Дома так робяць не ўсе

Культура

Хоць сталоўка – гэта не дарагі мінскі рэстаран, але і тут дзед Міхал адчуваў сябе неяк няёмка. Мужчына доўга азіраўся па баках, нават не рашаўся паглядзець, што напісана ў меню. Папрасіў раздатчыцу, каб яна паклала на талерку тое, што звычайна найчасцей заказваюць наведвальнікі сталоўкі. З поўным падносам у руках Міхал накіраваўся да абедзенных сталоў. Вырашыў прымасціцца ля хлопцаў, якія па ўзросту былі хутчэй за ўсё равеснікамі яго ўнука Дзімкі.  Дзед стараўся не назаляць маладым сваёй прысутнасцю, нават традыцыйнае ў такіх выпадках “Смачна есці!”  не сказаў суседзям па століку. Затое ў астатнім, нягледзячы, што ён быў не дома, вырашыў не парушаць сваіх традыцыйных правілаў. Перад ежай перахрысціўся. Хлопцы, якія сядзелі за сталом, здзіўлена ўзнялі бровы. А іх сябрук нават не стрымаўся ад нечаканасці ўбачанага і бесцырымонна заявіў: “Во дае дзед!”. Міхал у душы пакрыўдзіўся на незнаёмага юнака, але вырашыў прамаўчаць. Цяжка ўздыхнуўшы, прыняўся за ежу. Еў спяшаючыся, не таму, што прагаладаўся, а таму, што хутчэй хацеў пазбыцца гэтай кампаніі. А хлопцы, бачна было, збіраліся тут яшчэ доўга марнаваць час. Неўзабаве перад Міхалам стаяў пусты посуд. Сваю трапезу ён закончыў таксама традыцыйна: перахрысціўся, як гэта заўсёды рабіў у  роднай хаце, падзякаваў Богу за дары, якія спажыў. Два хлопцы па-ранейшаму спакойна ўспрынялі дзедавы “дзівацтвы”, а іх сябар і на гэты раз не мог схаваць свайго здзіўлення. Утаропіўшыся вачыма ў Міхала, малады чалавек з лёгкай пагардай запытаў у старога: “У вас што дома ўсе так робяць?!”

Міхал некалькі секунд сядзеў у вялікай разгубленасці, а потым выпаліў, што і сам ад сябе такога не чакаў: “Не, унучак, хрысцяцца не ўсе!  Куры, каровы, свінні так у нас дома не робяць…”

Сябрукі дружна зарагаталі, калі пачулі, як хлёстка абсадзіў дзед залішне нахабнага маладога суседа па сталу. “Унучок” у адказ на такія іранічныя словы толькі густа пачырванеў…

Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий