Сустрэча праз паўстагоддзя…

Культура

У гэтых людзей дарослыя дзеці і ўнукі, за плячамі – поўнае падзей жыццё. Але ўспаміны пра маленства і юнацтва ўсё адно застаюцца самымі яркімі. 11 “А” клас выпуску 1966 года СШ № 1 г. Валожына сустрэўся нядаўна, каб зноў вярнуцца ў тую незабыўную пару.

    Яны і сёння з цеплынёй успамінаюць сваіх настаўнікаў: Аляксандру Фёдараўну Чарвінскую, Ефрасінню Афанасьеўну Радзюк, Ніну Макараўну Пачыкоўскую, Антона Сцяпанавіча Сівага, Міхаіла Андрэевіча Ланько, якіх ужо няма на гэтым свеце. Але ёсць Іван Пятровіч Бубневіч і Зінаіда Максімаўна Лаўрыновіч, якія памятаюць іх вучнямі, шумнымі і цікаўнымі, паслухмянымі і не вельмі, стараннымі і дапытлівымі. Такімі, як і ўсе школьнікі, і не такімі, бо ў кожнага пакалення свая гісторыя, свае ідэалы…

Ёсць усе падставы меркаваць, што першымі, калі не ў горадзе, то ў школе дакладна, пра палёт Юрыя Гагарына ў космас даведаўся менавіта іх 7 “А”. Валера Каралёў якраз змайстраваў пераносны радыёпрыёмнік і слухаў яго на ўроку. На пытанне настаўніцы, хто гэта гаворыць, клас запэўніў: “Відаць, з вуліцы даносіцца..!” І тут Валера падскоквае з месца і крычыць: “Ура! Чалавек у космасе!”

Будучы чацвёртакласнікамі, рашылі павіншаваць сваю настаўніцу Марыю Аляксееўну Уласік з 8 Сакавіка. Скінуліся па 10 капеек і купілі ва ўнівермагу набор “Красная Москва”. Адкрылі бліскучую чырвоную накрыўку і аж замерлі ад захаплення: у белай атласнай падушачцы патанаюць флакон адэкалону, пудра і кавалак мыла. А водар які! Не памыліліся з падарункам.

Вечарам пайшлі дахаты да Марыі Аляксееўны. Пераступілі парог і анямелі: у доме стаіць багата накрыты стол, за ім – прыгожа апранутыя людзі. Настаўніца падзякавала вучням і пачаставала іх шакаладнымі цукеркамі. Выйшаўшы за парог, практычныя дзеці тут жа падлічылі: за дзесяць капеек кожнаму з іх дасталося шакаладу не менш чым на паўрубля. І прыйшлі да высновы, што рабіць падарункі вельмі выгадна.

Паколькі дырэктар А. С. Паныш быў па адукацыі біёлагам, то пры іх школе заўсёды існаваў выдатны доследны ўчастак. Чаго толькі там не расло! Бульба і морква, цыбуля і клубніцы, кветкі і зяленіва, капуста і агуркі – усё сартавое, на кожную культуру вёўся спецыяльны пашпарт. Увосень плён дзіцячых рук прадаваўся на Свяце ўраджаю. Выручаныя грошы ішлі на дапамогу школьнікам з малазабяспечаных сямей. Валянціна Танюкевіч як сірата атрымала адрэз зялёнага сукна. Пашыла сукенку, вельмі любіла яе насіць, а потым яшчэ доўга захоўвала як напамін аб маладосці.

Юнак з Аўгустова ніколі не хадзіў на школьныя вечары – не меў у што прыбрацца. Яму настаўнікі і бацькоўскі камітэт купілі чаравікі, касцюм, кашулю. І хлопец адчуў сябе чалавекам, пачаў выходзіць у “вялікі” свет.

Незвычайнымі былі ўрокі астраноміі. Настаўніца Ніна Міхайлаўна Стручынская часам праводзіла іх ноччу. У вызначаную дату, калі сіноптыкі абяцалі чыстае, бязвоблачнае неба, вучні збіраліся апоўначы на гарадскім стадыёне. Ішлі без партфеляў, у руках толькі ліхтарыкі. Распазнавалі сузор’і, размяшчэнне зорак. А потым, ідучы дадому, ліхтарыкамі паўтаралі на зямлі абрысы Вялікай і Малой мядзведзіц…

Кожную суботу ў школе арганізоўваліся танцы. Абавязковая ўмова – нейкая павучальная тэматыка. Напрыклад, на вечарах, прысвечаных хіміі, школьнікам раздаваліся рэактывы. Каб адшукаць пару для танца, неабходна было ведаць, якія рэчывы між сабой уступаюць у рэакцыю. На матэматычных вечарах паміж камандамі дзяўчынак і хлопчыкаў дзяліліся задачы і патрэбныя да іх тэарэмы.

Нярэдка для гутарак дзяўчынак і хлопчыкаў раздзялялі. Тады расказвалі пра культуру паводзін, эстэтычныя патрабаванні да адзення і прычосак, вучылі прыгожа хадзіць, стаяць, сядзець.

Спяваць у школьным хоры павінны былі ўсе. У дні рэпетыцый дырэктар стаяў ля дзвярэй і заварочваў тых, хто наравіўся ўцячы дадому. Настаўнік Антон Канстанцінавіч Пачыкоўскі іграў на скрыпцы і акардэоне, пад іх развучваліся партыі для трохгалосся. Хор быў адным з лепшых у вобласці. А салісты Валодзя Цаюн і Міша Ліннік – любімцамі валожынскай публікі.

Антон Сцяпанавіч Сівы клапаціўся пра фізічнае выхаванне. Для заняткаў спортам былі турнікі, лыжы, розныя мячы, шахматы і нават пнеўматычныя вінтоўкі. Наташа Скачкоўская абараняла гонар раёна на вобласці па шахматах, а яшчэ яна так добра страляла, што была выклікана на рэспубліканскія спаборніцтвы. Але там здарылася непрыемнасць – у яе ўкралі чатыры рублі. Дзяўчынка расплакалася, расхвалявалася і не змагла выйсці на рубеж.

Каб хоць неяк яе падтрымаць, Антон Сцяпанавіч дазволіў ёй стрэльнуць з нагана, які тайна захоўваў і нікому не паказваў. Дзяўчынка вырасла, але і зараз памятае, што наган быў даволі цяжкі, што страляла яна ў школьным садзе і з першага выстралу патрапіла ў “яблычка” на прымацаванай да яблыні мішэні…

Іх любімы класны кіраўнік Ніна Макараўна Пачыкоўская не дажыла да гэтай сустрэчы ўсяго некалькі месяцаў. А колькі сіл яна паклала на выхаванне сваіх падапечных! Заўсёды верыла ў іх, гаварыла, што яны самыя лепшыя. І вучні стараліся не падводзіць любімую настаўніцу. Будучы дзевяцікласнікамі, абыгралі ў КВЗ самую тытулаваную каманду адзінаццацікласнікаў.

Пасля ўрокаў разам з Нінай Макараўнай займаліся цімураўскай работай, даглядалі адзінокага дзядулю: куплялі яму прадукты, секлі і складалі дровы, прыбіралі ў хаце. У кожным вучні настаўніца старалася адшукаць тую адметную асаблівасць, якую можна развіць. Ніна Шакун стала галоўнай школьнай вядучай. Потым яна ніколі не гублялася, выступаючы перад любой аўдыторыяй. А прафесію выбрала такую, як у Ніны Макараўны – настаўнік рускай мовы і літаратуры.

У іх класе быў 21 вучань, цяпер засталіся 19. На сустрэчу прыехалі і тыя, хто вучыўся да 9-га класа. Усе цудоўна выглядаюць, бо жыццё пражылі хораша, годна. Многія маюць узнагароды і адзнакі за прафесійныя поспехі і сумленную працу. Але, дасягнуўшы вышынь, хацелася б хоць на хвіліну стаць зноў юным, наіўным і нявопытным. А такім сябе можна адчуць сярод аднакашнікаў, першых, а таму найдаражэйшых сяброў…

Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара

Р.S. За цудоўную арганізацыю сустрэчы аднакласнікі выказваюць шчырую падзяку Алене і Івану Пасекам.



Добавить комментарий