Яе заўсёды вабiла банкаўская справа

Официально

Новае месца працы – момант хвалюючы і адказны. Вельмі часта маладым спецыялістам складана асвоіцца, бо перад імі стаіць шмат важных задач: паглыбіцца ў сутнасць працоўнага працэсу, знайсці агульную мову з калектывам, паказаць сябе і сваё жаданне працаваць.

Але ж моладзь і адрозніваецца тым, што ўсё схоплівае хутка, «на ляту». Праз некаторы час пасля працы на новым месцы маладыя спецыялісты ўжо паспяваюць зарэкамендаваць сябе як прафесійныя, высокакваліфікаваныя працаўнікі. У ЦБП № 605 філіяла № 500-Мінскага ўпраўлення ААТ «АСБ Беларусбанк» так кажуць пра Надзею ТРАЦЦЯКОВУ, спецыяліста па аказанні банкаўскіх рознічных паслуг. У банку яна працуе з лістапада 2015 года ў аперацыйным аддзеле. Каля паўгода ёй спатрэбілася, каб заваяваць усеагульную любоў: як калектыву з начальствам, так і шматлікіх кліентаў.

Па адукацыі яна эканаміст, але заўсёды больш вабіла банкаўская справа. Сваю працу знаходзіць цікавай, бо дыяпазон яе абавязкаў разнастайны: аперацыі з плацяжамі, укладамі, кансультаванне па крэдытаванні і шмат іншага. Праца ў банкаўскай сферы мае пастаянны кантакт з грашовымі сродкамі, што надае дадатковую сур’ёзнасць і адказнасць прафесіі. Акрамя таго, на працягу ўсяго дня яна мае зносіны з кліентамі. Тут існуе важны псіхалагічны аспект, бо да кожнага трэба знайсці асаблівы падыход, даходліва растлумачыць тую ці іншую аперацыю. Вядома, часам бывае цяжка, але ўсведамленне таго, што ты займаешся любімай справай, карыснай для астатніх, надае ёй сілы і запалу. І калі цяпер Надзея Траццякова з’яўляецца адным з лепшых работнікаў банка, то на пачатку, як яна прызнаецца, вельмі хвалявалася. Хутчэй зразумець сістэму і разабрацца ва ўсіх нюансах працы маладому спецыялісту дапамог дружны калектыў.

Дзяўчына займае актыўную жыццёвую пазіцыю, а таму дапамагае «Беларусбанку» не толькі добрасумленнай працай у працоўны час, але і ва ўсіх выязных мерапрыемствах, турзлётах. Надзея – заўсёднік спартыўных спаборніцтваў і камандных гульняў. Разам з калектывам яна сумяшчае прыемнае з карысным: адстойвае гонар роднага банка і адпачывае на свежым паветры.

Прапрацаваўшы ў «Беларусбанку» каля года, яна можа ацаніць розныя бакі сваёй працы, вылучыць плюсы і мінусы. Але самае галоўнае, што за год нязменным засталася яе жывая цікавасць да прафесіі і імкненне ўдасканаліць любімую справу. Грандыёзных планаў адносна прафесіі яна пакуль не будуе, але хацела б паспрабаваць сябе і ў іншых аддзяленнях банка. Несумненна, што і там Надзея даб’ецца поспеху, бо любоў да справы і жаданне яе асвоіць могуць варочаць горы.

Ірына ПЕТЫШ,

студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ,

фота аўтара



Добавить комментарий