Размовы па мабільным тэлефоне на вуліцы – асабістае жыццё наросхрыст. Не хочаш слухаць іншых, а прыходзіцца. Перада мной ідзе мужчына гадоў сарака. Гучна размаўляе па мабільніку. Ні на каго не звяртае ўвагі. Няцяжка здагадацца, што яго сёння просяць прыехаць дапамагчы ў нейкай справе. Трэба ехаць прама цяпер. Але атрымаецца вырвацца толькі бліжэй да вечара…
У якасці аргументаў называюцца многія, а калі слоў не хапае, мужчына, не зважаючы ні каго, выкарыстоўвае нецэнзурныя словы. Кажа, што сёння яму абавязкова трэба заехаць яшчэ і да маці. І зноў з вуснаў злятаюць непрыстойнасці. З усяго сказанага прымальнай афарбоўкі толькі слова “блін”, ды і то яно ўжываецца не ў звыклым сэнсе.
Маналог вулічнай грубасці працягваецца. Рашучым крокам мяне абганяе хлопец, які па мабільніку дапытваецца ў сваёй жонкі: “Зайка, дзе ты схавала ключы ад машыны? Я сёння цвярозы і за руль садзіцца магу!!!”.
Слова “зайка” вымаўляецца так мякка і пяшчотна, што нават прахожаму міжволі хочацца ўсміхнуцца ад такой сямейнай ідыліі. Але па ходу мабільнага дыялогу няцяжка здагадацца, што жонка не верыць мужу і рассакрэчваць тайну, дзе схаваны ключ, усё ж не збіраецца. Напал размовы ўзрастае. Бачна, што ў мужчыны цярпенне на зыходзе, але ён тактыку не мяняе. Слова “зайка” гучыць па-ранейшаму, але ўжо з халодным металічным адценнем у голасе. А заканчваецца іх дыялог зноў жа ненарматыўнай лексікай. Паток брыдкіх слоў ператвараецца ў бурлівую раку. Тут міжволі пачынаеш зайздросціць “зайцы”, яна можа ўсяго гэтага і не слухаць: рашуча націснуць на кнопку мабільніка і адключыцца. А на вуліцы практычна не вырвацца з мабільнай сеткі грубасці…
Ірына ПАШКЕВІЧ.