Агляд падзей у раённай газеце за жнiвень 1971 года

ЖНIВО – ПАРА АДКАЗНАЯ

    Рэйдавая брыгада пабывала ў калгасе “17 верасня” і паглядзела, як арганізавана ўборка.

…Пад пякучым жнівеньскім сонцам сухавата шапаціць вусаты ячмень. З-за ўзгорка паказваецца і павольна набліжаецца камбайн. Працуе на ім Міхаіл Іванчык з памочнікам Віктарам Хадасевічам. Да камбайна прымацавана невялічкая таблічка, на якой запісана сацыялістычнае абавязацельства камбайнера. Экіпаж абавязаўся намалаціць 350 тон зерня.

– Хутка на таблічцы з’явіцца чырвоная зорачка, – тлумачыць механізатар. Так ужо ў нас заведзена – за першыя намалочаныя сто тон кожны камбайн будзе ўпрыгожвацца зоркай. А пакуль што за тры дні М. Іванчык і В. Хадасевіч намалацілі каля 30 тон зерневых.

Праўленнем калгаса прадугледжана ўсё для таго, каб не было перабояў у рабоце. Камбайнеры з памочнікамі абедаюць па чарзе, гэта ў брыгадах, дзе блізка сталовая. А ў аддаленыя брыгады абед дастаўляюць на поле. Калгаснікі праяўляюць сапраўдны працоўны энтузіязм. Працуюць увесь светлавы дзень.

Ці задаволены яны аплатай працы?

– Лічым, што ў нашым калгасе распрацаваны адзін з лепшых варыянтаў аплаты, – гаворыць В. Хадасевіч. – Кожны з нас за тону намалочанага зерня атрымлівае дадаткова рубель грошай і два кілаграмы збожжа, памочнік – 80 працэнтаў ад усіх відаў аплаты камбайнера. А што датычыць шафёраў і трактарыстаў, то яны за кожную перавезеную тону маюць дадаткова 0,5 кілаграма зерня, а асноўная аплата – пачасовая.

Кожную пяцідзёнку падводзяцца вынікі, і лепшыя камбайнеры атрымліваюць прэміі. Штодзённа ідзе барацьба за пераходны чырвоны вымпел. Зараз ён у Яўгенія Лоўчага.

– У калгасе ўжо ўбрана 163 гектары зерневых. Намалочана каля 275 тон, – гаворыць брыгадзір трэцяй брыгады Антон Ліннік, які па графіку гаспадарыць на механізаваным таку. – Людзі працуюць у тры змены, і амаль усё зерне высушваецца за ноч. Раніцой ток зноў гатовы да прыёмкі збожжа.

 

КАЧАНЯТЫ З АНГЛII

    Другі месяц птушніцы Івянецкага дзяржаўнага племяннога птушказавода Зоя Квач, Яніна Сакалоўская і Альберт Лапо даглядаюць каля трох тысяч качанят, дастаўленых у нашу краіну з Англіі.

У новых умовах “навасёлы” добра развіваюцца, хутка прыбаўляюць у вазе (за пяць тыдняў прыбаўка склала тры кілаграмы).

У далейшым, – як расказаў дырэктар птушказавода С. К. Бельскі, – мяркуецца на месцы правесці інкубаванне качыных яек, атрымаць новае пагалоўе, за кошт якога расшырыцца пагалоўе высокапрадукцыйнай птушкі.

 

 УРАДЖАЙ-ВОЛАТ

    Добра ўрадзілі зерневыя на трэцім вытворчым участку саўгаса “Падбярэззе”, які ўзначальвае Зоя Макараўна Задора.

Кожны гектар дае ў сярэднім па 33,3 цэнтнера збожжа. Надзеі хлебаробаў апраўдаў ячмень гатунку “маскоўскі-121”. Сярэдняя ўраджайнасць яго з гектара складае 45 цэнтнераў. Нядрэнны ўраджай дае жыта гатунку “белта” – па 32,8 цэнтнера з гектара.

  

ЭКСПАРТ

У ПРЫМОРСКIЯ КРАIНЫ

    Значна павялічыў выпуск прадукцыі калектыў Івянецкага хімлесаўчастка.

Толькі за першае паўгоддзе для патрэб народнай гаспадаркі адпраўлены сотні тон смалы і жывіцы. Частка гэтай каштоўнай сыравіны пайшла на экспарт.

Англія, Швецыя – вось тыя далёкія маршруты, па якіх ужо чацвёрты год ідзе прадукцыя хімлесаўчастка. Хутка першая партыя яе будзе адпраўлена спажыўцам Югаславіі. Сыравіна прызначаецца для выкарыстання ў караблебудаванні.

 

 ХЛЕБАРОБАМ

ДАПАМАГЛI ГАРАДЖАНЕ

    У суботніку і нядзельніку, якія адбыліся ў саўгасах і калгасах раёна, працавала больш за тысячу гараджан. Яны дапамаглі хлебаробам убраць з палёў значную колькасць саломы, рыхтаваць сянаж, вялі церабленне льну, выконвалі работы на таках.

З самага ранку імчаліся ў калгас “Чырвоны сцяг” аўтамашыны з людзьмі. Ехалі шэфы з мінскага завода “Ударнік”, сувязісты і паліграфісты з райцэнтра і іншыя. Рабочыя і служачыя гарадскіх прадпрыемстваў і ўстаноў вырашылі прыняць удзел у суботніку і нядзельніку па аказанні дапамогі калгасу ва ўборцы ўраджаю.

Добра папрацавалі на церабленні льну работнікі раённага вузла сувязі. Разам з намеснікам начальніка вузла К. М. Зенька прыклад у працы паказалі работніца агенцтва “Саюз-друк” А. А. Косік, бухгалтары Н. А. Рындзевіч, Л. З. Грышчык, паштальён Я. Н. Матусевіч і многія іншыя. За два дні сувязісты выцерабілі больш за адзін гектар.

Няблага папрацавалі гараджане і на закладцы сенажу і іншых работах.

 

 ПРЭМII ДЛЯ ПРАВАФЛАНГОВЫХ

    У сацыялістычным спаборніцтве камбайнераў за другую пяцідзёнку пераможцам на жніве прызнаны камбайнер саўгаса “Праца” Іван Іванавіч Шкель, які ўбраў 45 гектараў збожжавых і намалаціў 88 тон зерня.

Яму прысуджаны пераходны вымпел, Ганаровая грамата і грашовая прэмія – 20 рублёў.

Грамата і другая прэмія – 15 рублёў – прысуджаны камбайнеру калгаса “Запаветы Ільіча” Генадзю Антонавічу Сакалоўскаму, які ўбраў за гэты час 44 гектары збожжавых і намалаціў 88 тон зерня.

Трэцяя прэмія – 10 рублёў – прысуджана камбайнеру калгаса “1 Мая” Станіславу Віктаравічу Рысніку, які ўбраў за пяцідзёнку 40 гектараў збожжавых і намалаціў 81 тону зерня.

 

 ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

    Работнікі Валожынскага масласырзавода ўзялі сацыялістычнае абавязацельства выпусціць 645 тон сыру за год. Ужо з упэўненасцю можна сказаць, што гадавое заданне будзе перавыканана. За 7 месяцаў выпушчана прадукцыі 387 тон. Лепшая змена цэха – Марыі Антонаўны Бубневіч.

    Адбыўся раённы сход кінафікатараў. На ім падведзены вынікі работы за мінулы месяц. У ліку лепшых адзначаны кінамеханік К. С. Кісель, З. І. Мікулевіч, М. А. Бубневіч, А. Я. Фамінскі. Кожны з іх перавыканаў месячны план.

    Па традыцыі ў перыяд уборкі ўраджаю ў калгасы і саўгасы раёна пачаў свой выезд агітпоезд “Валожынец”. У яго саставе – лектар райкама КПБ, урач, работнік КБА, канцэртная брыгада.

   У Валожынскім гарадскім Савеце дэпутатаў працоўных прапіску жыцця атрымалі новыя абрады. У суботу месцам урачыстасці быў раённы Дом культуры. Тут праходзіла рэгістрацыя трох маладых пар. Пасведчанне аб шлюбе атрымалі Валянціна Ціханоўская і Баляслаў Матус, Софія Шэўчык і Леанід Трубачоў, Ала Талпекіна і Валерый Чарданцаў.

    Творчае сяброўства завязалася паміж калектывам народнага тэатра Маладзечанскага мэблевага аб’яднання і хлебаробам калгаса “17 верасня”. часта самадзейныя артысты паказваюць сваё майстэрства на калгаснай сцэне. Днямі яны паставілі тут трагікамедыю А. Макаёнка “Трыбунал”.

Па словах агранома калгаса імя Куйбышава Ірыны Іосіфаўны Шыманскай, сярэдняя ўраджайнасць жыта ў гаспадарцы – 19,2 цэнтнера супраць мінулагодняга – 15,3 цэнтнера. Ураджай сабралі ўжо са 175 гектараў – гэта значыць, каля 20 працэнтаў засеянай плошчы. Выкананы план хлебаздачы дзяржаве.

Сорак восем камсамольска-маладзёжных экіпажаў працуюць у раёне на ўборцы ўраджаю першага года новай пяцігодкі. Ударна працуюць на жніве пераможцы мінулагодніх спаборніцтваў камсамольска-маладзёжных экіпажаў, якія ўзначальваюць Пётр Гурскі з саўгаса “Падбярэззе”, Міхаіл Станкевіч з калгаса “Краіна Саветаў”.

У калгасе імя Суворава падведзены вынікі сацыялістычнага спаборніцтва камбайнераў на ўборцы хлеба за першую пяцідзёнку. Найлепшых паказчыкаў на жніве дабіўся камбайнер Іван Іода. Ён намалаціў сорак сем тон зерня.

У раёне створана 18 калектываў паляўнічых. З дапамогай грамадскасці паляўнічыя праводзяць вялікую работу па нарыхтоўцы кармоў для дзікіх жывёл. У Сакаўшчынскім калектыве, напрыклад, летась было пасаджана 1,62 гектара бульбы для падкормкі дзікіх кабаноў, а таксама нарыхтавана 1650 кілаграмаў бульбы, паўтары тоны адходаў ад зерня, 160 кілаграмаў сена і 250 кілаграмаў саланцу.

 

 ПРЫГАТАВАЎ 7 ТОН ГРЫБОЎ

    Дырэктар нарыхтоўчай канторы райспажыўсаюза В. Мардвінаў паведамляе ў рэдакцыю газеты:

“Хутка пачнецца масавая нарыхтоўка грыбоў. У раёне будуць працаваць 22 прыёмныя пункты. Калі летась было нарыхтавана 60 тон грыбоў, то сёлета мяркуецца назапасіць 80 тон.

Дары валожынскіх лясоў ахвотна купляюць жыхары рэспублікі і за яе межамі. Геаграфія спажыўцоў з кожным годам расшыраецца.

У нас выраслі сапраўдныя майстры сваёй справы. Грыбаварам не кожны можа быць. Тут, як кажуць, патрэбен асаблівы густ. І практыка. Шмат гадоў сябруе са сваёй грыбаварнай тэхнікай Іван Іванавіч Бібік з вёскі Пілюжына. Толькі за мінулае лета ён прыгатаваў 7 тон грыбоў.

Усе прыёмныя пункты забяспечаны неабходнай тарай і прыладамі”.

 

НАРАЎНЕ З ДАРОСЛЫМI

    Вучань 9-га класа Багданаўскай СШ А. Барадака даслаў у “Працоўную славу” ліст:

“Закончылася жніво ў саўгасе “Багданаўскі”. Добра папрацавалі хлебаробы, каб хутка і без страт убраць зерневыя. Ураджай атрымалі нядрэнны – больш як 22 цэнтнеры з гектара. Вучні Багданаўскай СШ аказалі дапамогу рабочым саўгаса.

Анатоль Лапанік, Сямён Асановіч, Валера Апочкін, Лёня Сівы дапамагалі загружаць машыны, якія адвозілі зерне на хлебапрыёмны пункт. Многія з нашых рабят – аматары тэхнікі, і ім знайшоўся занятак па душы. Так, Сяргей Альфер і Валера Аксёнаў ужо не першы год працавалі ў брыгадзе па рамонце камбайнаў. Некаторыя вучні звозілі салому з палёў”.

 

ВЕЧАР IНТЭРНАЦЫЯНАЛIСТАЎ

    Вестка аб тым, што ў Брылькоўскім сельскім клубе адбудзецца вечар сустрэчы з замежнымі студэнтамі, якія ў саставе будаўнічага атрада працуюць у калгасе “17 верасня”, хутка абляцела вёскі. У зале было мнагалюдна.

Пасля выступлення камісара студэнцкага будаўнічага атрада механіка-тэхналагічнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута С. Памецькі, слова атрымаў в’етнамец Ву Нам. Ён расказаў аб гераічнай барацьбе свайго народа супраць амерыканскіх імперыялістаў.

Апладысментамі ўзнагародзілі прысутныя выканаўцаў песні аб Леніне на в’етнамскай мове, а таксама беларускую народную песню “Касіў Ясь канюшыну”, якую выканалі суданец Юсеф Рахман і мексіканец Сардынес Рубен.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars