Супрацьдзеянне экстрэмiзму

Закон и порядок

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які ўводзіць крымінальную адказнасць за экстрэмізм, удзел у баявых дзеяннях у іншых краінах. Дакумент 22 красавіка апублікаваны на Нацыянальным прававым ітэрнэт-партале.

Праект закона “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь” быў адобраны, 4 красавіка быў прыняты ў двух чытаннях Палатай прадстаўнікоў і ў той жа дзень адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

“Асноўная мэта праекта закона – зніжэнне ўзроўню рызык і пагроз у галіне супрацьдзеяння экстрэмізму. Яго актуальнасць абумоўлена цяперашняй дынамікай сітуацыі ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, а таксама міжнароднымі абавязацельствамі краіны”, – заявіў, прадстаўляючы праект закона, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Валерый Вакульчык.

Заканадаўства дапоўнена шэрагам норм па трох блоках. Гэта тычыцца супрацьдзеяння дзейнасці экстрэмісцкіх фарміраванняў, папярэджэння ўдзелу беларускіх грамадзян ва ўзброеных канфліктах за мяжой і недапушчэння выкарыстання ў антыграмадскіх і злачынных мэтах так званых кактэйляў Молатава.

Законам Крымінальны кодэкс Беларусі дапаўняецца артыкуламі “Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання” і “Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання”.

За стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем ці яго структурным падраздзяленнем прадугледжана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў ці пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна альбо службовай асобай з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў, плануецца караць абмежаваннем волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў ці пазбаўленнем волі на тэрмін ад шасці да дзесяці гадоў.

Уводзіцца адказнасць за перавозку матэрыялаў, якія ўтрымліваюць заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуюць яе.

Прадстаўляючы законапраект, старшыня КДБ Валерый Вакульчык падкрэсліваў, што крымінальная адказнасць за экстрэмізм распаўсюджваецца выключна на кіраўнікоў і фінансістаў экстрэмісцкай дзейнасці, “якія ў поўнай меры ўсведамляюць грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў”.

Пашырана адміністрацыйная адказнасць за распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці. Новая рэдакцыя арт. 17.11 КоАП уводзіць адказнасць за тыражаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, у тым ліку не ўключаных у рэспубліканскі спіс.

Закон прадугледжвае, што ўдзел грамадзяніна Беларусі ці пастаянна пражываючай у краіне асобы без грамадзянства на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні аднаго з бакоў, што змагаюцца супраць, а таксама ўдзел ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы і пры адсутнасці прыкмет злачынства, прадугледжанага артыкулам 133 КК “Наёмніцтва”, караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў ці пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

Вярбоўка, навучанне, іншая падрыхтоўка альбо выкарыстанне беларускіх грамадзян ці пастаянна пражываючых у Беларусі асоб без грамадзянства для ўдзелу ва ўзброеным фарміраванні, узброеных канфліктах і ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет злачыства, прадугледжанага артыкулам 132 КК “Вярбоўка, навучанне, фінансаванне і выкарыстанне наёмнікаў”, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў.

Анатоль ПАДГОРНЫ



Добавить комментарий