РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru

    На мінулым тыдні пачалася рэканструкцыя аўтадарогі М-6 Мінск-Гродна, якая праходзіць і па тэрыторыі нашага раёна. Дарогу расшыраць, абсталююць светлавымі інфармацыйнымі табло, узбочыны часткова абгародзяць сеткай, каб выключыць з’яўленне на трасе лясных звяроў.

Вядомы выпадкі, калі раней неаднаразова здараліся аварыі пры сутыкненні машын з ласямі, казулямі, пры гэтым часта цярпелі не толькі транспартныя сродкі, але гінулі людзі і звяры. Для рэканструкцыі адной з самых загружаных дарог рэспублікі прыцягнуты сродкі Сусветнага банка і кітайскія інвестыцыі.

Рэканструкцыі падлягаюць 154 кіламетры трасы – з 57-га па 211-ы кіламетр. На астатніх участках дарога адпавядае крытэрыям першай катэгорыі: мае дзве паласы ў адным кірунку. Акрамя расшырэння дарожнага палатна плануецца абсталяванне адпаведнай дарожнай інфраструктуры: пляцовак сэрвісу са стаянкамі для аўтамашын. Рэканструкцыя разлічана на два гады. Першымі прыступілі дарожнікі са спецыялізаваных арганізацый Віцебскай вобласці. З 15 жніўня заехалі дарожнікі з Барысава. Такая значная колькасць рабочых – гэта і запатрабаванне спальных месцаў, і аб’ектаў харчавання.  У сталовай грамхарчу ў Валожыне могуць з’явіцца канкурэнты.

 

Велапрабег “Здароўе, цвярозасць – кожнаму жыхару Беларусі” прайшоў 11 жніўня па тэрыторыі нашага раёна.

А стартавалі больш за 15 веласіпедыстаў, членаў грамадскага аб’яднання “Цвярозасць-аптымаліст”, 6 жніўня з Брэсцкай крэпасці-героя. Аналагічныя велапрабегі аматары здаровага ладу жыцця праводзяць па розных маршрутах больш за дваццаць гадоў, прапагандуючы сваю фізкультурна-аздараўленчую праграму па метадзе Шачко-Талкачова.

На плошчы нашага райцэнтра ўдзельнікаў прабегу віталі члены маладзёжных арганізацый на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовічам. Госці раздалі інфармацыйныя матэрыялы, лістоўкі.

 

10 маладых спецыялістаў папоўнілі ўстановы культуры нашага раёна, а ўсяго іх павінна было быць 16.

Адзін малады спецыяліст пойдзе служыць у армію, пяць будуць працягваць вучобу на дзённых аддзяленнях вышэйшых навучальных устаноў. Адна з іх наша зямлячка Анастасія Кулік, якая скончыла каледж мастацтваў імя Агінскага.

Самае значнае папаўненне – у калектывах дзіцячых школ мастацтваў, дзе будуць працаваць 5 выпускнікоў каледжаў мастацтваў імя Агінскага і імя Глінкі. Дзве выпускніцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў уліліся ў бібліятэчную сям’ю раёна, для трох маладых спецыялістаў першым рабочым месцам стануць клубныя ўстановы Валожыншчыны. Два маладыя спецыялісты – ураджэнцы нашага раёна.

 

    13 жніўня ў раёне прайшоў чарговы дзень скідак на непрадуктовыя тавары. За гэты дзень па раёне было рэалізавана тавараў на суму 20 тысяч (200 млн недэнамінаваных рублёў).

18-20 жніўня праводзіцца продаж з 15-працэнтнай скідкай аддзення, абутку, дывановых вырабаў, парфумерна-касметычных тавараў і мэблі. З 25 па 27 жніўня ў магазінах спажывецкай кааперацыі аб’яўлены “Школьны бум” па продажы з 15-працэнтнай скідкай тавараў школьнага асартыменту, акрамя канцылярскіх і школьна-пісьмовых прылад. Яшчэ адзін дзень скідак чакае пакупнікоў 27 жніўня: яны аб’яўлены на ўсе непрадуктовыя тавары, акрамя цэменту і шкляных слоікаў.

 

16 чалавек бралі ўдзел у двухдзённым семінары для жадаючых быць гідамі па Налібоцкай пушчы, які ладзіла ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” на базе сядзібы “Бярозавы двор” у вёсцы Даўбені.

У большасці гэта былі гаспадары аграсядзіб з нашага і Стаўбцоўскага раёнаў: “Бацян”, “Марцінавана Гусь”, “За масточкам”, “Ігліца”, фермерскай гаспадаркі “Мядовая каралева”. Дарэчы, гаспадары сядзібы “Бацян” за час рэалізацыі праекта “Птушка-сімвал Валожынскага раёна” ўступілі ў члены дабрачыннай грамадскай арганізацыі.

Метадычныя парады, дзе, калі  і як праводзіць прыродныя экскурсіі, як правільна да іх падрыхтавацца і экіпіравацца, даў прысутным спецыяліст Максім Нямчынаў. Пра птушак, якіх часцей за ўсё можна ўбачыць і пачуць у горадзе і на прыродзе, расказала кіраўнік праекта Карына Салавей. Пасля тэарэтычнай часткі былі выезды ў Налібоцкую пушчу, дзе ўдалося з дапамогай бінокляў убачыць многіх прадстаўнікоў птушынага свету – канюка, белага бусла, чорнагаловую гаечку, аўсянку, іншых. Пабывалі ўдзельнікі семнара і на некаторых аграсядзібах.



Добавить комментарий