РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru

Прынята рашэнне райвыканкама аб выплаце матэрыяльнай дапамогі мнагадзетным сем’ям для падрыхтоўкі да новага навучальнага года.

Сем’ям, дзе выхоўваюцца трое і больш непаўналетніх дзяцей, напярэдадні 1 верасня будзе выплачана па 31 рублю на кожнае дзіця школьнага ўзросту. Ужо падрыхтаваны дакументы на выплату дапамогі на 541 школьніка. Гэтыя спісы яшчэ працягваюць удакладняцца.

Выпускніца Пугачоўскай сярэдняй школы, залатая медалістка Вераніка Сарока без экзаменаў паступіла ў педуніверсітэт імя М. Танка на спецыяльнасць “Матэматыка і інфарматыка”.

Трэці год запар гэта навучальная ўстанова праводзіць такі эксперымент: на некаторыя спецыяльнасці школьнікаў-медалістаў і чырвонадыпломнікаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў прымаюць без экзаменаў. Па традыцыі кожнаму сотаму абітурыенту гэтага ўніверсітэта рэктар уручае гадзіннік. Вераніцы і тут пашанцавала. Дарэчы, яе маці і цётка – настаўнікі, дзяўчына вырашыла працягваць сямейную дынастыю.

 

Суцэльным экалагічным бедствам стаў баршчавік Сасноўскага. Яго папуляцыі ёсць і ў нашым раёне. Асабліва значныя – у Ракаўскім і Івянецкім сельсаветах.

У лясгасе сёлета казначэйскія грошы выдаткавалі на набыццё трох спецыяльных ахоўных касцюмаў, кустарэза і ранца для апырсквальніка. Змагаюцца з гэтай шкоднай раслінай, як хімічным, так і механічным спосабам, з ранняй вясны і да восені. Лесаводы знішчалі баршчавік Сасноўскага ў Ракаўскім лясніцтве, дзе яго зараснікі мяжуюць з лясным масівам.

 

Пачалася агульнарэспубліканская дабрачынная кампанія “Збяром дзяцей у школу”, ініцыіраваная Таварыствам Чырвонага Крыжа. Яна будзе доўжыцца да 16 верасня.

Раённае падраздзяленне Чырвонага Крыжа вырашыла дапамагчы падрыхтавацца да школы ў першую чаргу дзецям з раённага прытулка, сіротам, якія навучаюцца ў Валожынскім сельскагаспадарчым ліцэі, дзецям-сіротам, якія выхоўваюцца ў апякунскіх і іншых сем’ях. У месцах работы школьных кірмашоў будуць устаноўлены скрыні для ахвяраванняў. Збіраючы ўласнае дзіця ў школу, успомніце і пра дзяцей, абдзеленых лёсам. Можна падзяліцца школьным аддзеннем, абуткам, з якога выраслі вашы дзеці, набыць канцылярскія прылады і прынесці іх у Чырвоны Крыж па адрасе: вул. Партызанская, 6а.

 

Першы дзень жніўня ў раёне пачаўся з пажару. У 5.20 у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне пра загаранне аўтамабіля “Аўдзі-80” у вёсцы Аўгустова Валожынскага сельсавета.

На месца пажару прыбылі два аддзяленні ПАВЧ-1 Валожына і ўстанавілі, што гарэнне адбываецца ў салоне аўтамабіля. Маторны адсек транспартнага сродку не пацярпеў, а вось салон выгараў цалкам. Прычынай пажару стаў падпал. Падчас канфлікту з уладальніцай аўтамабіля яе знаёмы дэманстратыўна падпаліў машыну. Ёсць сведкі. Справай займаюцца праваахоўныя органы.

 

З 13 жніўня адкрываецца сезон палявання на вадаплаўную дзічыну. Паляваць дазваляецца па пятніцах, суботах, нядзелях і панядзелках, а таксама ў святочныя дні.

 

6 жніўня ў Ашмянах прайшоў рэспубліканскі турнір на прызы асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола», у якім прынялі ўдзел 4 дзіцячыя каманды. Дзве каманды выставілі гаспадары поля, прыехалі юныя футбалісты са Смалявічаў – каманда “Спартак”-Калюга і каманда з Валожына.

Нашы юныя землякі выйгралі ў каманды Ашмяны-2 з лікам 10:0, у “Спартак”-Калюга – 2:0. А ў фінале сустрэліся з камандай Ашмяны-1 і перамаглі з лікам 8:1. Лепшым варатаром каманды названы Ягор Казлоў, лепшым нападаючым – Аляксандр Жэка і лепшым абаронцам – Леанід Сухадольскі. Усе яны вучні 5 “А” класа гімназіі.

 

У памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” па вуліцы Партызанскай адкрыта выстава мінскага скульптара Валерыя Калясінскага “Маё майстэрства”. Прадстаўлена больш за 30 гліняных скульптур. Лёс звязаў скульптара з Пяршайшчынай, дзе ён чэрпае натхненне.

А на другім паверсе раённай бібліятэкі можна пазнаёміцца з выцінанкай і жывапіснымі творамі члена “Скарбніцы” Наталлі Рэут.

 



Добавить комментарий