РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru

 44 канцэрты для ўдзельнікаў жніва прайшлі ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна. Штатныя работнікі і самадзейныя артысты клубных устаноў ладзілі выступленні непасрэдна ў полі, а таксама ў час абедзенных перапынкаў у сталовых, на зернетаках.

З мінулага года ў раёне рэалізуецца праект “Валожын без бар’ераў”, падчас якога будзе шмат зроблена для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На дадзены момант закончана абследаванне ўсіх турыстычных аб’ектаў раёна (гасцініц і іншых месцаў для пражывання, харчавання, музеяў). Складзены карты абследавання. Наступны крок – зрабіць безбар’ернае асяроддзе для інвалідаў, каб яны маглі адчуваць сябе паўнацэннымі людзьмі і ні ў чым не адчуваць абмежаванняў на адпачынку і пры наведванні аб’ектаў культуры.

У рамках дадзенага праекта ў канцы ліпеня вялікая дэлегацыя нашага раёна, а таксама прадстаўнікі Беларускага таварыства інвалідаў, аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” наведалі Галандыю, дзе змаглі ўбачыць, што зроблена ў гэтай краіне для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Члены дэлегацыі пражывалі ў Амстэрдаме ў пяцізоркавым гатэлі “Хілтан”, наведалі некалькі аграсядзіб, мелі магчымасць паплаваць па каналах на прагулачных лодках, пабывалі на востраве Маркен, дзе захоўваюць традыцыйную культуру, на ферме, дзе вырабляюць сыры і нацыянальны галандскі абутак – саба, у пратэнстанцкай царкве. Для іх былі арганізаваны прагулка на веласіпедах у Нацыянальным парку “Велуве”, іншыя мерапрыемствы. Гэта ўсё было даступна і калясачнікам у тым ліку. Беларусаў пазнаёмілі з другім па значнасці горадам краіны – Гаагай, іншымі цікавымі мясцінамі. Галандыя і цёплы прыём, арганізаваны турыстычным агенцтвам, якое займаецца адпачынкам людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пакінулі незабыўныя ўражанні, але галоўнае – той набыты замежнымі партнёрамі практычны вопыт, варты пераймання і ўвасаблення ў жыццё ў нашым раёне.

 

Набліжаюцца да завяршэння летнія канікулы. Усе навучальныя ўстановы падрыхтаваны да новага навучальнага года, атрымалі пашпарты гатоўнасці. Зроблены неабходныя бягучы і касметычны рамонты.

Самыя значныя па грашовых затратах работы праведзены гаспадарчым спосабам у Сакаўшчынскай і Вішнеўскай сярэдніх школах. Там зроблены рамонт мяккага дахавага пакрыцця.

 

У рамках рэалізацыі праекта “Птушка-сімвал раёна” ў раённым краязнаўчым музеі 10 жніўня прайшоў майстар-клас па распісванню акрылавымі фарбамі гіпсавых магнітаў у выглядзе зімародка. Ён быў арганізаваны ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

    На майстар-клас сабраліся каля 20 чалавек самага рознага ўзросту – ад дзяцей да пенсіянераў: прадстаўнікі некалькіх аграсядзіб, культработнікі, члены аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прыгожыя яркія магніты засталіся на памяць кожнаму, хто іх размаляваў. Гэта быў трэці майстар-клас па вырабе птушкі-сімвала. Як і першы, калі зімародка выраблялі з валянай шэрсці, яго давала майстар Вольга Камінская з Мінска. Яшчэ адзін – па вырабе птушкі з палімернага пластыку – праводзіла майстар Яна Марчук.

 

19 маладых афіцэраў пасля заканчэння ваенных навучальных устаноў прыбылі на службу ў Валожынскую воінскую часць № 30695.

Большасць выпускнікоў – 10 лейтэнантаў – скончылі розныя факультэты Ваеннай акадэміі Рэспублікі Белрусь. Сярод маладога папаўнення афіцэрскага саставу часці – таксама 4 выпускнікі Чарапавецкага вышэйшага ваеннага інжынернага вучылішча радыёэлектронікі Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, 3 – Ваенна-касмічнай акадэміі імя Мажайскага, па адным – ваенных факультэтаў Белдзяржуніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

 

Двухдзённы семінар для мясцовых гідаў на базе сядзібы “Бярозавы двор” у вёсцы Даўбені праводзіцца ў гэтыя дні, 16-17 жніўня, у рамках праекта “Птушка-сімвал раёна”.

Удзельнікаў пазнаёмяць з асноўнымі прынцыпамі правядзення прыродных экскурсій на канкрэтных прыкладах Налібоцкай пушчы і тэрыторый вакол аграсядзіб, засяродзяць увагу на найбольш цікавых птушках Валожынскага раёна, арганізатары адкажуць на пытанні, што ўзнікнуць падчас семінара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *