Смяшынкі на пустых талерках

Культура

Ларыса, яшчэ будучы школьніцай, упершыню апынулася ў Італіі. Прымалі яе за мяжой, як шаноўную госцю, стараліся ва ўсім дагадзіць. Стол быў накрыты па ўсіх правілах. А прыбораў было столькі, што і не адразу зразумееш, як усімі гэтымі прыладамі карыстацца.

Калі нетаропкая вячэра падышла да канца, пачалі падаваць дэсерт, гаманлівыя італьянцы сталі смяяцца і, як малыя дзеці, прыняліся вылізваць пустыя талеркі. Ларыса  з вялікім здзіўленнем глядзела на гэта. Гаспадары дома, бачачы, што госця не прымае іх дзіўную гульню, тут жа паставілі талеркі на стол і неяк хітравата пераглянуліся паміж сабой.

Наперадзе былі чатыры тыдні шчаслівых летніх канікулаў у сонечнай Італіі. Не раз збіраліся яны за сталом разам, але больш ніколі талеркі, на якіх закончылася смачная ежа, ніхто не браў у рукі, а тым больш не вылізваў. Кожны наступны год прыязджала беларуска да сваіх замежных знаёмых. Не парваліся сувязі, і калі стала ўжо студэнткай. Але тое першае застолле не выходзіла з галавы, і дзяўчына аднойчы вырашыла пацікавіцца, што гэта за традыцыя была такая: у дзень іх першага знаёмства вылізваць пустыя талеркі. Аказваецца, раней у іх таксама гасцілі дзеці, і пачастункі ім так спадабаліся, што яны, на здзіўленне італьянцаў, сталі вылізваць посуд. А раптам і Ларыса мае такую звычку, падумалі гаспадары дома, і, каб дзяўчынка з першых дзён адчувала сябе тут, як дома, яны спецыяльна вырашылі ёй  падыграць… Але добрым манерам на гэты раз вучыць госцю не давялося.

І праз шмат гадоў яны нярэдка ўспамінаюць гэты кур’ёзны выпадак. Дзеля агульнай забавы, заходзячыся ад шчырага смеху, калі-нікалі вылізваюць талеркі. І Ларыса ў іх вясёлай кампаніі.

Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий