Куранят восенню лічаць…

Культура

Унук чацвёртакласнік часта просіць расказаць яму якую-небудзь вясёлую, незвычайную гісторыю з майго жыцця, калі я быў у такім узросце, як і ён. Пагаджаюся і папярэджваю, што гісторыя гэта не вясёлая, нават сумная, але ж праўдзівая.

Дзяцінства людзей майго ўзросту было не вельмі радасным. Бацькі нас не песцілі, выхоўвалі ў працы, развівалі ў нас самастойнасць і адказнасць за свае ўчынкі. Інакш у тыя гады не магло быць. Яшчэ крывавілі раны вайны, часта наліваліся слязамі вочы матуль і бабуль пры ўспамінах аб сваіх родных, якія не вярнуліся з франтавых палёў. Усе дарослыя працавалі ад цямна да цямна, а яшчэ трэба было забудоўваць свае хаты, пагарэлыя, разбураныя фашыстамі. Кожная сялянская сям’я старалася трымаць сваю гаспадарку: карову, свіней, розную птушку, каб мець хоць нейкі прыбытак да мізэрных калгасных заробкаў. Догляд за дамашняй жыўнасцю быў абавязкам нашым, дзяіцячым. Старэйшыя даглядалі буйную жывёлу, а мы, малышня, пасвілі гусей, назіралі за курамі, індыкамі, качкамі.

У пасляваенныя гады ўсе сяляне, якія мелі свае гаспадаркі, былі абавязаны здаваць дзяржаве малако, масла, яйкі. Закалолі парсючка – здымай скуру і здавай дзяржаве. Забілі труса – тое ж самае: футра дзяржаве. У сельскіх Саветах быў строгі ўлік усёй сялянскай жыўнасці. Час ад часу сялянскія гаспадаркі наведвала камісія сельсавета, каб зверыць колькасць жывёлы і птушкі. Людзі стараліся схітрыць, утаіць што-небудзь. Буйную жывёлу схаваць не атрымлівалася, а вось з рознай птушкай праблем не было – хто ж яе пералічыць на выгане?

Аднойчы такая камісія завітала і на наш падворак. Бацькі, як заўсёды, у полі, дзед з бабай дзесьці ў агародзе корпаліся, старэйшая сястра і брат – у школе. У доме быў адзін я – сямігадовы гаспадар. Сакратарка сельсавета – старшыня камісіі – добра ведала бацькоў, нават была для іх нейкай далёкай раднёй, пытаецца ў мяне, якую жывёлу мы трымаем, колькі свіней, ці ёсць карова. Атрымаўшы адказ, які не разыходзіўся з улікам сельсавета, камісія ўжо сыходзіла з двара, як мяне нібыта прарвала, загаварыла гордасць гаспадара.

– Пачакайце, – крычу камісіі. – У нас яшчэ ёсць столькі і столькі курэй, качак, гусей.

Сакратарка, добрая душа, гаворыць:

– Міша, дзетачка, ты памыліўся, іх у вас значна менш.

– Не, цётачка, – адказваю. – Я лепш ведаю, я даглядаю іх. І лічыць я ўмею, восенню ў школу пайду. А яшчэ ў нас учора кураняты вылупіліся з яек. Дванаццаць штук!..

У тым узросце я не разумеў, чаму ў мамы былі такія сумныя вочы, такі дакорлівы позірк, калі я расказваў бацькам пра наведванне камісіі.

Сёння нашы ўнукі, вядома ж, не ўсё разумеюць з таго, як мы жылі ў дзяцінстве. Сёння ў іх другое жыццё: цікавае, вясёлае, бестурботнае. Праз колькі гадоў аб сённяшнім жыцці яны будуць расказваць сваім унукам. І гэта будуць ужо другія гісторыі.

Міхаіл СПІРЫДОВІЧ, жыхар Івянца.



Добавить комментарий