё яе ішло лёгка, бестурботна. Але так не бывае…

Ужо ў пяцігадовым узросце ёй давялося перажыць вялікую трагедыю – смерць маці. Праз некалькі гадоў цяжка захварэла і памерла адна са старэйшых сясцёр. На ўласны хлеб Данута Вікенцьеўна пайшла адразу пасля заканчэння Таўканоўскай васьмігодкі. Пятнаццацігадовай дзяўчынкай уладкавалася на работу ў Івянецкі прамкамбінат зборшчыцай шчаўя. Атрымаўшы першы заробак – 3 рублі за месяц, нават добра і не зразумела, гэта адпаведныя патрачаным сілам грошы ці не. Але знайшоўся чалавек, які параіў ёй ісці працаваць у атэлье і завочна вучыцца ў тэхнікум на тэхнолага швейнай вытворчасці.

Працавітых і паслухмяных людзей заўважаюць адразу. Не заўсёды для таго, каб ушанаваць, а каб яшчэ і дадатковую нагрузку павесіць – розныя грамадскія абавязкі. Данута і да іх аднеслася з сур’ёзнасцю і адказнасцю. 10 гадоў была камсамольскім важаком, уступіла ў партыю, шмат гадоў узначальвала партячэйку РКБА.

Данута Вікенцьеўна пераканана, што ў жыцці ёй шанцавала на людзей, у якіх нечаму карыснаму можна павучыцца. Напрыклад, у суседкі Валянціны Фёдараўны Бакланавай, з якой шмат гадоў дзялілі адну камунальную кватэру. Бакланава таксама працавала ў сферы бытавога абслугоўвання, мела выключны эстэтычны густ, вызначалася эрудыцыяй, трапна выступала на любым сходзе без папярэдняй падрыхтоўкі. Лёс суседак у нечым падобны: абедзве сіроты, разлічвалі толькі на ўласныя сілы і не дазвалялі бытавым цяжкасцям браць над сабой верх. З той камунальнай кватэры Данута і замуж пайшла за Генадзя Сцефаноўскага.

Шмат карысных жаночых сакрэтаў раскрыла сяброўка Д. В. Сцефаноўскай па касцельнаму камітэту Данута Іосіфаўна Тур. “Пані Турыха” магла даць добрую параду, як выхоўваць дзяцей (на той час у сям’і Сцефаноўскіх ужо падрастаў сын Уладзімір), ладзіць з мужам, навучыць гаспадарлівасці і кухарскаму майстэрству. Трэба зазначыць, што кулінарыя цікавіла Сцефаноўскую здаўна. Яшчэ ў дзяцінстве, калі наведвалася да сваёй хроснай маці Леанарды Мікалаеўны Протас з Івянца, то заўсёды дзівілася, як з бульбы, мукі, яек можна прыгатаваць не толькі звычайныя камы ці зацірку, а нешта вытанчанае, смачнае і прыгожае адначасова. Пані Тур, як і многія гаспадыні, сваімі рэцэптамі дзялілася неахвотна, але Дануце Вікенцьеўне расказала, як фаршыраваць шчупака, выпякаць булачкі і шмат чаго іншага. Усё гэта згадзілася, калі Данута Вікенцьеўна па сумяшчальніцтве працавала поварам у кафэ “Мікс”, а цяпер ладзіць для сваякоў і сяброў святочныя застоллі. Яе фірменныя блюды: жэле “галярэтка”, мясны рулет з яблыкамі, фаршыраванымі брусніцамі, “лодачкі” з рыбы – добра ведаюць супрацоўнікі Валожынскага Дома быту, дзе Данута Вікенцьеўна працуе, будучы на заслужаным адпачынку. А ўсяго гэтаму калектыву яна аддала 50 гадоў жыцця. Штомесяц на рахунак прадпрыемства ў сярэднім паступае да 3-х тысяч рублёў выручкі ад рэалізацыі тавараў швейнага цэха, за што і адказвае Д. В. Сцефаноўская.

Нядаўна валожынцы загаварылі пра Дануту Вікенцьеўну як пра майстра паэтычнага слова. Яна напісала вершаваны сцэнарый да конкурсу мастацкай самадзейнасці працоўных калектываў “Роднаму краю – славу спяваю”. Выступленне КУП “Валожынскі РКБА” выдатна гучала са сцэны і добра ўспрымалася гледачамі. Уменне рыфмаваць, як лічыць Д. В. Сцефаноўская, перадалося ёй ад бацькі Вікенція Юльянавіча Жалтка. Трапныя, складныя, часцей жартаўлівага характару чатырохрадкоўі ён прыдумваў імгненна, па ходзе гутаркі, чым здзіўляў і весяліў субяседнікаў. І гэта быў не адзіны яго талент. Вікенцій Юльянавіч пражыў доўгае жыццё і ледзь не да апошніх дзён іграў на вяселлях. У яго руках “спявала” скрыпка. І не было той мелодыі, якой не ведаў бы музыка-самавучка з маленькай вёскі Каноплічы. З ім як носьбітам і знаўцам народных песень не раз сустракаўся прафесіянальны музыкант і адзін са стваральнікаў Беларускага народнага хору Канстанцін Паплаўскі. У складзе сямейнага ансамбля цымбалістаў Лямбовічаў Вікенцій Юльянавіч аднойчы выступаў і на вялікай сцэне ў Мінску: хтосьці з артыстаў захварэў, тэрмінова патрабавалася замена. Жалток не падвёў і без рэпетыцый выканаў усе патрэбныя партыі.

…Дом па вуліцы Камарова ў Валожыне, дзе жыве дружная сям’я Сцефаноўскіх, не абмінаюць ксяндзы, пілігрымы з ліку свецкіх людзей. І кожны тут сустракаў сапраўдную беларускую гасціннасць. А палякі дык яшчэ і моўнага бар’еру не зведалі: Данута Вікенцьеўна свабодна гаворыць па-польску.

Гэта жанчына многа ведае, умее ды не перастае цікавіцца новым, назапашваць яго, каб потым шчодра падзяліцца з людзьмі ўсім, што мае…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий