“Спалiўся” на палiве

Закон и порядок

Злодзей, які тройчы ўчыніў крадзеж дызельнага паліва з прыпаркаваных цяжкагрузаў, затрыманы. Супрацоўнікі РАУС спрацавалі аператыўна і прафесійна, страты пацярпелым кампенсаваны.

Пра першы крымінальны факт міліцыі стала вядома 2 ліпеня. На пульт дзяжурнага аператара паступіў званок з паведамленнем, што з паліўнага бака аўтафургона, які ноччу знаходзіўся на стаянцы каля АЗС “Белнафтахім” у Шараях, зліта амаль 300 літраў саляркі. Праваахоўнікі выехалі на месца здарэння, правялі неабходныя следчыя дзеянні, сабралі доказы. Асабліва прыкрым аказалася тое, што пад “прыцэл” зламысніка трапіў аўтамабіль замежнага ўласніка. На кон, як кажуць, быў пастаўлены не толькі гонар Валожынскай міліцыі, але і краіны. Праз дзесяць дзён сітуацыя паўтарылася. Почырк злачынства супадаў да драбніц: узламаны замок паліўнага бака, скрадзенае паліва. Прайшла яшчэ дэкада, і эфект “дэжавю” зноў меў месца. Усё гаварыла аб тым, што ў Шараях дзейнічае серыйны злодзей.

Але і міліцыя не драмала. Падазрэнні палі на маладога чалавека, 1994 года нараджэння, жыхара Мінска. Падставу для сумнення давала толькі яго біяграфія: у сутычкі з законам ён ніколі не ўступаў, меў пастаянную працу і гарантаваны заробак, жыллём і матэрыяльна забяспечаны. Што магло падштурхнуць хлопца да злачынства?

Між тым дзейнічаў ён як вопытны знаток крыміналу. Для выезду на “справу” пазычаў чужы аўтамабіль. У багажнік клаў пластмасавыя каністры. Пад покрывам ночы падкрадаўся да прыпаркаванага аўтафургона, балонным ключом зрываў накрыўкі паліўных бакаў і пры дапамозе шланга сцэджваў салярку. З “наварам” у горад не паказваўся. У лясным масіве пад Мінскам хлопец зрабіў спецыяльную схованку, куды і звозіў крадзенае паліва. Па меры неабходнасці наведваў гэту сваю “прыватную” запраўку. Як толькі запасы пусцелі, выязджаў на здабычу зноў. І, відаць, верыў, што адказнасці не панясе, бо амаль цэлы месяц яму ўдавалася заставацца няўлоўным.

Але тут ён пралічыўся. Супрацоўнікі Валожынскага РАУС раскрылі прадуманую схему незаконнага ўзбагачэння.

Супраць злодзея ўзбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 205, караючыя санкцыі якой прадугледжваюць у тым ліку і пазбаўленне волі да 3-х гадоў.

Ці варта было ламаць лёс дзеля таго, каб пакатацца на бясплатным паліве…

Віталь КІШКО,

першы намеснік начальніка

Валожынскага РАУС,

начальнік крымінальнай міліцыі



Добавить комментарий